З прадоння мора, у якого гора,
Пчала глядзела на мяне балюча,
І быў яе пагляд, як соль, сыпучы,
Нібы мука, развеены на ветры, -
Бо я забыўся...
"Вяйнямёйнен! -
Я абняў пчалу-жанчыну, -
Даспявай яшчэ ў выспевах
Драбязу зусім малую,
Не Мядзведзіцу на вецці -
За пчалу яна не болей,
За адну з пчаліных ножак,
І ты горла не намучыш,
У дупле травой гаючай
Для пчалы заслаўшы ложак".
Верны вешчы Вяйнямёйнен
Так пачаў свае выспевы,
Што ў мяне, як соль, сыпучы
Стаў пагляд - мука на ветры...
"Лепей лапцем воду чэрпаць
На радзімай на старонцы,
Чым на дальняй на чужыне
Мёд - хоць чашай залатою.
З тым, што вольна не пяецца,
З тым, што здушваецца ў горле,
Жыць - як з ранаю пад сэрцам.
Я хадзіў па свеце з ранай.
Не пакінуў ні пясчынкі,
Што не змочана слязою,
Не пакінуў ні травінкі
Не залітае крывёю.
Ці ты за багатай доляй,
Ці за доляю-жанчынай -
Толькі на гадзючым полі
Знойдзеш долю на чужыне.
Векавечны Ільмарынен,
Каб араць такое поле,
Выкаваў са сталі боты,
Порткі з медзі ды кашулю
Адкаваў сабе з жалеза
І жалезныя пальчаткі...
Каб там зайца ўпаляваці,
Ён каваў ваўка з туману,
Каб там рыбіну злавіці,
Ён каваў арла з агніска.
Птушцы вогненнай праз горла,
Зверу дымнаму праз зяпу
І па лёдзе цераз бездань
Паўз змяінай агароджы
І паўз плоту з чарапамі
Па чужыне прабіраўся
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Каб глынуць з мядовай чашы
Жаб з гнілымі чарвякамі...
Хоць ядлоўцам стань пад елкай,
Хоць альхою над ракою,
Стань хоць ягадай, хоць рыбай,
Ці хоць воўкам, хоць мядзведзем -
А туга ў грудзях збалелых
Застанецца там тугою,
Як яе не выракайся...
...Вырас дуб.
Пчала, збірайся".
Залатая Кайса - ф-ф-ы-ы-р па Сонца
Ветрам у пабітае аконца,
Калі вырас дуб на Свят-гары...
Капялюш услед
прыўзняў Стары.
Верны вешчы Вяйнямёйнен выпеў
Дом і хутар...
Каб я з'еў і выпіў,
Наспяваў гарэлку і кансервы...
Выпіў я...
заплакаў...
мусіць, нервы...
Ой, жураўку, жураўку,
Чаго крычаш на ранку?..
Ой, як жа мне не крычаць? -
Трэба высака лятаць...
Ой, высока, высака
Ды ад дому далёка...
Упаў камень дый ляжыць -
На чужыне цяжка жыць...
Як прыдзецца захварэць -
Няма каму пажалець...
Як прыдзецца паміраць -
Няма каму пахаваць...
Кулікамі над балотам
Плачуць тут па мне і ў Крэве...
Не такі ўжо я гаротны!
Што вы ўсе, як падурэлі?
Я жывы - дык я здаровы,
А здаровы - дык багаты,
А багаты - дык шчаслівы,
А шчаслівы - дык крылаты, -
І магу я сам ускрыліць,
Паляцець да роднай хаты!..
"Не бывае, каб бяскрылы,
А лятаці можа.
Ды бывае, што нямілы,
А такі прыгожы.
І бывае, што крылаты,
А не трэба крылы.
І бывае, што багаты,
А такі нямілы..." -
Плача і спявае маці
Над калыскаю маёй...
...Я ўсё прыбраў, спарадкаваў у хаце
І паляцеў за залатой пчалой.
Пакуль ляцеў, вярэдзіла адно:
Што не зашкліў пабітае акно.
На дальняй старане
Мне наплывае ў сне
Дом з Дубам пад акном
За дымам-туманом...
А там, у тумане,
А там, у тым акне,
А там няма мяне
На роднай старане...
Там босыя сляды,
Там неба ў галубах,
Там ад жывой вады
Так горка на губах...
Там жытам узыйшлі
І запляліся ў лёс
Спеў сцішанай зямлі,
Гнеў зрушаных нябёс...
Мне птушкай з выраю
Да Дому прылятаць
І абдымаць зямлю,
І неба цалаваць...
А як таму не быць -
Дык хоць бы сном праплыць,
Хоць дымам-туманом
Над Дубам пад акном...
З дальняй стараны да Дому
Сам гукаюся самому,
Тому Дому, Дубу тому -
І плывуць, як сны,
З дальняй стараны дадому
З дальняй стараны дадому
З дальняй стараны дадому
Дым ды туманы...
Ч а с т к а д р у г а я
Святгор'е
Дуб там стаяў, дзе ўпаў... Была бяда -
І адбыла... І я над Свят-гарою
Развеяўся, пасеяўся травою,
І трэскамі раскінуўся, карою,
І да зямлі - і ў ёй зямной крывёю -
Была бліжэй, чым я, адна вада.
Плылі аблокі, як акінуць вокам -
Ва ўсе бакі... Не знаючы дарог...
І нават з-пад гары да тых аблокаў
Бліжэй, чым я, быў, можа, толькі Бог.
Читать дальше