Зноўку чэрвень, пара красавання,
Буйства колераў, сонца і траў.
Зноўку чэрвень, пара крыжавання
Над Узбор'ем: чаканне і страх.
У трохкутніку трох гарнізонаў
Сорак хат — астравок на юры:
Стратэгічна-харчовая зона
Ў трохгаловага змея ўнутры.
То з раёна, то з воласці гэтай,
То яшчэ наляцяць і з той,—
І ніхто — ці зімою, ці летам —
Не вяртаўся з фурманкай пустой.
Дралі ўшчэнт, валаклі, вытрасалі,
А найбольш налягалі на «шпэк»:
Не зважалі — надворнік ці сальнік
Кулю ў лоб — і з Узбор'я «авэк».
Парадзела свіное царства:
Ні смалення з дымком ля прысад,
Ні кубёлкаў, ні матак вушастых
З валтузнёй сысункоў-парасят.
У адстаўцы былы галоўны
Ходзіць войска свінога чын,
Ходзіць Міша амаль беспрацоўны
I амаль што галодны, лічы.
Цяжка мрояцца Мішу начамі
То бліны, то з косткаю суп,—
Хоць жыццё і раней з калачамі
Не было, ды не скардзіўся пуп.
Перасельцам — ад вёскі да вёскі,—
Дзе чужыя, а дзе радня:
За паслугу ці ласкаю боскай
Быў накормлены Міша штодня.
Там нарэжа дроў, там наколе,
Там бабульцы вады прынясе.
А ва Ўзбор'і — пагнаў у поле
I на год ля свіней асеў.
Хоць сумненні былі спачатку:
«Ну які з яго, людцы, пастух?..
Нанімай, а следам за статкам
Шлі падпаска, а то і двух...»
Ды адно грамаду суцяшала:
«Не кароў жа яму аддаём.
Хай таўчэцца сабе на галым,
Каб не грызціся з ваўкаўём.
А калі і падваліць шэры
Згаладалы які з кустоў,
Дык ля вёскі і дзеці звера
Не адпусцяць з цэлым хвастом».
Так за гэтым і парашылі.
А каб Мішаў узвысіць чын,
Самым шкодным пранырам на шыі
Пачапілі з палак бічы.
Не паджгаеш бягом з гэтай цацкай:
Чым хутчэй — па каленях ямчэй
Зацымбаліць. I ў шкоду знянацку
Тут ужо не прымервай вачэй.
Ходзіць Міша і пугай сырцовай
Настаўляе свіней на лад,
Квас пацягвае з флягі карцовай,
Заглядаецца на дзяўчат.
Тыя ў поле ідуць на працу
Ці вяртаюцца — кожны раз
Любяць з Мішам пазабаўляцца —
Кавалерам на ўвесь калгас.
То гуртом яго апануюць,
То адну пачынаюць штурхаць,
То пакоцяцца ўрассыпную,
Калі Міша памкнецца абняць.
— Ах, згубачка-загуба,
Прысуха-сухата,
Ах, Мішу дзеўкі любяць!..
Закрываўся рукой сарамліва,
Потым волю пачуццям даваў
I на ўцеху дзяўчатам смяшлівым
Басанож «пад язык» танцаваў.
Прысядаў і ўзносіўся пругка —
Пыл з-пад чорных пятак шугаў.
Ну а дзе не хапала груку,
Там прыпеўкаю памагаў:
— Ці не спіш ты, Маруська,
Ці не дрэмлеш ты?
Ці не даць табе буську,
Каб прачнулася ты?
Гэтым часам і мы ад патравы
Забывалі варочаць гусей:
Па чарзе на ікластым Каравым
Хто вярхом, хто мяшком вісеў.
Кныр падкідваў рахмана азадак,
Валюхаўся і хібам трос.
Разумеў, што тут — непарадак,
Але ўсё-такі збольшага вёз.
Прытаміўшыся, скурай пацепваў,
Нібы мух, седакоў зганяў,
I агеньчык з вачэй падслеплых
Сведчыў: хопіць, абрыдла гульня.
Тут ужо — сцеражыся, бо раптам
Ірванецца — пачвара з пачвар —
I пакажа свіны свой характар
Так, што носам уздымеш папар.
Ды і Міша якраз ад скокаў
Павярнуўся да войска свайго:
Пугу ў момант схапіў, загалёкаў,
Ездакі — хто куды ад яго!..
А наогул, мы з Мішам сябруем,
Міша ў крыўду не дасць малых.
I за кепікі не сярдуе,
Толькі дужа не любіць сквалыг.
Сам апошнім падзеліцца з торбы —
I яму гэтак сама аддзяч.
А саскнарыш — уедны, як чорт, быў:
Увагоніць любога ў плач.
Моўчкі «сідар» твой прыхавае,
Скажа: «Пэўна, сцягнуў Барбос...»
A назаўтра з кустоў гукае:
«Заяц хлеба з салам прынёс!»
І падзеліць усім па-брацку,
Усміхнецца гаспадару:
«Бачыш: звер, а не жадзен сабрацца
Пастушкоў падкарміць у пару»,—
I падносіць віноўніку долю,
Нават большую дасць — як на трох.
I прызнацца ніхто ўжо ніколі,
Што той «сідар» ягоны, не мог.
Умінаў сваю лусту з прыцмокам,
Разам з хлопцамі зайца хваліў,
Што глядзеў з-за кустоў касавока
І кісліцай нутро цвяліў.
Добры, шэранькі, дробны, галодны,
Дзякуй, зайчык, лясун-калясун,
За навуку з акрайцам нязводным,
Што бацькі нам нясуць і нясуць.
Дзякуй, зайчык, за шчырую ласку,
Дзякуй мудрасці светлай тваёй —
Той, дарослай, што ведала казку,
Той, дзіцячай, што верыла ёй.
Мы спачатку знямела цішэлі,
Толькі ў глотцы свярбеў каўток,
Як выходзіў акраец з кішэні,
А пры ім яшчэ — сала шматок.
Потым шумна палонілі тату.
Ён прыгадваў свой дальні пастой
I паказваў, як заяц куртаты
Мне наказваў — расці — аж пад столь.
Маці брала армячную пару,
Каб абтрэсці і абсушыць,
І з малінніка несла адвару:
«Адагрэй, Васілёк, на душы».
A ў яго — ад сустрэчы лета!
Цэлы месяц прабыў у цягле,
A вярнуўся да хаты, да дзетак —
Апынуўся, лічы, у цяпле.
— Не спяшайцеся —
кожнаму хопіць,—
Тата ўсмешку хаваў у вус.—
Зайчык наш не скнарысты хлопец,—
І акрец клаў на абрус.
Рэзаў тонка, на ўсіх пароўну,
Зверху сала вабіў скрылькі
I расказваў, як заяц галоўны
Памагаў цягаць круглякі.
На вусах пілавінне і шэрань,—
Так мне бачыўся грузчык касы:
Бервяно наабхват ашчаперыў —
I на воз — аж рыпелі вязы!
Читать дальше