— Я не гандляр, я эстэт! — паморшчыўся ён. Але потым ажывіўся, пералічыў манеты:
— Эге, ды тут і на манарду хопіць, і на гладыёлусы!
— Дык што, не пускаць пакупнікоў у сад? — спыталася Ліза.
— Рабі, як ведаеш, — кінуў Валянцін, згроб грошы са стала і праз дзесяць хвілін ужо імчаўся на пошту адсылаць новы заказ. Пасля гэтага выпадку ён больш не рабіў Лізе заўваг і цалкам аддаў краму ў яе клапатлівыя рукі.
Так паступова з прыбіральшчыцы Ліза ператварылася ў гаспадыню. Яна паспявала ўсё: і вячэру прыгатаваць, і пыл змахнуць, і пастаяць за прылаўкам. Ёй падабалася падбіраць кветкі адну да другой і складаць мудрагелістыя кампазіцыі. Часам дзяўчыну запрашалі аформіць святочную залу для вяселля ці дня нараджэння. Яна выходзіла неахвотна, таму што моцна кульгала і баялася, што людзі будуць смяяцца з яе. Але ніхто не смяяўся. Ды і паспрабавалі б яны: побач заўсёды ўзвышалася змрочная постаць Густава. Ён вазіў каляску з гірляндамі, цягаў кошыкі са стужкамі, шарамі, фольгай. І проста хадзіў за Лізай паўсюль, ахоўваючы яе як далікатную кветку.
А крама мела поспех. Пра яе ведалі ўжо не толькі моднікі ды арыгіналы, але і забяспечаныя самавітыя людзі, што заўсёды імкнуліся купляць найлепшае. Мець у пятліцы кветку ад Валянціна стала прэстыжна. Зразумеўшы гэта, садоўнік замовіў у гарадской друкарні квадратныя залацістыя паштовачкі з фірменным надпісам. Для крамы цяпер пляліся вытанчаныя вярбовыя кошыкі, швейная майстэрня пастаўляла залатыя шнуры, атлас, ажурны цюль для партбукетаў, а суседскі хлопчык за невялікую плату прыносіў штораніцы з лесу лісце папараці ды мох. У салоне завялося некалькі каваных крэселкаў і столік на львіных лапках, талерка з шакаладкамі і кубачак смачнай кавы для адмысловых госцяў, якія ўжо не былі тут рэдкасцю.
Неяк звычайным летнім днём крама атрымала буйны вясельны заказ з неблагой перадаплатай. Праца кіпела. Густаў укладваў на донцы кошыкаў вільготны мох і ўтыкаў дрот пасярэдзіне, каб потым замацаваць кветкі. Валянцін за прылаўкам майстраваў ружовую гірлянду. А Ліза працавала над вясельным букетам: адшчыпвала ў лілей пыльнікі, каб пылок не выпацкаў сукенку нявесты. Абгортка для букета была ўжо гатовая, як і бутаньерка для жаніха, і Ліза была ў самым светлым настроі. Яна любіла лёгкую вясельную мітусню, мільёны прыемных дробязей, што на адзін дзень робяць са звычайнай дзяўчыны каралеву. Дакранаючыся чулымі пальцамі да чужога шчасця, яна нібы і сама рабілася шчаслівай, забывалася на кульгавасць і адзіноту.
Тым часам, перапыніўшы яе святочныя думкі, у краму ўвайшла наведвальніца, і Ліза адразу збянтэжылася і разгубілася, як і заўсёды ў прысутнасці яркай, эфектнай дзяўчыны. Так, дзяўчына, што ўвайшла, была вельмі прыгожай. З-пад яе капялюшыка какетліва выбіваліся кудзеркі. Пышная спадніца-сонца з кожным рухам калыхалася то направа, то налева, адкрываючы точаныя ножкі ў карычневых замшавых туфліках. Блузка з глыбокім дэкальтэ выстаўляла на агляд апетытныя акругласці, якімі адразу ж, не тоячыся, залюбаваўся Валянцін. У сукупнасці ножак, кудзерак ды падфарбаваных веек гэтая прыгажуня нагадвала адзін з шакаладных, укладзеных у плісаваную залацістую паперку труфеляў, пабачыўшы які, мужчыны галодна аблізваюцца, а жанчыны ўзгадваюць, што салодкае шкодна.
— Што ў вас тут? — грэбліва спытала наведвальніца.
— А вы не бачыце? Крама, — даволі няветліва адказала Ліза.
Дзяўчына агледзелася.
— Божа, якая безгустоўнасць, — прагаварыла яна нягучна, разглядаючы талерку з шакаладкамі і пярэстыя фіранкі. — А дзе кветкі?
— Я праводжу вас у сад, — як звычайна, прапанавала Ліза.
Але раптам Валянцін ускочыў з крэсла:
— Я сам!
Ён узяў прыгажуню пад ручку, паслужліва расчыніў дзверы. Густаў зірнуў на Лізу. Яна стаяла, панурыўшыся. І яе беласнежная кветачка на падаконніку раптам чамусьці стала шэрай. Што тут зробіш? Моўчкі ўздыхнуўшы, Густаў узяўся зноў за кошыкі і мох — толькі пруты затрашчалі.
Садоўнік вярнуўся няхутка. Амаль паўгадзіны ён правёў з пакупніцай у садзе, а выбралі яны ўсяго пяць пунсовых руж.
— Спакаваць? — хмурна спытала Ліза.
— Не трэба, — холадна адказала дзяўчына, а Валянцін ласкава прамовіў:
— Гэта падарунак, — намякаючы Лізе, каб не ўздумала патрабаваць грошы. Яна паціснула плячыма і адвярнулася. А прыгажуня пасміхнулася садоўніку:
— Што ж, да сустрэчы.
Калі за ёй зачыніліся дзверы, ніхто не прамовіў ні слова.
З таго часу Валянцін стаў часта сыходзіць па вечарах. Кожны раз ён браў з сабой пунсовыя ружы. Касцюм яго заставаўся нядбайным, аднак садоўнік галіўся, прычэсваў свае доўгія валасы і нават часам чысціў пазногці ад зямлі. Ліза такімі вечарамі была асабліва сумнай. Яна сыходзіла ў сад і блукала дарожкамі, думаючы пра розныя невясёлыя рэчы. Густаў панура сачыў з акна, як цягнецца да яе сукенкі духмяны гарошак, як вусікамі чапляюцца за рукаў суніцы, а павоі паварочваюць услед галоўкі, пра штосьці па-свойму ўздыхаючы.
Читать дальше