Знаю: дракона чапляю дарма.
Тут параўнанняў ніякіх няма,
Нават міфічных.
У шапіто
Месца дракону, каб ён не лайдачыў.
Чулі,
казалі вы слова
н і ш т о?
Я гэта слова бачыў.
Гэта - як Бога няма.
За яго
Цэзій.
Плутоній.
Стронцый.
I ні для чаго,
I ні для каго
Сонца.
Зона -
як страта цяжарная Стратай.
Просяцца хаты: хоць клямку пакратай!
Самі - пад ногі - сцежкі - як змеі!..
Той, хто праз гэта стане вар'ятам, -
Паразумнее.
Чыстая смерць.
Без ніякіх прыкмет.
Пуста.
Чарнобылем пахне Сусвет.
Голым адчаем карэнне набракла.
Путамі спрута,
клюшнямі рака
Бераг падмыты - за горла
раку!..
Воблака выплыла з-за лазняку,
Залапатала, закаркала.
Тегга inkognita. Сноў мацярык?..
Страх мой паводзіў сябе, як прывык:
Гнаў мурашоў па скуры!..
Збіліся ў воблака, збегліся ў крык
Гусі, вароны, куры.
Воблака пырхала берага ўздоўж -
Прыпяцкай хвалі
пылам і пенай...
А на яго нацэльваўся дождж
3 хмары, падобнай на пеўня.
Нават не помніцца сон мне, які
Гэтакай яве - вартая пара:
Апаражніўшы семяннікі,
Закукарэкала хмара!
Неба
крыж-накрыж
той крык перакрэсліў
I паляцела, пабегла Палессе
За небасхіл...
Птушкі намоклымі крыламі трэслі.
Семя атрутнае прагнула крыл.
Спела атрута. Бралася ў рост.
Бог прымяраў рэспіратар і робу.
Чорнай вясёлкай вісеў тэлемост
ХІРАСІМА - ЧАРНОБЫЛЬ.
Месяц гуляў, як індык па двары.
Ён прымяраўся ў новую квадру.
Дыктары
Папраўлялі гальштукі ў кадры.
Кожны хацеў выглядаць. Твар у твар
Тайнае з яўным сышліся. Ахвяр
Як не было. Баранілі навуку.
"Чор... Чыр... Чар..." -
Гук прымяраўся да гуку.
На паляшуцкі кульгала акцэнт
Слова, што ў сімвал перарастала.
Шмат гаварылася. Чулася мала.
Для прэзідэнта вяшчаў прэзідэнт,
I генерал - для генерала.
Шчыльна зачынены, як пенал,
Марай дзяржаўнай пра прэмію Нобеля,
Сніў акадэмік
футбольны фінал,
Дзе не заяўлена Зборнай Чарнобыля.
I думаў Гасподзь:
"Зразумець не магу,
Разумеючы іншае,
Чаму
адны паэты ў даўгу
Перад японскімі вішнямі?"
Лёгшы на воблаку, як лацвей,
Блытаў ён,
рваў чалавечыя сцежкі...
...эвакуацыя.
...паніка.
...спешка.
На адзінаццаць вагонаў дзяцей -
хоць бы адна ўсмешка.
Торгнуўся час.
Паплылі за вагонамі
Зоннага шляху слупы верставыя...
Вочы дарослыя -
поўныя зонаю.
Вочы дзіцячыя -
зонай пустыя.
Нават не мроіцца рай.
Дзеля ўсяго святога,
Божа, не дай нічога,-
Толькі зратуй мой край.
Мухаю назалю
Вуху твайму, Усявышні!
... Костачкай вішні
Выплюне космас Зямлю.
Кіне расстрыга строга
вокам
на ход падзей:
"Што гзта ты
да Бога?.."
- А да каго
з людзей:
"Жабрацкую торбу дай -
Душою не дай ажабіцца..."
Бадай бы ён быў, бадай
Было б каму жаліцца.
Зрэзалі Боскае вуха -
Жах да нябёс прырос.
...Наша змаганне з духам
Няўжо ўсур'ёз?
Шчыльней рады, атэісты!
Рады святых парадзелі.
На небе стэрыльна-чыста,
Аніякай надзеі.
Галактыка - як астрог.
Які там да д'ябла бог!
Пісанняў
гартай
тамы:
Бог будучых нашых дарог -
Атамны.
Я з ім пад Брагінам снедаю.
На ўсю акругу нас
Трое.
Ён бог, бо ніхто не ведае,
Што ён такое;
Бо да нашага з ім стала
Па бязлюдным гасцінцы
Паляшучка старая прыйшла
I прынесла гасцінцы;
Бо не стала ў яе ні хаціны,
Ні вады сваёй, ні зямлі;
Бо прыйшла яна з вёскі былой
Сабалі,
А гасцінцы яе - пухліны:
Два пепіны,
Што яблыкамі былі.
Генетыкі не падманулі.
Пепін
пухлінамі
Дулю
Нам на сняданак склаў.
- Частуйцеся, - кажа бабуля, -
Чым бог паслаў.
На ёй сівізна, як завея.
А вочы яе збранзавелі:
Пагляд - з пустаты.
"Хто гэты пагляд зразумее?!"
Адказвае бог:
"Не ты".
Ён думкі мае чытае,
Ён знае, што мне прысніцца.
Ды нечага ён чакае
I некага ён баіцца,
Хоць голас яго - жалезны,
Пагляд ягоны - сталёвы,
Касцюмчык - замежны,
Гадзіннік - фірмовы...
...Хоць ён прада мной -
непазбежны,
А я перад ім - выпадковы.
Читать дальше