З берага другога
Свечкі свецяць,
Хоць, здаецца, спалены масты...
Як тады,
На цэлым белым свеце —
Двое:
Ты і я.
I я, і ты...
Як хочацца вярнуць усё назад:
I маладосць,
I салаўіны сад,
I закаханы позірк той дзяўчынкі,
Якую міма ветрам пранясло,
I неба без адзінай аблачынкі,
I на ружовай завадзі вясло.'
Але ад пылу пацямнелі далі.
Сад высеклі.
Сцяжынкі затапталі.
Прайшлі дажджы шырокай паласой.
I юны рыцар
Тонкую дзяўчынку,
Сустрэўшы на аўтобусным прыпынку,
Ад скразняку хавае пад крысо.
I мкне маторка па рацэ імкліва...
I гэта ўсё, вядома, справядліва.
I сумна гэта.
Вельмі сумна ўсё...
Не глядзі мне ўслед,
Нібы старому.
На расстанне не махай рукой.
Яшчэ доўга нашаму парому
Плысці віратліваю ракой.
Ты яшчэ не раз
Зязюляй шэрай
Будзеш перагуквацца са мной.
Будзе ціха набліжацца бераг
З адзінокай гонкаю сасной.
Будуць над высокімі слупамі
Пралятаць вясновыя шпакі.
Будзе нестарэючая памяць
Узірацца ў заўтра з-пад рукі...
Помню я завеі і дажджы ўсе
I цябе з рамонкавым вянком.
Хоць і да сівых валос дажыўся,
А ў душы застаўся юнаком.
Чаму павінен плакаць чалавек,
Калі ён хоча весела смяяцца,
Калі яму ўсяго гадоў семнаццаць
I таямніца свеціць з-пад павек?
За што яму бязладнае жыццё
Суровыя сюрпрызы падкідае,
Калі яго сяброўка маладая
Нясе ў сабе ягонае дзіцё?
Навошта ён даверліва пачаў
Начную споведзь з вопытным суседам,
Калі пасля прыйшлі за ёю следам,
I здрада,
I знявага,
I адчай?
Чаму такі непрымірымы век
I помніць крыўду горкую старую
I ўсіх памылак даўніх не даруе?..
Чаму павінен плакаць чалавек?!
Я прайшоў вясновыя дарогі
I сухі асенні лістабой.
Быў я незгаворлівы і строгі
Да сустрэчы жнівеньскай з табой.
Ад спакус хаваўся
I злаваўся,
I лічыў зямлю такой-сякой.
Мне тады здавалася трава ўся
Шорсткаю калючай асакой.
А цяпер з табой мы навасёлы
Пад страхою райскаю святой.
Стаў я паслухмяны і вясёлы
Пад тваёй бязлітаснай пятой.
Галава адной табой занята.
У вачах — гусцее сінява.
I на ўсіх палянах —
Рута-мята,
Мяккая, шаўковая трава.
Плыве ў тумане вечар разамлелы.
I ў духаце чаромхавых завей
Шчыруе
Асмялелы,
Ахмялелы,
Бяссонны,
Утрапёны
Салавей.
Сок, сок, сок
Цёк,
Цёк,
Цёк —
Цур-р-р,
Цур-р-р,
Цур-р-р.
Ці-мох, Ці-мох
Піў, пі-іў,'піў.
У цяньку-у,
У цяньку-у-у
Аўдоц-цю, Аўдоц-цю
Цмок,
Цмок,
Цмок
I ўцёк.
Маленькі птах уздрыгвае ад ветру,
Падскоквае,
Нібыта на агні,
На цэлы свет вясковыя сакрэты
Апавяшчае ў гулкай цішыні.
I покуль ён у гордай адзіноце
Раскідвае сярэбраны гарох,
Заснуць не можа сумная Аўдоцця
I курыць аж да раніцы Цімох.
Свеча горела на столе,
Свеча горела...
Барыс Пастэрнак
На ўсёй зямлі спыніўся час.
I ў гэтым часе
Ты засталася ля пляча,
Ты засталася.
I месяц
Стомленым ваўком
Схаваўся нанач.
Шумела Нарач за акном,
Шумела Нарач.
Каб зоркі бліскалі ў акне,
Мы не хацелі.
Трымцелі цені на сцяне,
Трымцелі цені.
Нам сну не даў вясновы час —
Вясёлы скнара.
I вечнасць цэлую для нас
Шумела Нарач...
Я сябе старым не адчуваю,
Хоць прайшлі юначыя гады.
Прылятаюць з маладога маю
Салаўі ў асеннія сады.
Разарву тугую павуцінку
I, цяпло даверыўшы плашчу,
З-пад крыса азяблую дзяўчынку
Я ў халодны свет не адпушчу.
Цепліцца яшчэ вясна былая —
Тонкая і кволая свяча.
Хай яна спакойна дагарае
Ля майго пахілага пляча.
Ну а што на скронях стыне іней —
Гэта хітры восеньскі падман.
Проста пазаблытваўся ў чупрыне
Дым кастроў і ранішні туман.
Помніш,
Ты даверыла
Мне ключы,
Адчыніла дзверы
Уначы,
Не дала і трохі
Ачуняць,
Бо цябе палохала
Цішыня,
Што шапоча голлем
Ля акна,
Ходзіць завуголлем
Да відна?
Читать дальше