Трыхан доўга і панура шарыў,
Нібы ментуза паміж карэнняў,
А загроб падзолак прыімшарны
І скамячыў у дрыготкай жмені.
Зноў да шапкі тузануўся тупа:
— Што я вам які апошні лапаць?! —
Ды не скочыў Трыхан вышай пупа,
Не далі другі надзел зацапаць.
Вось тады і прыгразіў мужчынам,
З белага зрабіўшыся зялёным:
— Вы мне, у імя айца і сына,
Той зямлі адваліце з паклонам.
I пайшоў, пакляўшыся святымі
Ў тры паверхі. Як адрэзаў: «Годзе!..»
...Восень і вясна. А паміж імі
Рабства выпаўзала з-пад стагоддзяў.
I ўжо дзесьці на маё Ўзбор'е,
Што цягнула нумаркі надзелаў,
Нехта Гітлер, нехта Гес ці Борман,
Як на стойла рабскае глядзелі.
I ўжо я ў прыгонныя прыпісан
Быў навечна ведамствамі ўсімі:
Без імя, без чалавечых рысаў —
Пры адной-адзінай рабскай сіле.
Талакой цягнула плуг радзіна —
На жардзіне — постаці крыжамі.
На крыжах аралі, скарадзілі,
На крыжах —
крыжамі —
да ўраджаю.
Гэтак і задумана абшчына:
Выбіць думку аб ярме ганебным,
Каб усіх ураз адной ляйчынай
Павярнуць калі і як патрэбна.
У барознах коні не іржалі,
Не рыпелі хамуты гужамі.
На раллі — крыжамі ценяў чорных —
Век дваццаты, новы век пячорны.
Горкім горам дарога выбіта:
Цаліком, па сумётах, сляды.
I кусты над крывавымі глыбамі,
Як з біблейскіх песень сады.
Цішыня на галінках снежыцца:
Вецер сіверкі, пчол не садзьмі...
Астывае магіла свежая,
Цёпла дыхае яма грудзьмі.
Цветам макавым, ягадай майніка
Снег падталы з краёў асеў.
I марозная пара ўзнімаецца,
Душы ў неба жывыя нясе...
Як было тут — ніхто не ведае.
Толькі Трыхан хваліўся сп'яна:
— ...А пасля — пад рамень паабедалі,
Ну і шнапсу было спаўна.
Далакопы не білі рыдлёўкамі
Зледзянелай зямлі аршын.
Вельмі мудра і вельмі лоўка
Камендант усё парашыў:
У гарэлле, дзе высмяглай восенню
Торф зацята, глыбінна курэў,
Да кар'ераў — раздзетыя, босыя —
Выйшлі на кулямётны сугрэў —
Местачкоўцы і ўсе, што рассеяны
Па вакольных вёсках былі,—
Тройчы клятае племя Майсеева —
Бляхары і шытва каралі...
Мацярок пасівелыя постаці —
Не адвесці малітвай бяду...
О, прарок, новай веры апосталы —
Аўтаматы — дзяцей вядуць.
Ці ты бачыш, як падаюць знічкамі
Вачанят і вачэй спарышы?
Ці ты ўпохапкі там падлічваеш,
Колькі хто і як саграшыў?..
Колькі хто для гояў-нячысцікаў
Сшапаваліў, палудзіў, пашыў,
Хто бязбожжам якім начынены,
Колькі пекла нясуць у душы?..
Чуеш — самі псалмы малітоўныя
Аб правінах спяваюць яны.
Дзеці плачам заходзяцца тоненькім
Ля тарфянай слёзнай сцяны.
Ты памог, каб яны паверылі:
«Шлях пасцеле нябесная цвердзь:
Да зямлі запаветнай вернемся
Праз агонь, праз пакуты і смерць».
Вось яна — грамада безбунтоўная —
Твой пасеў на вуснах нясе...
Кулямёт захліпаецца стогнамі...
Што ж маўчыш ты, прарок Майсей?!
Цішыня. Ні гуку, ні поруху.
Толькі вецер крывёй набрыняў,
Толькі пахне гарэлле порахам.
А за гэтым за ўсім — цішыня.
Цішыня... І хіба тут магло ўчыніць
Справу чорную чорнае зло?
Як нічога зусім ля Халопеніч
Не было і быць не магло.
Хмаркі ціха свяціліся просінню,
Цішыні кацілі клубок...
Толькі конік захроп і на просеку
Ірвануўся з дарогі ўбок.
На кусты натыкаўся, як сослепу,
Ашалела вушамі стрыг.
Ледзь стрымалі яго бацька з Лосікам,
Узмакрэлі, пакуль аціх.
— Кроў, як бачыш, пачуў,— і збянтэжана
Бацька мусіў каня зацугляць,
Скіраваў па дарозе няўезджанай,—
Чым туды, лепей, брат, пакругляць...
Хоць спазняцца, па Трыхану, нельга ім:
«У дванаццаць — яволь!» — загад.
Дзе тупчэй, дзе падвейка аблеглася,
Конік сам павярнуў наўздагад.
Цяжка выдыхнуў, нібы выкрыкнуў,
Да гарэлля вока скасіў...
Лосік буркнуў: «От жа нявыкрутка...»
Прамаўчаў панура Васіль.
Думаў: «Пэўна, самае страшнае
На зямлі нарадзіцца і жыць,
Калі столькі пакут назапашана
Чалавеку на два рубяжы:
Ад калыскі лёгкай і песеннай
Да цяжкой і цеснай труны —
Колькі будзе надзей закрэслена,
Колькі спушчана за паўцаны...
От жа нейкі Ніхто — ці як яго —
Знаць не знае пра здзекі, пра боль.
Ні вайны, ні смерці ніякае
І ні гэтых «дванаццаць — яволь!..»
І ні Трыхана з п'янай залеваю
У вачах:
— Прыструнім народ!
Сабатажнікаў мы не пялегуем:
Ледзьве што — адразу ў расход.
Так і Гольбах сказаў: «Не міндальнічаць!
Мы загадваць прыйшлі — не прасіць».
— Дык цяпер жа я не ў начальніках.
Што ж мне ехаць? — упёрся Васіль.
— А паедзеш, сказана, з Лосікам:
Ён з абшчыны, а ты — ад сяла.
— Дык жа д'ябал адзін!.. Ды і досыць мне
Ўласці той, каб ты спрахла была.
— Не ламай мне адміністрацію.
Як сказаў я, то і закон.
Читать дальше