Берка зорку крануў асцярожна,
Пыхнуў люлькай:
«Кажы далей...»
«Неба зорнае вельмі прыгожае.
А зямля прыгажэй.
Даражэй яна сэрцу, ворная,
Трактарамі і танкамі змораная.
Дрэмле хлеб і жыццё ў раллі...
I шляхі нашы, трасы зорныя,
Па зямлі ідуць, па зямлі.
Вінаваты хіба араты,
Што пад плугам баліць яна?..»
Зноў якут ціха зорку пакратаў,
Пыхнуў люлькай:
«Не вінаваты...
Вось у гэтым якраз віна.
Я, нашчадак шамана Баркая,
Да нябёс не дарос... не дастаў.
Думаў: час скрозь мяне працякае...
Рыба плавае... птушка лятае...
Для чаго ўсё? — сябе я пытаў.
Дзеля хвілі, каб жыў я, Берка?..
I не мог я спаць па начах:
Гляну ў Берку, нібы ў люстэрка,
Б'юся з Беркам на кулаках.
Доўга біўся... Нарэшце дазнаўся,
Зразумеў сівой галавой:
З кім бы я за жыццё ні змагаўся —
Я адчайна змагаўся з сабой.
Сілы ў кожным з нас больш, чым даверу...
Ды з'явіліся мы на зямлі
Не душыць яе дымам шэрым,
Не на беркаўцы
золата мераць,—
А каб рыбы і птушкі жылі».
...Змоўк —
і люлькай не пыхкаў Берка.
Плыў над сопкамі дым густы.
Шаргацелі, нібы паперкі,
На паваленых дрэвах лісты.
Вечар поўніўся зорным звонам —
I здалося, бачыць зямля,
Як ляціць
Травінка зялёная
Ля касмічнага карабля.
Рух наперад — не проста рух.
Гэта руху ўсяго аснова.
Як у целе лупае дух,
У сусвеце лупае рух —
Рух дарогі.
Любові.
Слова.
Рух дарог — разгаданы рух
Цягнікоў і пратуберанцаў,
Што пачаўся, калі —
быццам душны кажух —
Я сарваў з сябе першую станцыю.
Рух кахання — загадкавы рух,
Бег дваіх
над прасторай і часам.
Ён пачаўся, калі пачалася
Таямнічая
Музыка рук.
Слова рух — гэта першых двух
Рухаў радасныя радзіны,
Ім пазначаны лёсу рух,
Рух жыцця майго трыадзіны.
...Так я споведзь чытаў дарозе,
Пакідаючы свой вагон,
Спачываючы на парозе
Новых ростаняў,
Новых дзён.
I гула пада мной дарога:
Бойся знаку
ПЕРАСЦЯРОГА,
Бойся руху свайго запаволення,
Запаволенне — як зняволенне.
Страшны міг —
пад адхон сарвацца,
Ды страшней
На месцы
Стаяць,
Не вяртаючыся —
Вяртацца,
Не пакінуўшы —
Пакідаць.
Страта хуткасці — страта веры.
Гасла вера — і розум глух.
Вера,
сутнасцю —
рух наперад,
Неадольны, імклівы рух.
Рух — жыццё. Дарагое. Балеснае.
I калі
Запыняецца
рух —
Смерць пасецца на лузе біблейскім,
Дзе ў зацішку
ягня і пастух.
Не ягняты —
Гарматы на лузе.
Вісне бомбы нейтроннай абух.
Рух — праціўнік ідылій,
Ілюзій,
Мітуслівых
падробак пад рух.
Рух,
Як рэкі ў пясках,
Не звужаецца.
У гады і залеў, і засух —
Па дарогах усіх
Прадаўжаецца
Рэвалюцыі рух.
10. ЗАМЕСТ ДАТЫ I МЕСЦА НАПІСАННЯ
Вяха апошняга ліста...
Адлік гадоў — не ад Хрыста,
Гісторыя
Мяняе
Вехі:
Пад коламі
дарогі веку
Шасцідзесятая вярста.
Год пасляваенны. Год работны.
Шчэ з руін не выветрыўся дым,
А на танцах, звыклыя да поту,
Кірзачы і хромавыя боты
Рэжуць полькі
крокам страявым.
Год надзейны. Год пасляваенны.
Шчэ падлікі страт не паіменныя —
I маўчаць хатынскія званы,
І да мёртвых —
літара за літарай
З плачам, галашэннямі, малітвамі —
Пісьмы йдуць
На той канец
Вайны.
Год пасляваенны. Год гаротны.
Шчэ жыццё паўзводнае, паротнае,
Хлеб па картках і па картках соль,
I людзей — хоць ёсць таварыш Сталін,
Хоць перамаглі і адстаялі —
Аніяк не адпускае боль.
Ён — нібы пад рэйкамі ўзрыўчатка.
Касавіца.
Ліпень напачатку.
Не да святаў. Хутка час жніву.
Старшыня пахукаў на пячатку,
Пляснуў па даведцы —
I жыву.
Першы сорт. Пасляваенны выраб.
Чым прырода апраўдала выбар:
Быць
альбо не быць мне
на зямлі?
Як неверагодны выйгрыш выпаў?
Бацьку
Снайпер выбіваў — не выбіў,
Маці ў роў вялі — не давялі.
Вось з вайной
мая прамая сувязь,
Лёсаў і крыві густая сумесь,
Што праз марлю год
не працадзіць.
Памяццю сваёй
Я не свабодны:
Сутыкненне нацый і народаў
Вырашала —
быць мне ці не быць.
Читать дальше