Каму салодкаю гаркота стане?
О сонца, ты прымі яе залёты,
павесь, нібы Хрыста, ў твой дзень сканання
мой боль багемны на грудзях гаркоты.
Даліна ў горкім золаце нямая,
дарога сумная канца не мае.
Бурчыць гітара. Гэта ад пашаны
твой род стары, багаты беднякамі,
дазнаўся: ты чужынец зганьбаваны,
і твар яго пабіўся плямакамі.
Даліна ў горкім золаце нямая,
глыток глыбокі... келіх дна не мае...
І гаўкае рака, і шлях сінее...
Адчай халоднае чало схіляе
звярына-мярлае. Няма надзеі
ў забойцы — шпагі, страх эфес ламае.
Ў даліне мумій, залатога глею
вуголле поту ў слёзах патанае.
Час пах пакіне, ўгноены радкамі,
ў атожылках на мармуры без краю,
залатакосна звісне над вякамі
жаўрук, што ў маім сэрцы памірае!
Я — каракэнке, я сляпое дрэва,
на ўсё гляджу праз шыбу ўласнай раны,
як даўняе гуака ў вечным руху,
я да зямнога Шара прывязаны.
Я — лама, толькі глупства даганяе
варожае мяне, што выстрыгае
прасветленыя завіткі настрою,
у завіткоў зіхотлівасць благая,
як збронзелае яраві старое.
Я — птушанятка кондара [17] Кондар — вялікая драпежная птушка сямейства амерыканскіх грыфаў. У народнай сімволіцы звязваецца з прагай да волі.
, якое
гішпанскім паабскублена мушкетам;
лунаю, як святла спрадвечны Лазар [18] Лазар — брат Марты і Марыі Магдалены, уваскрэшаны Хрыстом.
,
над чалавецтвам, Андамі, над светам.
Я — зграбнасць інкаў, рух рукі пакуты
у курыканчах [19] Курыканча — глінабітная ці каменная хата інкаў з саламяным, колеру золата дахам (куры на мове інкаў — золата).
залатой задумы
з фасфатамі памылак і цыкуты.
Гнеў камяні часамі дыбіць люты,
як нервы выцятыя мёртвай пумы.
Я — сонцавы фермент, яго адценне,
я — дрожджы ценю, сэрца і трымцення!
На досвітку ліе дымок барвовы
пах баразны на сонны дах хаціны,
спяваючы, пастушка коле дровы,
спеў алілуі плача ціхаплынны.
Дым кухні, як аперытыў, што горка
і ўладна юшыць подзвігі пахмелля.
I п’е апошняя ўцякачка-зорка
яго і ўся ад слодычы п’янее,
паўночніца, блакітная надзея, —
ружовыя прасціны золак сцеле.
I хочацца паесці ў асалоду,
піць з ручаіны смех і ахалоду!
З уздымам з хатнім дымам браць узлёты
ці з ветрам восеньскім яго ўладанні,
Руф нейкую знайсці свяшчэннай цноты,
што ахвяруе каласком пяшчоты
ў пшанічна-іудзейскім памазанні!
З касой спакойнай на плячы прастуе,
таймуючы энергію крутую,
ратай дарогаю на Ірычуга.
У кожнае руцэ пульсуе туга
жалезны сок —
нясхібнасці пачатак,
які іскрыцца ў творчым намаганні
штодня трагічным дыяментам з хатак
праз поры кожнае рукі ў старанні,
яшчэ не візантыйскай, без пальчатак.
Пад аркамі алешын, моцы поўны, —
ў рыззі паход крыжовы ўмеў старацца! —
праходзіць профіль інкаўскі грунтоўны
крутога Ахілеса чорнай працы.
Дзяўчына плача ў шчырым парыванні
і яраві спявае на світанні,
збірае — бедная Венера! — недзе
бярэмца дроў з пахучымі сучкамі
аголенымі, зграбнымі рукамі,
а рукі, быццам выразаны з медзі,
пакуль цялятка, спешчанае долам,
сабака гоніць з гаўканнем вясёлым,
яно ўзбягае на гару старую
і маладому дню як ахвяруе
Вергіліевы гімн званочкам кволым.
Перад хацінаю, жыццю пакорны,
дзядок-індзеец курыць гаспадарна,
і захад сонца ружавы і горны,
як першасны алтар, дымарыць марна
ён, дымам тытунёвым апантаны.
А гэтак узнікае легендарны
з глыбінь гуака, містыкай схаваны,
пах лотасаў у збранзавелых водах,
і нітку сінюю ламае подых!
Паветру аддае, як дар, як воддар,
званоў далёкіх сумнае трымценне
прытомленай тугі вясковы водар,
Крывава ў панадворку ў змоўклай згодзе
развітваецца сонца на заходзе.
I даляглядаў алебастр асенні
шарэе хваравіта ў ахалодзе.
Панура пакланіўшыся варотам
параненае кіпцем часу хаты,
заглядвае маўкліва-ленаваты,
да стойла звыклага праходзіць потым
з марудлівасцю сілуэт лабаты
вала, якога залацілі схілы,
што зрэнкамі біблейскімі ў адчаі
пад казань перазвону ўспамінае
той свой узрост мужчынскай сілы.
Читать дальше