I чаканне тоіцца: вятры
Ў кронах лістабойна загудуць,—
Вось тады ўжо нечага хітрыць:
Выстаўляй на людзі бараду!
Вось тады, як трасяне мароз
І закрыюць шлях снягоў валы,—
Закрычаць з аголеных бяроз,
Бачныя — высока лес узнёс! —
Чорныя бароды амялы.
Дым смуродны, дым смяротны
Па шнуры змяёй паўзе.
Што дрыжыш, рыбак залётны,
Прытаіўшыся ў лазе?
Зараз, зараз гупне выбух,
Глуха ўздыбіцца рака,
Густа вывернецца рыба
На змярцвелых плаўніках —
Лінь, уздуты, нібы мячык,
І з кляшнёй зламанай рак,
І жаданы дар удачы,
Бог віроў — стары шчупак.
Плёс, нібыта ў пене, белы
Ад аглухшай драбязы,
Гляне зрэнкамі здранцвела
Без надзеі i слязы.
Што твае адкажуць вочы?
Ці ты помніш, як вайной
Лёс галодны, лес сірочы
Трызніў рыбкай залатой? —
Што накорміць поўнай меркай
І дзяцей і ўсіх матуль,—
Толькі б выжыць, не памерці —
Голад быў страшней за куль.
Як мы бедкаліся зранку,
Слёзы елі, як гарох,
Як начамі снілі манку,
Што з нябёс не сыпаў бог.
У аерыстых канавах
Бузаваў дзіцячы лес,
I сяголеткаў-малявак,
Як удачу, кожны нёс...
Ды ці ўспомніш ты!.. Бязменам
Загайдалася рука —
«З пуд пацягне!.. Як палена»,—
Важыць хіжа шчупака.
Вуды ў груды — ані ценю
У вачах. «Глушы ды еш»,
Сам з аглушаным сумленнем
Да машыны «ўлоў» нясеш.
Што ж, трымай за жабры ўдачу
Хай падзівіцца сяло.
Я ж сваю ўсё — тую — бачу:
Пэўна, большай не было.
Гэтыя словы нашаптаў узорна-паказальны
палетак тэтраплоіднага жыта Белта
(з падвоенай колькасцю храмасомаў)
«Кіслыя азёры»
Плён дажджоў сярністых:
Ходзяць мёртва зоры
Ноччу ў хвалях чыстых.
Выбіта i ў зёлак
З-пад карэнняў глеба:
Авіяпраполак
Шлейф змяіцца з неба.
Вы i хларафосамі,
Вы i гербецыдамі,
Каб з гектара поснага
Лішні цэнтнер выдаіць.
І плыве ў крыніцы
З перуновым рыкам
Не вада-жывіца,
А вада-«арыйка»:
З чысцінёй стэрыльнай,
З чысцінёй смяротнай,—
Вы яе стварылі
Не ў жыцці гаротным...
Вы яе стварылі
У імя багацця —
Ціха прыдушылі
Рыбу ў роднай хаце:
У вірах завойных,
На вясёлых плёсах
Марсіянскіх войнаў
Ходзіць адгалосак...
Быццам той цаною
Рай зямны адведзены,
Быццам вышынёю
Стане кавал з'едзены...
Вам — і зерня сутнасць,
І мае ўраджаі ўсе,
Толькі быць атрутным
Я не пагаджаюся...
Радавыя поля,
Генералы хіміі,
Як мяне «палолі»,
Дзесьці вы не схібілі?..
МАЛЕНЬКАЕ ДАПАЎНЕННЕ ДА ТАБЛІЦЬІ МЕНДЗЯЛЕЕВА
Натварыла цудаў шмат
Хітрая прырода:
Іншым разам брата брат
Не прызнае з ходу.
Вось, напрыклад, вуглярод —
«С» — вядомы свету:
Напладзіў такіх парод —
Як герой шматдзетны.
Ёсць алмаз, i ёсць графіт,
Ёсць, нарэшце, вугаль,
А яшчэ — канцылярыт
Ходзіць гэтым кругам.
Незвычайны мінерал,
Пробы самай чыстай:
У пяхоце —
генерал,
У марфлоце —
адмірал,
А ўжо ў нас —
міністр.
Падабраў канцылярыт
Якасці алмаза:
Цвёрды, войстры.
І, як гід,
Знае ўсё, зараза.
Разане, нібы па шкле,
Адграфіць алоўкам,
Па якой табе шкале
Жыць на свеце лоўка.
На параграфы сваё
Сэрца выкладае,
Ростам з добрае цаўё
Грыфелі глытае.
Мінерал-чынадрал,
Мінерал-загадчык:
Піша, піша — як аўрал
Па пісьму назначыў.
Не жыве, a толькі ход
Задае паперам,
Як Гамер-наадварот
Нашай новай эры.
Папярыт-канцылярыт —
Горш якой хімеры —
Папяровы апетыт
Мае безразмерны.
Цыркуляры — о-го-го! —
Выдае бязбожна
Бюрапенны бог з багоў,
Бог пустапарожні.
...Вось i ўсё, што я дадаў
Ці дадаць павінны
Да табліцы, што складаў
Мендзялееў слынны.
Можа, веры не дасцё,
Але ўсё ж, дарэчы,
Папрашу на адкрыццё
Мне дыплом засведчыць.
Каб вось гэты мінерал,
Быль ці небыліцу,—
Хай лепш будзе там прагал
Выкінуць з табліцы.
Читать дальше