Шлях свой зблукала Айчына ў трох соснах,
Збегала шлях чаўнаком, нібы ў кроснах,
Кідаючы невідушчы народ
З пасткі на захадзе ў пастку на ўсход.
Можа, відушчымі стануць нашчадкі?
Шляху няма. Ні канца, ні пачатку.
Прывідам - у пустату з пустаты -
Рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі,
Непадкаваныя б'е капыты.
Усё, што коціцца,
Дакоціцца да нас...
Ля могілак якраз,
Дзе сны пра вечнасць сняць,
Ці спяць без сноў
З усімі
Караткевіч,
Куляшоў... -
Маўклівы мітынг.
З кожным, хто прыйшоў,
З'явіліся і сталі побач продкі...
Маўклівыя
стаялі цені родных,
Маўклівыя
стаялі цені блізкіх:
Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам.
Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых
Пад Грунвальдам. На Калыме "прышытых".
Бясследна зніклых. Хапам пахапаных.
Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных,
Ці ў Курапатах
скінутых у роў...
Ад плоці плоць
I ад крывінкі кроў -
Мы ведалі,
пра што маўчалі з імі.
Жывыя з мёртвымі.
I мёртвыя з жывымі.
I ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот,
З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.
Разбой. Вайна і зноў вайна.
Хапіла і крыві, і болю.
Усё было - чаго ўжо болей?
Скажы, у чым твая віна,
Адкрый, у чым віны прычына,
Мая самотная Айчына?
Ці сапраўды руіны ў Крэве -
Адзін дзірван, пясок пусты,
I праўда, што на Божым дрэве
Ад дзічкі прыжылася ты?
На магіле Скурата Малюты
Скрывянелыя гронкі калін -
Гэта птушак няма, гэта люты,
Гэта шлях не звярнуць з каляін.
Гэта іншага шляху не будзе,
Гэта люты - на захад і ўсход,
Гэта рэк зледзянелыя грудзі
Уздыхаюць, ламаючы лёд.
Гэта лютага стогаў і хрыпу
З набалелай зямлі не чутно,
Гэта ў мітрапаліта Філіпа
Твар збялелы, нібы палатно.
Гэта плачу і енку падробка
Пад малітвы, пад песні і смех...
Гэта кроў векавую таропка
Засыпае скалечаны снег.
Радок у Апакаліпсіс...
З карцін
Глядзяць святыя, што зруйнуюць Мекку.
Па камянях, адчуўшы небяспеку,
Бягуць звяры з пагібельных мясцін.
Сустрэчнымі шляхамі перад тым
Прабеглі людзі - прочкі род ад роду,
I, скалануўшы ў ярасці прыроду,
Пасеялі пустое на пустым:
Нянавісць на нянавісць,
Гнеў на гнеў,
На попел - попел
I на порах - порах...
Чакаючы малітвы і пакоры,
Чаму, Гасподзь, ахвяр ты захацеў?
Ты ў камені, ці ты ў агні, ці ў ветры -
Гасподзь, як ёсць ты, адгукніся хоць:
Тваёю воляй зрушыліся нетры,
Ці над табою воля ёсць, Гасподзь?
Точыць стачонае моль -
Хопіць трухі назапас.
Ператрываць - гэты боль.
Перамаўчаць - гэты час.
Вырваўшы пальцы з вузлоў
Локці не даць бы звязаць.
Некалі ж выпадзе зноў
Голасу голасам стаць.
Ну, а не выпадзе - што ж:
Зменаю знакаў і вех
Хай сабе цупае дождж,
Хай сабе шорхае снег.
Я не парушыў, хоць знаўся з віной,
Ні чалавечых, ні Боскіх законаў.
Чарнобыль дыхнуў за спіной
Вогненнай пашчай дракона.
Знаю: дракона чапляю дарма.
Тут параўнанняў ніякіх няма,
Нават міфічных.
У шапіто
Месца дракону, каб ён не лайдачыў.
Чулі,
казалі вы слова
н і ш т о?
Я гэта слова бачыў.
Гэта - як Бога няма.
За яго
Цэзій.
Плутоній.
Стронцый.
I ні для чаго,
I ні для каго
Сонца.
Зона -
як страта цяжарная Стратай.
Просяцца хаты: хоць клямку пакратай!
Самі - пад ногі - сцежкі - як змеі!..
Той, хто праз гэта стане вар'ятам, -
Паразумнее.
Чыстая смерць.
Без ніякіх прыкмет.
Пуста.
Чарнобылем пахне Сусвет.
Голым адчаем карэнне набракла.
Путамі спрута,
клюшнямі рака
Бераг падмыты - за горла
раку!..
Воблака выплыла з-за лазняку,
Залапатала, закаркала.
Тегга inkognita. Сноў мацярык?..
Страх мой паводзіў сябе, як прывык:
Гнаў мурашоў па скуры!..
Збіліся ў воблака, збегліся ў крык
Гусі, вароны, куры.
Читать дальше