Струменіцца па жылах халадок.
Сплывае час па стылых небасхілах.
Завершана. Дапісаны радок.
Плачу даўгі і плачу на магілах.
Ужо надзеі белы галубок
Мяне не ўздыме на самлелых крылах.
Завершана. Гасподзь глядзіць з аблок.
Плачу даўгі і плачу на магілах.
Лучыць і блытаць вусце і выток
Ракі быцця мне болей не па сілах.
Завершана. Я сеў на беражок.
Плачу даўгі і плачу на магілах.
Мне галасы гукаюцца здалёк -
I памяць на астылых небасхілах
То пырхае, нібыта матылёк,
То круціцца, нібы змяя на вілах.
Віноўнай быць душа
хіба павінна,
Не цямячы, у чым яе віна?
Ды звадамі змучоная да дна,
Нібы святкуе - так баліць яна.
Прыйшла пара спраўляць саракавіны.
На дно душы
не ў час і неўпапад
Кідаў я нерат, каб пазбыцца звад,
Але віна вірамі рвала нерат
I вінавата я глядзеў назад,
I вінавата пазіраў наперад.
Віна мне вочы рэзала, як шкло;
Не ўбачыўшы нічога, што 6 магло
Віну суняць, суцішыць, супакоіць,
Пазваў я тых, каго ўжо не было,
Да тых, хто будзе - у маё жытло,
I цені іх напоўнілі пакоі.
Раней я многіх пазнаваў са спін -
Цяпер і ў твар не пазнаваў нікога,
Было іх сорак. Сярод іх адзін,
Які сказаў: "Нядоўгая дарога
За стол памінак ад стала радзін".
Ён са стала на стол паставіў крупнік,
Хлеб пераклаў, зацепліў дзве свячы.
Спытаў: "Ну што глядзіш, як той пакутнік?
Твой папярэднік тут і твой наступнік.
Астатніх трыццаць восем не лічы".
Мы ў некага заўсёды за спіною -
I нехта ў нас заўсёды за спіной.
Мой папярэднік - цень, што стаўся мною.
Ён не памёр, жывы маёй віною,
Я не памру, жывы яго віной.
I мой наступнік - цень, што мною стане.
Так на зямлі, не знаючы расстання
З самім сабой, бясконца, з веку ў век,
Пазбыць віны і час спыніць не ў стане,
Жыве адзін і той жа чалавек.
Мяняючы імёны, маскі, твары,
Ён перажыў патопы і пажары,
Халеру,
воспу чорную,
чуму -
I ўсё жыве, і ўсё чакае кары...
Якой яшчэ? За што яна яму?
Каго спытаць?.. Няма ў каго спытацца.
Свет не назваць і ў свеце не назвацца,
Не знаць таго, што ведае дзіця,
Ці той, каму ў сладобу смак жыцця,
Хто час яго прыняў, як час вакацый.
Не мець таго, што ёсць у выпівох,
У тых гуляк, якія ўдвох і ўтрох,
I ўсаракох, як фэст, жыццё гуляюць,
Жывуць яго, жуюць і прапіваюць,
I не чакаюць, каб ім Бог памог.
У іх хаўрусе я 6 любіў любога,
Калі 6 не тыя, што паўсталі строга
I ценямі напоўнілі мой дом...
- Ты хто? - спытаўся я ў Саракавога.
- Я проста Голас, - ён сказаў. - Фантом.
Наперадзе і ззаду - цені, цені
З усіх бакоў - цямрэча і агонь.
I ўпаў перад агнём я на калені,
I ў цемры перакідваць стаў імгненні
Іскрынкамі
з далоні на далонь.
Іскрынку кінуў - першы крок зрабіў,
Спалохаўся: іду!.. I з перапуду
Успомніў тое, што даўно забыў:
Што ўсё адно мне, кім раней я быў,
I ўсё адно мне, кім я потым буду.
Хто зараз я,
цяпер,
у гэты міг? -
Вось што мяне і мучыла, і мучыць...
Каб сам сябе я ў гэты міг лятучы
Спасціг,
калі душа - мой зрок і слых -
Мяне з жыццём злучае неўміруча!
Каб сам сябе спазнаў:
на рубяжы,
На гэтым зломе часу - на мяжы,
Дзе слаў снапы, а змалаціў салому!..
Ды ўсім былым імгненням я чужы,
I ў іх - былых - чужы сабе самому.
I будучым імгненням я не свой.
Якая адзінота, Божа мой!
Якая адзінота, Божа мой,
Па лініі ідзе берагавой,
Кіруючыся зменлівым абрысам,
Спыняецца, стаіць пад кіпарысам
I кідае каменьчыкі ў прыбой.
Яна сябе адну аберагае
Адна,
а як наблізіцца другая,
Дык за вярсту другую абміне...
Каменьчык кіне - хваля набягае,
Каменьчык кіне - хваля адхлыне.
Віна на дне суціхла, адзыбела,
I не згадаць, з чаго душа збалела,-
Так... нешта мімалётнае... капрыз…
Аточаны ажурнай пенай бераг.
Гайдаецца на хвалі ветразь белы.
Хістаецца на ветры кіпарыс.
Усе адны. Хоць кожнага вяжы
Да кожнага. Вузлы не рвуцца самі,
А рэжуцца аб лёзы, аб нажы.
У адзіноце кожны ўсім чужы.
Мы звязаны хіба што галасамі.
Читать дальше