Гісторыя,
Разумніца сівая,
Сваім дыханнем чыстым
На ляту
Ад ісціны
Рашуча адсявае
Бяздарную, базарную лухту.
Яе шырокай нівы не заселе
Ні хітрасць,
Ні прыгожая мана.
Спакойнаю рукою
Пустазелле
Бязлітасна выполвае яна.
Не ўзяць яе ні ласкай, ні аблогай,
Хоць пагражай,
Прасі
Ці скавычы.
Ад будучага дня
I ад былога
Адна яна захоўвае ключы.
Ніякаю абгорткай адмысловай
Не ўсунеш ёй траянскія дары.
За ўсе вякі,
За ўсе перабудовы
Яшчэ ніхто яе не абдурыў.
Не набівайся ж да яе ў сваяцтва,
Не дуй старанна ў гулкую дуду,
А ўсю сваю завершаную працу
Аддай яе сумленнаму суду...
Тэхнічнага прагрэсу дзеці,
Ці вінаваты ў чым яны,
Што раз'язджаюцца па свеце
Твае,
Мой родны край,
Сыны?
Заве духоўная патрэба,
У працы хочуць бачыць толк
Ці проста мець кавалак хлеба
І дэмакратыі глыток?
Цяжкой пакутай адлучэння
Перапаўняюць цягнікі
Твае сыны па нараджэнні,
Чужых краін працаўнікі.
Дзяцінства
Казкай незабытай
Ім сніцца будзе за мяжой
Каля чужога дабрабыту,
Ля светлай радасці чужой.
Ці ўдасца ім
З нявестай гладкай
Прайсці бязбедна па жыцці
I да заморскага парадку
Душой самотнай прырасці?
Ці вечна
З думаю аб хлебе
На лёс свой скардзіцца ў журбе?..
... А каб вярнуліся,
Дык лепей
Было б для іх
I для цябе.
Ну што, Беларусь, у цябе за сыны? —
Хто быў паштаром,
Плугаром
Ці падпаскам,
Як толькі праб'ецца хоць трохі ў чыны,
Забыць цябе лічыць сваім абавязкам.
Ад хлева вясковага вернуць лычы,
Хоць бацькава сала ядуць як зазвычай
I матчыну мову гатовы лічыць
I "беднай",
I "хамскай"
I проста "мужычай".
Не лезе у вушы ім даўні назоў,
Псуецца настрой ад бабуліных строяў.
Зусім ім не трэба
Ні нашых князёў,
Ні нашых прарокаў,
Ні нашых герояў.
Хоць ты з іх і крыжык нацельны здымі,
Ніхто перад крыўдай тваёй не заплача...
Ну што тут паробіш —
У кожнай сям'і
I з сынам часамі бывае няўдача.
Ну што ж,
Калі нехта гатоў і чалму
Надзець,
Каб на месцы сваім утрымацца,
Адно толькі сэрца сціскае:
Чаму,
Чаму іх так многа ў цябе,
Мая Маці?..
Нехта кажа:
— Так жывём.
Нехта кажа:
— Так жуём.
Нехта кажа :
— Дажываем
I ваюем з гадаўём.
Нехта кажа:
— Гэта здзек.
Нехта кажа:
— Гэткі век.
Нехта кажа:
— Не патрэбен
Чалавеку чалавек.
Нехта
Лёс свой пракляне.
Нехта
Слёзы праглыне.
Нехта ў горы і бяссіллі
Сум патопіць у віне.
I ні зблізку,
Ні здалі
Не памогуць каралі...
Да чаго ж мы з вамі,
Людзі,
Край свой родны
Давялі!
Той,
Хто іншаму яму капае,
Хай спытаецца ў лёсу свайго,
Ці не кіне воля сляпая
У сьшучы пясок і яго?
Ці не скоціцца ён з касагору
На халоднае мулкае дно,
Каб пасля доўга грэбсціся ўТору,
Дзе вячэрняе неба відно?
А з-за хмар будзе месяц смяяцца,
Як у ямы той бераг высок.
I ўвесь час праз бяссільныя пальцы
Будзе сыпацца жоўты пясок.
Ты, помніш, мне казаў:
— Няможна жыць,
Зусім няможна жыць без Беларусі...
Ідуць гады,
Імклівы час бяжыць.
А ты далёка.
I няскора, мусіць,
Заморскія закончыш ваяжы.
Не веру я,
Што выгада адна
Цябе з чужых краёў не адпускае,
Што дабрабыту сыты сатана
Цябе аплёў злараднасцю,
Якая
Між намі вырастае,
Як сцяна.
Відаць,
Старая тайная віна
Табе душу збалелую сціскае.
Ды Бог табе суддзя.
Каля акна
Стаіць матуля сумная, сівая
I ўсё цябе чакае да відна.
А я ў бяды народнай на мяжы
З усімі тут і плачу, і смяюся,
Бо праўду ты казаў:
— Няможна жыць,
Зусім няможна жыць без Беларусі.
Выцерпеў край наш
Паводкі,
Пажары,
Навалы,
Выдраўся трудна з балота пагарды і зла,
Толькі каб родная мова жыла і спявала
I для душы бсларускай святою
скарбонкай была.
I ўжо здавалася:
Сонца заззяла ў аконцы,
Прашчураў ціхі наказ даляцеў да прысад
I па-дзяржаўнаму годна
Па ўсёй ачунялай старонцы
Роднае слова займае законны пасад.
Читать дальше