Але ж і мы! Дакуль мы будзем
Над нашым Словам гвалт трываць?
Дакуль дадзім гнясці-трымаць
Душу крывіцкую ў астудзе?
Ці не пара, ці не пара
Паклікаць з кожнага двара
На Ўсекрывіцкі Сход пасла —
Тысячакроць каб узрасла
Сілішча нашай грамады,
Каб мову — сімвал нашай волі
Навекі вызваліць з бяды,
Каб аніхто ўжо і ніколі —
Ні хан, ні хам, ні сват, ні брат
Не смеў яе за горла браць!
А болей. Што ж там болей?..
Янка Купала
Калісь, гадоў таму ўжо трыццаць сем,
Паддаўшыся Сатыравай спакусе,
Я напісаў найшумную з паэм
У творчым летапісе Беларусі.
Паэме выпаў незвычайны лёс:
Як бомба, выбухнула неспадзеўна,
I гэны выбух у шматкі разнёс
Завалы афіцыйнага нудзення.
Яе чыталі нават тыя ўсе,
Хто не чытаў ніякіх вершаў зроду.
Жывое слова ў сіле і красе
Прыйшлося вельмі дадушы народу.
Дасюль паэту ўдзячны просты люд.
Але ж на тое мы і самі творцы,
Каб годнае імя ўкачаць у бруд.
А дзе ж дзявацца ад прыроднай корці?
I прычапілі дабрадзеі хвост
Да справы чыстай, яснай нават дзецям.
Такі хвасцішча, што і на пагост
За мной пацягнецца — і ўсё смярдзецьме.
Ну, што ж! Нам іншай долі Бог не даў.
Такія мы. Але й па ўздых апошні
Я цвердзіць буду, хто б ні спавядаў:
Усякі быў мой верш, але не пошлы.
Яго мне вера ўберагла мая.
Таму і ведаю, чыёю воляй
Я мушу ўсім вам дараваць. I я
Дарую вам. «А болей. Што ж там болей?..»
Сакавік — красавік 2008 г.
Што ты мучаеш, памяць, мяне —
Так бязлітасна, так неадчэпна?
Я тапіў цябе ў ярым віне —
Не ўтапіў. Хоць і піў невычэрпна.
Дні і ночы работай душыў
Дух і плоць — каб не даць табе волі,
Каб не ўзняўся з прадоння душы
Скрушны боль, што не знае патолі.
Толькі ўсё, што рабіў і раблю,
Каб на церні былога забыцца, —
Марны клопат. Люблю — не люблю,
Мне прысудаў тваіх не пазбыцца.
Кожны зрыў кожны крок за «сцяжкі»,
Кожны прыкры нязлосны правінак
Ты караеш, як грэх найцяжкі,
Як віну перад Маці-Краінай.
Што ж так мала вяртаеш ты мне
З перажытага сонечна-шчасна?
Светлячком уначы прамільгне
Згадка-радасць і тут жа пагасне.
I ты зноў чарнатой, гаркатой
Напаўняеш усе мае думы.
Шчырым хростам самой Прасвятой
Я малю: сунімі свае тлумы!
Дай мне светла з табою дажыць —
З тым усім, чалавечна-прыгожым,
Чым я ўсё-такі ўмеў даражыць —
Насупор цемрасілам варожым.