Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА
КАЛІ РАСЦВІТУЦЬ ЧОРНЫЯ РУЖЫ
Лянівае сонца рассейвала па вуліцах горада паўдзённую порцыю цяпла. Яго прамяням было ўсё адно, каго грэць і ад чаго адлюстроўвацца. Яны плюхаліся на дарогу, і згубленая кімсьці срэбная манетка пачынала зіхацець. Спаўзалі з флюгера на дахоўку, з'язджалі па вадасцёкавай трубе, ускоквалі на падаконнік. Красаваліся на латуневай, да бляску адпаліраванай дзвярной ручцы. Адзін легкадумны праменьчык сунуўся ў вітрыну кветкавай крамы, але ўвесь перапэцкаўся ў пыле, разачхаўся і, патыкаўшыся пару разоў у каламутнае шкло, сышоў ні з чым.
— Грукаюць, — буркнуў Густаў.
— Хіба? — Валянцін прыслухаўся. — Я нічога не чую. Табе здалося.
Напэўна, і напраўду здалося. Не прымаць жа кожны сонечны прамень сур'ёзна. Гэтак можна яшчэ паверыць, што браткі табе падміргваюць, наготкі просяць зрабіць манікюр, а чайныя ружы падаюцца выключна да чаю.
— Вось колькі з табой знаёмы, Густаў, гэтулькі дзіўлюся, — працягваў садоўнік, задуменна пыхкаючы люлькай. — Быццам бы грубы, нязграбны тып. І адкуль у тваёй галаве такія фантазіі?
Густаў ухмыльнуўся ў адказ. Яго загрубелыя пальцы скручвалі папяросу, рассыпаючы тытунь. Пра чысціню тут даўно не клапаціліся. Калі ў доме няма жанчын, то парадак не так ужо і патрэбны. Дый тытунёвы пылок зусім непрыкметны на падлозе сярод недакуркаў, недагаркаў, недаедкаў ды іншых непрывабных сутнасцей, што раней былі лілеямі і нарцысамі, свечкамі і саспелымі яблыкамі, стужкамі і глянцавай абгортачнай паперай. Да таго ж, праз нямытыя вокны зусім не пранікае святло, так што, наступіўшы ў прыцемку на штосьці, можна было і не адразу здагадацца, што гэта там чвякнула, — агрызак ці абрэзаны і падгнілы бутон.
Не парушала агульную гармонію і шыльда, зусім зарослая брудам і птушыным памётам. Выпадковы наведвальнік не зразумеў бы, што патрапіў у кветкавую краму. А невыпадковых тут не вадзілася: каго пацягне ў непрыбраны, зарослы асотам тупічок са скасавуранымі штыкетамі і сляпымі акенцамі? Сюды хадзілі толькі паштары. Паштарам шанцавала: на ўсіх дамах віселі шыльды з нумарамі.
— У белай ружы зноў лісце трубачкамі скручана, — сказаў Валянцін. — Мабыць, ліставёртка. Мне няма калі — можа, ты сам зробіш палыновы настой ці чамярычную ваду?
Густаў кіўнуў: для ліставёртак гэта дабром не скончыцца. О, колькі дробных насякомых душ ён загубіў хітрымі прыпаркамі і мікстуркамі, пры гэтым зусім не разбіраючыся ні ў батаніцы, ні ў заалогіі, не ведаючы ніводнай лацінскай назвы. Вядома, Густаў не быў варты і падноска таленавітага ды адукаванага Валянціна. Той дзень і ноч карпеў над кнігамі ды раслінамі, апыляў і скрыжоўваў, прышчапляў і чаранкаваў. А пануры велікан Густаў рабіў усю цяжкую і брудную працу. Гноевая жыжка, крывяная мука, птушыны памёт — камусьці ж трэба і гэтым займацца. Ён ніколі не чапаў кветкі, каб не зламаць іх выпадкова нязграбнымі ручышчамі. Пра складанне букетаў яму таксама не даводзілася марыць. Затое, калі патрабавалася ўскапаць градку ці перанесці з дома ў цяпліцу непад'ёмную скрыню з расадай, тут ніхто не спраўляўся, акрамя Густава. Па-свойму ён быў незаменны.
Яны сядзелі і палілі, каб потым вярнуцца да працы. Заднія дзверы крамы вялі ў вялізны сад, а там — бочкі з цёплай дажджавой вадой, бляшаныя палівачкі, кветнікі, і тысячы бутонаў нядбайна ківаюць табе пры сустрэчы, калі, вядома, ты глядзіш на іх, а не акідваеш пільным поглядам лісце ды сцёблы ў пошуках расы. Расу ўмеў шукаць Густаў. Ён жа і змагаўся з ёю. Тытунёвая настойка, зялёнае мыла і медны купарвас, прынады з альховых галінак, пасткі для смаўжоў і шмат чаго яшчэ — усё гэта даручалася яму, каб Валянцін мог спакойна займацца селекцыяй.
Густаў кінуў недакурак на падлогу і пачуў няроўныя крокі. Паўзавялыя лілеі ў вазе з каламутнай вадой таксама пачулі іх і насілу паднялі галоўкі. І павукі замерлі ў павуцінках, і пацішэў цікаўны скразнячок. Толькі садоўнік задуменна паліў люльку, не жадаючы заўважаць цень за шклом вітрыны.
— Пошта, — сказаў Густаў.
— А? — безуважна перапытаў Валянцін. Потым дзверы рыпнулі і адчыніліся.
На парозе стаяла дзяўчына ва ўніформе, з велізарнай торбай цераз плячо. Торба трашчала па швах, набітая газетамі, часопісамі, лістамі ды іншай дробяззю, якой з нуды абменьваюцца людзі.
— Ваш каталог, — абвясціла дзяўчына ветліва. Густаў хмурна ўтаропіўся ў яе. А садоўнік, не гледзячы зусім, працягнуў руку. Дзяўчына парылася ў торбе. — Вось яшчэ насенне, вы заказвалі на пазамінулым тыдні.
Читать дальше