Па спіне мурашы, як на марозе,
I ліпкі пот па сківіцах цячэ.
Затармазілі...
Коламі амаль
Над прорваю павіслі...
— Чорт не злапіў!
Не падвялі баранка і педаль,
Зноў Лёшка выйграў на сваім этапе...
У Залацінцы будзем — справім баль.
...«Магірус» стукнуў дзверцамі.
Салдат
Ускочыў цяжка МАЗу на падножку,
Пацёр павекі: «Вецер вось, а мошкі...»
Руку паціснуў Лёшку:
— Дзякуй, брат...
— Няма за што,—
яму ўсміхнуўся Лёшка.
Маналог брыгадзіра Сомава
...Граніт за годам год
Мы грызлі і люцелі,
Бо не з дыетработ
Работа
біць тунелі.
Звычайна:
Праца — бой...
Ды ў гэтым ёсць знаменне,
Калі па-над табой
На паўвярсты
каменне.
I з гэтай паўвярсты
(Схавацца ледзь паспееш)
Так вухкаюць пласты —
У шлунках ледзянее.
Вядома, век машын.
Але машыну тую
Вазьмі, паварушы —
Хрыбет залямантуе.
Уявіш: кружыць птах,
Дажджы на сопках плачуць...
Хай плацяць не за страх —
За нешта ж грошы плацяць.
Тунель — канца няма.
Ён сапраўды бясконцы.
Не ўспамінай — дарма! —
Калі ты бачыў сонца.
I за вярстой вярсту
(На лёс не наракаю)
Ідзеш у пустату,
Да тупіка, да краю.
Таму — не навіна,—
Каб не было так пуста,
Прыдумана здаўна
Тунелі біць
насустрач.
Падземнаю хадой
Шыбуй да чалавека —
I справішся з бядой,
Не трэба іншых лекаў.
Вось так...
Пішы, пішы...
Скажу табе адкрыта:
Тунелі для душы
Яшчэ не ўсім прабіты.
Яшчэ нямала, брат,
Такога ёсць народу:
Ад галавы да пят
Скалістая парода.
Скрозь іх тунелі біць —
Работа на галеры:
Усё ў табе баліць,
А ім
ані халеры.
I вось, калі рване
Скалу такую вершык,
Душу ў яе ўдыхне —
Тады ты наш.
Тунельшчык.
Цяпер пішы: арцель
Жыве. Працуе ў згодзе.
Б'ём на святло тунель —
I да святла выходзім.
Хай словы як з газет.
Ты не зважай на словы.
Спрабуй, калі паэт,
Пашыць для іх абновы.
Не выйдзе — зноў пачні,
Бяду перабядуем;
Ды памятай: хлусні
Ніколі не даруем.
Майстры папрацаваць —
Пранырлівых і жвавых
Майстроў рапартаваць
Не вельмі паважаюць.
Іх справа — тлум і крык:
Ура! Датэрмінова!..
А ты пускай цягнік,
Калі тунель гатовы.
Тады і будзеш мець
Ты права як рабочы
Без сораму глядзець
Свайму сумленню ў вочы.
Маё, паэце, слова
Пацвердзіць і арцель.
Падпісваюся:
Сомаў.
Нагорнае.
Тунель .
На паўнеба світанак ясніцца.
Промні —
выраем з рукава.
Вёска Красніца. Вёска Красніца.
Сцюжай спаленая трава.
Выйшла так, што ў бацькоўскім краі
Пуцявіна нас
Не звяла.
Ведаў толькі:
Была такая.
Сёння ўбачыў, якой была.
Скаланула душу, як выбухам.
Вёска Красніца,
Адбалі!
Ты згарэла ў раёне Быхава,
Галавешкі —
па ўсёй зямлі.
...Прыбіральшчыца
Ганна Свірыдаўна
Плача —
Голасу не чуваць.
Спіць гісторыя ў футры выдравай,
Спіць,
як з кніжкі старонку выдрала,
Каб мінулае не чытаць.
Памяць сцежана белымі ніткамі,
Але ўслухайся —
I замры:
Называюць сябе
н е д а б і т к а м і
Вёскі Красніцы жыхары.
...Як спалілі немцы людзей і вёску, сабраліся мы, недабіткі, у лесе. Хто й цэлы, а больш пакалечаныя. Я мужыка свайго на плячах цягнула. Ён зваліўся у снег, а я ўсё паўзу, усё мне цяжка, Толькі калі людзі спыталіся: «Аня, ты чаго паўзеш?» — усхапілася. Божухна, а дзе ж я падзела яго?.. За паўвярсты знайшла, ён ужо і качанець пачаў. Кажа: «Магла б не вяртацца, усё адно памру». Крыві вельмі многа з яго вылілася. Пакалечаным, ведаеце, трэба, каб цёпла бы- ло, каб есці добра. А тут холадна — і есці няма чаго. Адну кару з дрэў. Мужык мой, яшчэ жыў трохі, просіць: «Схадзі ты на дарогу, можа, яблыкаў конскіх назбіраеш». Дык са мной шмат хто пайшоў, і пасля хадзілі. Набярэш гэтых яблыкаў мёрзлых, сядзеш ля кастра і трэш іх, трэш, трэш... Колькі каліў аўса знойдзеш, калі аўсом каня кармілі,— і лускаеш, як семкі. Ой, усё ў мяне ў вушах голас мужыка стаіць пра гэтыя яблыкі: «Не магу болып адной карою... Конскіх яблыкаў пашукай...»
Горны плач прашыў шаравою
Бліскавіцаю Дашука [3] Кінарэжысёр В. Дашук перад паездкай на БАМ здымаў пра Красніцу дакументальны фільм.
.
Як там, Віця, кіно здымаюць?
Не работа, відаць, а страх.
Не вытрымліваюць, згараюць
Стужкі ў чорных пражэктарах.
Кіламетрамі смерць накручана,
На паўпальца
не адкруціць.
I не мёртвым — жывым балюча.
Мёртвым — сказана —
Не баліць.
Читать дальше