Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА
РАЗЛАМАШКІ МАЙСТРА ЛЮФТА
Аповесць
Прафесар гартаў уводзіны да Антонавага дыплома і на вачах змрачнеў.
— Даражэнькі, што за тэма? — сказаў ён нарэшце. — Я разумею, нікому не хочацца вывучаць музычныя скарбонкі, усім рэдкасці падавай. Я разумею, што разламашкі майстра Люфта — гэткая прыгожая казка, шмат каго натхніла паступіць менавіта да нас, у школу вытанчаных рамёстваў. Але і вы ж мяне зразумейце! У дыпломе павінна быць практычная частка: фатаграфіі, схемы, аналіз вытворчасці, распрацоўкі мадэлі. А калекцыя разламашак — і вы гэта ведаеце не горш за мяне — на выставы не вывозіцца, захоўваецца ва ўдавы майстра Люфта пад замком! Старая ашалела, нікога не пускае ў дом. На якім матэрыяле вы збіраецеся працаваць? Міфы і легенды нашага мястэчка? Старыя газетныя артыкулы ды чорна-белыя здымкі трыццацігадовай даўнасці? Вы праваліце дыплом!
— Але я напісаў мадам Люфт ліст з просьбай прыняць мяне! — горача запярэчыў Антон. — Упэўнены, яна не адмовіць. Я збіраюся пагасцяваць у яе і зрабіць фотаздымкі калекцыі, а таксама, з дазволу гаспадыні, падрабязна вывучыць дзве-тры разламашкі і апісаць іх.
— А маладзік з нябёсаў вы заадно не дастанеце? — пацікавіўся прафесар. — Ніколі яшчэ не бачыў такой саманадзейнасці. Майце на ўвазе, да аўторка ў вас ёсць час памяняць тэму дыплома. А потым я з’язджаю на канферэнцыю, і ўжо тады выкручвайцеся як хочаце.
Антон забраў сшытак і выйшаў.
Зразумела, ён ведаў, што так і будзе: што яго высмеюць аднакурснікі ды скептычна паставіцца прафесар.
Але ён ведаў і тое, што разламашкі былі зусім не вывучаны. Загадкавыя рэчы, якія на выгляд здаюцца нечым адным, а насамрэч з’яўляюцца зусім іншым. Ніхто не ўмеў іх рабіць, хоць усе марылі навучыцца. На чорным рынку за разламашку прапаноўвалі шалёныя грошы.
Калекцыянеры дрыжалі над кожным экзэмплярам. І калі Антон збіраўся прысвяціць чамусьці сваё жыццё, дык гэта — вывучэнню і стварэнню разламашак. Гэта вам не гадзіннікавы механізм сабраць са спружынак і зубчастых колцаў. Разламашкі — мастацтва, паэзія, мара!
***
На дыванку пад дзвярамі Антона чакаў ліст. Ад мадам Люфт. Ён чытаў яго, калі ішоў у студэнцкую сталоўку, і яго твар усё больш хмурнеў.
«Сябручок, — было напісана там мудрагелістым почыркам. — Дом майстра Люфта — не гасцініца для студэнтаў, а таксама не музей. Вашу просьбу змушана адхіліць. З прывітаннем, мадам Люфт».
— З прывітаннем, — прамармытаў Антон. — З прывітаннем...
— Антон! — да хлопца падсела яго аднакурсніца Юлія.
Вочы ў страуса большыя, чым ягоны мозг. Пра Юлію можна было смела казаць тое ж самае. Мабыць, за прыгожыя вочы яе і трымалі ў школе, іншых прычын Антон не ведаў, таму што вучылася дзяўчына вельмі дрэнна.
— Чаго журышся? Благія весткі? — спытала яна на здзіўленне зацікаўлена.
— Ды ўжо ж, — прамармытаў ён.
— Знаёмы почырк, — прагаварыла Юлія. Выхапіла ліст, прабегла вачамі. — Вой, толькі не кажы, што ты сур’ёзна вырашыў заняцца Люфтавымі разламашкамі!
— Аддай! — ускінуўся Антон. — Чым хачу, тым і займаюся. Што тут такога?
— Ды нічога асаблівага, — яна паціснула плячамі. — Гэта свайго роду благая традыцыя. З году ў год у школе знаходзяцца дзівакі, якім падавай міфічныя разламашкі міфічнага Люфта. Усімі шляхамі яны спрабуюць пракрасціся ў прыстанак засмучанай удавы, каб увачавідкі ўбачыць калекцыю. І, што самае цікавае, пасля гэтага яны ніколі не вяртаюцца ў школу. Адны з глуздоў з’язджаюць, другія трапляюць у турму за спробу крадзяжу з узломам.
— Адкуль такая дасведчанасць? — спытаў Антон хмура.
— Ды бачыш, — яна агледзелася па баках, — са згоды дырэкцыі я вучуся тут пад выдуманым прозвішчам. А насамрэч майстар Люфт даводзіўся мне родным дзедам. І на выхадныя я з’язджаю туды, дзе не гасцініца і не музей. Да маёй ненагляднай бабулі з прыветам.
Антон разявіў рот.
— І што вы ўсе знаходзіце ў дурных дзядулявых забаўках? — прагаварыла Юлія задуменна. — Барахло барахлом. Для мяне, дык каралі з чорных перлін ці брыльянтавыя дыядэмы — значна цікавей.
— Ты бачыла разламашкі? Можа, і ў руках трымала?! — недаверліва спытаў Антон.
— Само сабой, — кіўнула яна. — Не разумею, што ў іх асаблівага? Размаляваныя дзеравякі ды бляшанкі. Дзецям, можа, такое і цікава. А дзяўчаты, накшталт мяне, аддаюць перавагу даражэйшым цацкам.
— Юлія! — Антон учапіўся ў яе. — Юлія!
— Не працягвай, у мяне адкрылася здольнасць да тэлепатыі, — усміхнулася яна. — Прапаную абмен. Ты пішаш за мяне дыплом па каралях з перлін усходніх мораў, а я бяру цябе на выхадныя ў дом бабулі Люфт.
Читать дальше