...Зорным агнём валодаем.
Намі валодаюць сны.
Што высніў ты, род чалавечы?
Агонь распаліў у печы -
Жар выграбаеш з прыпечка
У высненай гэтай пустэчы
Пры беразе Прыпяці,
Дзе стала ніва зялёная
Палыноваю зонаю -
Спіць...
...Далёка ад зоны
галодных мільёны
Просяць есці і піць.
Я снедаю з богам зон.
Ён кажа: "Не я вінаваты.
Вялікіх лічбаў закон
Не ўлічвае дробныя страты".
Ён высніў сябе ўладаром
I думае за мяне...
...А ў зоне пасеены гром,
Што будучыню скалане.
Будучыні пара!
Нібы ў канцы свету клічнік,
Твая залатая гара
З кратэрам вулканічным.
Гукай у гары дабра -
Чакай пад гарой расплаты!..
Гасподзь, ты з чыйго рабра
Вырабіў тэхнакрата,
На лобе якога таблічка прыбіта:
Э л і т а?
Калі галасы - жалезныя,
Калі пагляды - сталёвыя,
Тады непазбежным
Становіцца выпадковае:
У акне
да галінкі сухога вазона
Паштоўка прышпілена:
З д н ё м н а р а д ж э н н я !
26.04.86 г.
…Нарадзілася Зона
Адчужэння.
"Мы такой і не чулі бяды...
Як адчужаюць?.. Чаму?..
Куды?..
Каб чума, ці патоп, ці голад..."
На ўсе кіламетры зямлі і вады
Толькі бабулін голас.
- Як сказалі ўжо, што радыяцыя,
Як вывозілі - плакалі многія,
Што не справілі радуніцу,
Не развіталіся з могілкамі.
З тым і пайшлі, што ўзялі пад паху.
Нашто чалавеку болей?..
Гэты голас - за межамі страху.
Гэты голас - за межамі болю.
"Мы чакалі ліха на лета -
Надта ж людзі злюцелі...
Нейкія, кажуць, каметы
Блізка зусім праляцелі".
Я бога бяру загрудкі: "Скажы,
Для гэтага краю
Ты свой Бог - ці бог чужы?!"
Ён кажа: "Не знаю.
Пакуль што зона лакальная..."
Каменным стаў твар ягоны -
I на ім праступілі
Малюнкі наскальныя
Зоны.
Атрутнай зямлі тэрыконы.
Нібы на дзяржаўнай граніцы,
Пасты -
і закрэслена зона
Зламанаю бліскавіцай...
...У Бога ўсяго многа -
Толькі прасіць дарма.
"Ты ёсць?" - я пытаю бога.
Бабуля кажа: "Нікога.
Нідзе і нічога няма".
9 касмічна
8 сігналіў
7 гадзіннік
6 фірмовы,
5 зваротны
4 адлічваў
3 час...
2... з вока Бога прамень ружовы
1 бліснуў тоненька - і пагас.
0
Над быстрыцай быцця
Кладкі
тоненькія да звону.
З аблачыны
на зону
Бог глядзіць, як дзіця.
1986 г.
У сферных люстрах плаўных небасхілаў
Абвалы зор і роўны рух снягоў
Пад поўняю, што вёслаў не згубіла
Над водамі, што выйшлі з берагоў.
Свет шырыцца да незанятых ніш
I пустату закідвае насеннем,
Што прарасце маланкамі
паміж
Самаз'яўленнем і самазнікненнем.
Бясконцае ствараецца бясконца -
То скручваецца ў ніць на верацёнца,
То рвецца на спіралі і кругі,
Як гэта высь халодная, нямая,
Як гэта плынь, што берагоў не мае
I шырыцца - шукае берагі.
Хто па чым маркоціцца ў журбе,
Да жніва дапесціўшы сяўбу.
Я сумую па самім сабе,
Па сваім жыцці спялю журбу.
I па ўсім, чым я не даражыў,
Што касіў, як ля дарог траву,
Я смуткую так, нібы не жыў,
Толькі бачыў сон, нібы жыву.
Гэты сон мне нанава не сніць.
Незабудкай ён засне са мной.
Я спакойны ўжо, калі шуміць
Несаснёны вецер за спіной.
Мне журбу дакошваць і сушыць,
Мне маркоту спелую збіраць.
Божа мой, якая стома - жыць
I да самай смерці паміраць.
Пакінуушы свята на свяце,
Я выйшаў, адчуўшы спіной,
Як лёгка адразу за мной
I весела сталася ў хаце.
Цямрэча гусцела ў падворку,
А з вокнаў імжэла святло -
Адгуль, дзе мяне не было,
Дзе кінуў я смех і гаворку.
I доўга на блізкіх і родных,
З якімі ў застоллі сядзеў,
Глядзеў я, глядзеў і глядзеў,
Прыпаўшы да шыбін халодных.
I плакаў амаль да відна.
На свяце жыццё сатанела:
Піло. Цалавалася. Ела.
I толькі жанчына адна
Адчула мой позірк сірочы,
Заўважыла цень у акне
I глянула так на мяне,
Так вочы ўтаропіла ў вочы,
Нібыта яна распазнала
Ці вылюдка, ці ведзьмака -
I ў жаху застыла рука,
Якой на мяне паказала.
Читать дальше