Не за сябе душа мая баліць,
Бо я пражыў на гэтым свеце трохі
I мне не страшна за сабой паліць
Падгнілыя масты маёй эпохі.
Няхай гараць у праведным агні
I атухаюць у кастрах гарачых
Няўдачамі закрэсленыя дні
I тоненькія свечкі сноў юначых.
Не ўсё мы так зрабілі,
Як маглі.
Ішлі,
Кульгаючы на кожным кроку.
Але і нашых думак вугалі
Здалёк свяціліся ў халодным змроку.
Наш родны край для нас не быў чужым.
Сваё мы адпакутвалі —
I баста!
А дзеці?
Ну няўжо на плечы ім
Абрынем мы дзяржаўнае нядбальства?
Няўжо прапусцім і ў наступны век
З чужацкай незруйнованай засады
I цемрашальства ашалелы здзек,
I чорную атруту подлай здрады?
Сярод глухіх асушаных імшар
Ці знойдзе ўнук таварыша і брата?..
Таму вось і баліць мая душа
I на дзяцей гляджу я вінавата.
Што ад нас застанецца —
Ці песня,
Ці хата,
Ці дрэва,
Ці зямля,
Што навекі
Ва ўсіх нас адна?
Хто рукой нам махне —
Папялушка
Або каралева?
Хто ўсіх нас адпяе —
Завіруха,
Залева,
Вайна?
Мы, здаецца,
Ніколі
Ні бацькам, ні сабе
Не хлусілі.
Як умелі,
Рабілі.
Жылі,
Як маглі.
Надаралася,
Плакалі моўчкі ў бяссіллі.
Зубы сцяўшы,
Паўзлі
Па крывёй набрынялай зямлі.
Так,
Не ўсё мы паспелі,
Не ўсё завяршылі.
Не збудзілі ад сну
Наш знямелы, збалелы народ.
Прайдзісветы
Залезлі на нашы вышыні,
Ілгуны-недавучкі
Нам заціснулі рот.
Перад небам і вечнасцю
Мы вінаваты.
Ды пры нас
I без нас
I цяпер,
I пасля
Застануцца жывымі
Песні,
Дрэвы
I хаты,
Нашы дзеці і ўнукі,
Наша маці-зямля...
Значыць, мы на зямлі
Недарэмна жылі...
Нехта — з пекла,
А нехта — з раю
Голас мне сябры падаюць.
Вельмі рана сябры паміраюць.
А вось ворагі
Доўга жывуць,
Абмінаюць судовую лаву
I шалеюць ад п'яных піроў,
I крадуць
Пасмяротную славу
У маіх нешчаслівых сяброў.
Смерць і праўда —
Бяздушна-сляпая,
Калі ўсіх іх раўняе ў цане.
А сяброў маіх так не хапае
I зямлі беларускай,
I мне.
Я крыві не хачу,
Вы паверце,
I граху не вазьму на душу.
Не прашу я для ворагаў смерці —
Для сяброў даўгалецця прашу.
Чорнай навалаю коціцца зверху
Гвалт небывалы,
Раз'ятраны вэрхал.
У кіраўнічых суровых прамовах
Бэсціцца зноў беларуская мова:
Быццам бы наскія словы не здатны
Выказаць талент і розум выдатны.
Новай уладзе не пашанцавала —
Хоць да спадобы ёй бульба і сала,
I самазвалы,
I фермы,
I нівы,
Непераборлівы люд наш цярплівы,
Бор карабельны
I мёд верасовы, —
Косткаю ў горле —
Народная мова.
Колькі цкавалі яе і глумілі,
А не складае падбітае крылле,
А ўсё' жыве і ніяк не канае —
Песня азёрная,
Казка лясная.
Перажыла наша родная мова
I Бенкендорфа, і Мураўёва,
Панскія здзекі,
Чэкісцкія чысткі,
Рогат імперскі,
Вырак фашысцкі...
Тых,
Што з трасянкаю ў галаве,
Перажыве!..
Ах, як хочацца весялосці!
Ах, як хочацца дабрыні!
А жыццё' дабаўляе злосці,
Колькі ты яе ні кляні.
Ты шукаеш адданасць і радасць,
Да расчыненых вокнаў бяжыш,
А адтуль лезуць зайздрасць і здрада,
Як з балота вясною вужы.
Калі ў бойцы і спрэчцы суровай
Давяраюць пятлі і нажу,
Я ўжо верыць баюся на слова
I на дзверы са страхам гляджу.
Могуць лёгка ў мяне за спіною
I мяне прадаць за пятак...
Значыць, нешта не тое са мною,
Нешта ў свеце нашым не так...
Верыць лестачкам хітрым
І подлай хлусні,
I дурному нязбытнаму цуду,
Хоць вяроўку на шыі маёй захлісні,
Не магу,
Не хачу
I не буду.
Мірна слухаць абвалы напышлівых слоў
І старога тупога прыблуду,
Хоць абвешай мяне серабром медалёў,
Не магу,
Не хачу
I не буду.
Прызнаваць верхавенства чыноўнай гайні
I цану палітычнага хлуду,
Хоць на плошчы галоўнай мяне разапні,
Не магу,
Не хачу
I не буду.
А служыць занядбанай сваёй старане
I цярпліваму роднаму люду,
Хоць яны і не ўепомняць пасля пра мяпе,
Як змагу,
I хачу я
I буду.
Читать дальше