Хлеб асінай марознай палыніў,
Сала знічка — як зайцаў хвост...
Я кавалачак свой палавініў:
Каб і заўтра быў добры рост.
Бацька цёплай капустай вячэраў
I мяне частаваў заадно.
У камінку шугала карчэўе,
I было на паўсвету відно...
Дзякуй, зайчык, што ў снежную замець,
Як астудны наваліцца час,
Ты прыходзіш — і доля, і памяць —
Паглядзець на сябе праз нас.
Елі хлеб твой ратаі і цеслі,
Плытагоны і песняры,—
Хто падсмажаны, хто ацеслівы,
Хто з прытрускай сухой кары...
Елі хлеб твой шаўцы і міністры...
Паглядзі праз туман гадоў:
Хто ж і сёння душою чысты
І акрайцу паверыць гатоў?..
Дзякуй, зайчык... Вяртай успаміны
Зноў туды, дзе нічога не мог
Ты прыслаць нам: слязою палыннай
Спелі ростані ўзборскіх дарог.
Не знаходзіў акрайцаў і Міша,
Хоць штодня з намі ў полі блукаў,—
Сам без войска і ў нас не лішак:
Гусь ці пара — без гусака.
Ды няўперышаў-гусянятак
Валюхаста-жоўты пяток,
Ці найбольш у каго — з дзесятак...
Ды зацішны ля рэчкі куток,—
Каб далей ад нямецкага вока:
Калі што — зашывайся ў кусты,—
Прыхаваюць гусей асокі,
Пастушкоў ахінуць чараты.
А ўбярэцца навалач з вёскі —
Зноў на бераг пускаем гусей.
Самі ж ціснемся, дзе палоскі
Блізяць хлеб да нас пакрысе.
Вось ён выглянуў каласкамі,
Красаваннем набух, і пылок
Хутка ўзветрыцца паласканнем —
Нібы мора, як глянеш здалёк.
А з-пад красак завяжуць зярняткі
Самы першы вузельчык на хлеб
І праклюнуцца, як птушаняткі,
І прыціўкнуць ад сонца ўзаслеп.
Потым вочкі здзіўлёна прабеляць
З-пад разважлівага брыва
І прашэпчуць: «Знямогся кубелец,
То рыхтуйце дзяжу да жніва.
Хлеб — не сала: за ногі не ўскінеш
На фурманку жывыя скрылі,
У рабунках звяліся свінні,
Хлеб — нязводны, бо ён ад зямлі».
Толькі голас той цешыў не надта.
Хоць мы зналі, што колас не жмот,
Ды злавалі: марудна зярняты
Налівае нам на пражмо.
А да хлеба — далёкія далі...
Міша колас у шапку лажыў —
Ён сваё, мы сваё загадалі,—
Варажы нам, вусач, варажы.
Мішу вызнай, ці любяць дзяўчаты,
Сагравайся і ў нас не дарма:
Закрасуеш — прыджгаем дахаты,
А вайны і ў паміне няма.
Так лучыліся з думкай таемнай
У шапках жытнія каласы.
Прарастала сонца праменна
Праз віхрастыя валасы.
Паглядалі мы нецярпліва:
Ці праклюнуўся жоўты шнурок?
Адгалоскам нязбытнага дзіва
Асядаў на далонях пылок.
Падагрэтыя, прабягалі
Шлях тыднёвы навідавоч,—
Каласы, каласы красавалі,
А вайна завывала наўзбоч.
Як не ўгледзелі мы, як не ўчулі:
З дзвюх дарог, з двух бакоў да сяла
Ланцугамі — зграяй нямчурнай —
Безгалоса аблава паўзла.
А за ёю і грукат машынны
З-пад загрэбелля даляцеў.
Жыта ўроссып чэргі прашылі
З віскам жудасным на хвасце.
Каласы ca сцяблін абляцелі,
Дзе нічком я ў разоры ляжаў.
Потым боты прашархацелі,
Потым грукат аціх на крыжах.
Я падняў галаву. На лузе
Нікагуткі. Адно ля ракі
Гусака майго немец валтузіў —
Я пазнаў — толькі ў нас быў такі:
Снегам белым займалася пер'е,
Голас меў, як луджоны рог.
Ні адзін у бойцы супернік
Устаяць перад ім не мог.
Ён і зараз не ўцёк ад статка —
Шыю дзідай — малых акрыліў.
A ўжо воддаль — шэрая матка
Знерухомела на зямлі.
Гусяняткі, бяскрылыя крошкі,
Не каршун над вамі вісеў —
Немец збоку зайшоў сцярожка,
Натапырыўся, цяжка прысеў —
І ў раскідку з мышастым фрэнчам
Наваліўся на гусака,
Потым грузна над ім укленчыў,
Заганяючы шыю ў рукаў.
Ап'янелы сваёй перамогай,
Сіпла, тоненька зарагатаў,
I на касцы бліскалі рогі
I падкоўкі на капытах.
Валюхаста ішоў да машыны,
А з-пад пах і гусак гукаў —
Зыгінастая білася шыя,
Аж хадзіў хадуном рукаў.
A малыя зашыліся купкай
Каля берага ў асаку,
Прыхінуліся — дзюбачка ў дзюбку,
Як што шэпчуць — сябрук сябруку.
Гусяняткі мае, жаўтаняткі,
Я не выцерпеў, закрычаў.
І на выручку без аглядкі
Стрымгалоў да ракі паімчаў.
— Пан, аддай! — Я ўчапіўся адважна
За рукаў, дзе сядзеў мой гусак.
Немец выспятка моўчкі адважыў
I пагробся ў кабіну, як рак.
Я ў канаву зляцеў, нібы мячык,—
І дадому!.. Але не дабег,
Бо на вуліцы Мішу ўбачыў,
Што скакаў пад нямецкі смех.
У зубах у танцора — акурак:
Б'е падэшвы за дымны глыток.
Збоку бацька стаіць пахмура,
Лосік з Ёхам ды баб з пяток.
Я хацеў пра гусей, але тата
Адмахнуўся, Мішу спыніў:
— Паскакаў — і маршыр дахаты,
Хопіць тутака, брат, гульні.
І плячом яго адціскае,
Каб ад немцаў далей. Але тут
Нейкі — старшы, відаць,— ківае
І паказве пальцам:
— Гут! —
Зноў выходзь, маўляў.—
I заўзята
Немец просіць у ладкі біць.
Сам жа пстрыкае апаратам —
Будзе картачкі з Мішы рабіць.
Ну а той рассядаецца ў скоках
I ca злосцю да Васіля
То спіною прытрэцца, то бокам,
То наўкруг абыдзе пасля.
Ах, згубачка-загуба,
Крывавая пята,—
Ах, немцы Мішу любяць...
А Міша рагатаў...
Васіля падпякаў адчайна,
Каб у скокі з указам не лез:
Тут ужо ніхто не начальнік —
Тут у Мішы свой інтарэс.
Мелі ўчора старшыню —
Парушалі цішыню,
Маем сёння старасту —
Не баімся арышту!
А Васіль аб адным зараз думаў:
Як бы Мішу адвадзіць убок,
Бо дабра з такога затлуму
Не было і не будзе, браток...
Знаць, не проста выйшлі аблавай,—
Бацьку Гольбахаў чуўся даклад,
Што за хворыя душы славай
Увянчаў душагубцаў-салдат.
Чуўся ў грукаце той машыны,
Дзе «мой» немец сядзеў за рулём:
Ён пад'ехаў — i ўсе заспяшылі
I закаркалі вараннём.
Пра бандытаў нейкіх пыталі:
Ці былі, ці бачыў народ?
Прафілактыкай называлі
Свой знячэўны ваяцкі паход.
Здагадаўся Васіль, што аблава
З гэтым словам мудроным якраз,
Пэўна, спрэгліся не для забавы:
Чуўся Гольбахаў тут абцас.
Чуўся грукат і пошчак жалезны,
Страх наводзіў і перапалох...
Праўда, немцы глыбока не лезлі:
Чыстку тую вялі ўсцяж дарог.
Чула ўсё Васілёва сэрца:
Немец «мой» вясёлым кіўком
Адчыніў у машыну дзверцы
І паказвае Мішу: «Ком!..»
Немец «мой» быў дужа харошы,
Падмаргнуў, што пракоціць за лес.
Ну а Мішу не трэба і ўпрошваць —
Сам хутчэй, без прынукі, палез.
Не ў кабіну, a ў дзверцы тыя,
Што ў закрыты кузаў вялі.
«Хто ахвочы яшчэ? — Мы застылі,
Хоць смяяўся і клікаў: — Пайшлі!»
Пакатацца б яно і не блага.
Толькі бацька кіўнуў на сяло
I ўхапіўся пагрозна за дзягу,—
Хлапчукоў як ветрам змяло.
Мы дамоў, а ён — да машыны,
Просіць немца:
— Навошта ж вы, пан?..
Ці ж замала яшчэ задушылі?..
Дзверцы ляпнулі, ні бы капкан...
Ах, дым ударыў клубам,—
Задуха-духата.
Ах, немцы Мішу любяць...
А Міша рагатаў...