Я не сёння ўсё прыдумаў гэта.
Слова ў слова помню, як урок,
Што за Кацяй паўтараў бязмэтна:
«Юг» і «север», «запад» і «хвосток».
Сёння ўсё я толькі перамерыў,
Пераважыў, што ў нябыт сплыло.
Сёння ўсё свядомасцю праверыў
I сцвярджаю: так усё было.
Сёння разумею: так нікому
Не пасмеў бы Трыхан гаварыць:
Толькі што сп'яна — і то малому —
Асмялеў душу сваю адкрыць...
— A мальцоў — за ногі ды аб сценку,
Быццам на каляды парасят...
Ну не ўсіх, вядома, з гэткім енкам,
А на выбар — з партызанскіх хат.
Збольшага падчысцілі заразу...
Э-э, ды ты дрыжыш увесь, як ліст.
У штаны, глядзі, не дай там газу.
Ці і ты мо, гэта, камуніст? —
Смехам захрыпеў, на ўсе заставы
Рот адкрыўшы.— Ладна, не бяда.
Я во не спалохаўся. I права,
Сама меней, маю на медаль.
Ну а ён сюды якраз дарэчы,—
На грудзях пагладзіў фрэнч.— Ого!..
Знаць, тады б стары твой не пярэчыў,
Каб і Зіна за мяне, таго...
А яна?.. Ці змог бы ты разнюхаць,
З кім яна кахаецца? I мне
Падшапнуць...
А для падняцця духу
Во цукерка. Еш, яны ў цане.
Гэта як паёк такі на сёння —
Да гарэлкі, за работу нам.
Па руках? Сястру не правароніш?
Калі што, дык во і стрэліць дам.—
I заціснуў мне сілком у жменю
Два — навелькі з гузік — сасунцы.
Стаўбунок з астаткам у кішэню
Палажыў...
— Во і яны — сяўцы...—
Зарыпелі сенечныя дзверы,
Да акна схіліўся Трыханок.
Тут і ўладзіў я кружкі ў цабэрак,
Хоць пад языком гарчэў камок...
— Ну а мы сядзім во ды гамонім,—
Трыхан бацьку «здрастуй» працягнуў.
Я, Васіль, сказаць, без цырымоній
Да цябе, як бачыш, завярнуў.
Проста так, па-свойску, па-суседску.
A ў цябе во прыпар пацямку...
Працаваць вучыся па-нямецку:
Ні хвіліны лішняй — па званку.
Во дзе ўсё адмерана дакладна:
Пальцам па-пустому не махнеш.
Нават у гарачцы ў той, блакаднай:
Як абед — спыняй стральбу і еш.
Кажуць, і цябе тут паганялі?
Ды і я во толькі што адтуль:
І наўздоўж, і па дыяганалі
Прапяклі, не шкадавалі куль.
Можа, спакайней цяпер во будзе.
Гэта ж трэба: сон ужо не ў сон.
Звечарэе, дык не ў ложак людзі,—
Плюнуў Трыханок,— a ў гарнізон.
— Ды яно як хто,— Васіль анучы
На пяколку цёплым рассцілаў.
— Ты не хтокай. Во, глядзі, прыжучаць
Пабяжыш, аж затрашчыць кіла.
Гэта ў нас пакуль што ціха ліха,
Не дайшлі на ўзборскі астравок.
Ды і то — як ноч — сядзі, не дыхай,
Слухай кожны рып і кожны крок.
Во на сёння можна ўжо спакойна:
Цісканулі аж да Паліка,—
За фіранкай мэднуў падаконнік —
І з бутэлькай выплыла рука.—
Я тут шнапсу прыхаваў ад хлопца,
Каб дзяліць не давялося з ім,—
Ласа падміргнуў.— Кульнём па стопцы!
Што ж мы насухую ўсё галдзім?
Дык сядай, Васіль. А ты, Куліна,
Прыцягні які там агурок.
Ну a дзеўкі што? Дзе ж тая Зіна?
Дасяваць пакінулі шнурок?
— Ды засела недзе на сяле вунь.
Згледзіш ix — тут ёсць, а тут няма...—
Я-то знаў, што Зіна ў цёткі Евы,
Толькі на замку язык трымаў.
Там яна цяпер заўжды начуе —
Ад крыжоў далей, ад бальшака...
Але ўсё-ткі мама: — Дзе-йта чуні? —
Пагукала: — Памажы шукаць.—
Гэта для адводу. А шапнула:
«Ты ж маўчы, не дужа з ім, сынок...
Каб яму не агурок, а скула
Во такая на сабачы бок...»
— Мы з табой, Васіль, адной вяроўкай
Звязаны. Не разарве і чорт,—
Трыханок да бацькі будзьздароўкнуў.—
І ніхто не выкіне за борт.
Без такіх, як мы з табой, улада
Ні адна яшчэ не пражыла.
На гарбе вязём любы парадак,—
За шчакой у Трыхана жаўлак
З агурком хадзіў...
— Але не густа
Возчыкаў такіх, як паглядзець...
— А чаму? — рот захліпнуўся хрустам.—
Бо ў запечку хочам прасядзець.
Вось і ты грабешся ў дэзерціры,—
Я прыкмеціў хітры твой шлагбаум:
Старшынёй служыў не для блізіру,
А парадак новы занядбаў.
Толькі адкрудіцца ў нас не проста,
Станеш супраць — вывернем каўбы.
— Помніцца, сёй-той і старшынёўствам
Васілёвым недавольны быў.
— Ну-у, ты снег залеташні не згадвай.
Ды і хто цяпер рассудзіць нас?
Можа, ўсё рабілася для чаду,
Каб не так стараўся на калгас.
— Я стараўся для зямлі, для хлеба,
Для жыцця стараўся. А цяпер,
Пагляджу, дык і яны пад небам
Не заўжды шануюць мой намер.
Пошасці такой нагадавалі,
Што за цэлы век не разграбеш...
— Гэта ўсё тры грошы за міндалі.
Час цяпер такі, што рэж ды еш.
— Біць ды рэзаць — не мая навука.
— Што, ...размаць, становішся на ўлік
У святыя? Выціраеш рукі?
— Не, у кроў макаць ix не прывык.
— Кроў не кроў, а грэбаваць уладай
Не рэкамендую. Кожны так
Затуліць у кут ахвоч азадак.
— Хопіць... Не для гандлю я пятак.
Здаў падатак, нават і сабачы,
I пясок на грэблю адцягаў,
На абшчыну Лосік вунь прызначан,—
Так што я вам болей не слуга.
— Го! Паслужыш — ды яшчэ з прысвістам:
Як мышэй, усіх пацягнем з нор.
Кажаш вунь — падаткі здаў начыста,
А ці чуў ты пра ваенны збор?
Не? Дык знай: не сёння — заўтра новы
Па абшчынах давядзём загад.
Не застанься ж дурнем базгаловым
I да ўлад не паварочвай зад.
Во і Зіну ўзяць: чаму ж у дзеўках
Ёй сядзець ды марнаваць узрост? —
Трыханок да справы неўспадзеўку —
Да галоўнай — павярнуў наўпрост.—
Ці няма дастойных кавалераў?
Думаю, што ёсць,— і Трыханок —
Збоку — сам сваю паставу змераў,
Даланёй прыгладзіўшы чубок.—
Дык чаму во нам не парадніцца?
Чым не зяць?
Але Васіль на жарт:
— Ты мяне тут сватаеш як быццам? —
Жаніхоў перакруціў азарт.—
Я ж не дзеўка. І твае ўгаворы
Для мяне — як аб сцяну гарох.
Я ў замужжы вунь ссівеў і спорна
Працу гэту ладзіў, бачыць бог.
Так што выбачай...
— Не тую песню
Запяяў і закруціў хвастом
Не туды,— ca злосцю Трыхан трэснуў
Кулаком, аж пахіснуўся стол.—
Я канкрэтна.
— Можна і патрэтна,
Як ты кажаш... Зараз і патрэт
Намалюю: смерць вісіць над светам —
Не відаць, дзе той, дзе гэты свет.
Што патрэт — крывёю рукі пахнуць.
Тут не да вяселля...
Трыханок
Захлібнуўся нейкім п'яным жахам:
— Я памыў. I ем во агурок.
— Еш сабе, калі яшчэ ён лезе.
Закусіць жа трэба: гэткі баль!..
— I балюю. Мне за Падбярэззе,
Калі хочаш, выпадзе медаль,—
Зноў на весялейшы троп узбіўся
Трыханок і з твару памякчэў.—
Я б, глядзі во, з ёю і злюбіўся
I па-людску зажылі б яшчэ...
Лялькаю была б. Павідла б ела,
Розную там панскую яду...
Мне зямлі цяпер хоць тры надзелы
Выбірай — любую аддадуць.
Ды і ты б, каб галавой кумекаў
I трымаўся за мяне ямчэй,
Стаў бы не апошнім чалавекам.
— Дзе ўжо мне... Не для маіх плячэй
Гэткія шнуры ды эпалеты...
— Дбай пра Зіну, покуль у цане.
Ці ў яе надзея на Саветы?
Думае, што вернуцца? О не!
Не дапусцім. А яна хай знае:
Ёсць яшчэ і гэткі варыянт:
З пункта А да пункта Б — прамая
Напрасткі дарога ў фатэрланд.
— Ну і што табе ў вясковай дзеўцы?
На тваім бы месцы я не браў
Згарача:
далі пасаду немцы,
То падкінуць нейкую і фраў.
A ў цябе вакансіі не будзе...
— Ты мялі паменей языком,
Дык паменей, можа, напаскудзіш
Сам сабе, бо Я цяпер закон.
Читать дальше