А ўсё ж ты мусіш мною ганарыцца:
Мае ўсе творы створаны з табой.
Калі ў другіх твой вобраз прамяніцца,
Дык у маіх — жыве з усёй красой.
І тое, што несамавітасць піша,
Тваёй рукой узведзена на ўзвышша.
Пакуль адзін я піў з твае крыніцы, -
Зіхцелі вершы дзіўнай пекнатой.
Але цяпер ім суджана зацьміцца,
А музе — месца саступіць другой.
Я згодзен: варты вартага і варты,
Але што б іншы ні стварыў пясняр,
Ён толькі аддае, што вінаваты,
Ён доўг дае, а не прыносіць дар.
Калі пачне тваю ён славіць цноту,
Дык, значыцца, крадзе ў тваіх жа дзей.
Красу ён славіць — зноў маленькі клопат:
Прыносіць дар, які ў цябе ж крадзе.
Не думай дзякаваць за «пахвалёны»,
Бо сам сабе заплаціш доўг ягоны.
Я спраняверыўся ў сабе зусім,
Калі падумаю, які мастак
Складае творы з іменем тваім,
Бо не магу зраўняцца з ім ніяк.
Твая душа — як мора шырынёй,
На ім прастор для ўсякіх ветразей:
І карабель ідзе сваёй хадой,
І човен мой не менш рызыкаўней.
Ты толькі можаш зратаваць мяне,
Бо човен мой — нядужы і стары.
А той плыве бяспечна праз віры,
Таго ніяк пагібель не кране.
Калі я згіну ўсё-ткі ў акіяне, -
Мая пагібель праз каханне стане.
Хоць да мяне памрэш ты, хоць пазней,
Калі ў зямлі мае сатлеюць косці,
Ніяк не згасне бляск тваіх вачэй,
Твой вобраз чараўнічай прыгажосці.
Бяссмертным зробіцца тваё імя,
Калі навекі згіну я аднойчы.
Звычайнай будзе могілка мая,
Красе тваёй — усе людскія вочы.
Твой вечны помнік — мой сардэчны верш,
Для нашых дзён, для часу, што настане,
Для тых людзей, з якімі ты жывеш,
Для тых, што прыйдуць пасля іх згасання.
Так, як дыханне з роду ў род ідзе,
Ты будзеш жыць на вуснах у людзей.
Не заручоны з музаю маёй,
Ты можаш быць паблажлівым для тых,
Што кожны твор табе прысвеціць свой,
Благаславення просячы для кніг.
Каб славіць розум, прыгажосць тваю,
Мой талент вельмі сціплы і малы.
А новы час, на сілу ўсю сваю,
Нясе табе багата пахвалы.
Але калі ад новых спевакоў
Пачуеш красамоўны іх тандэт,
Тады ацэніш праўду шчырых слоў,
Якія даў ад сэрца друг-паэт.
Малюнкі іх — як нежывыя ўсе,
А вобраз твой — радня самой красе.
Я думаў, што красе тваёй цудоўнай
Ніякіх штучных не патрэбна фарб
І што паэт наўдачу мерай роўнай
Аддасць табе пазычаны ім скарб.
Таму і размаўляў я цераз зубы,
Чакаючы, каб пекната сама,
Устаўшы, свету давяла ўсяму бы,
Што лепшай, чым твая, нідзе няма.
Але за грэх маё маўчанне ўзята.
Тым часам модныя ўсе песняры,
Намераў добрых маючы багата,
Цудоўны скарб хаваюць да пары.
Жыцця ў вачах ты маеш больш, чым гэта
Маглі бы выказаць і ўдвух паэты.
І хто больш красамоўны? Той, які,
Абмежаваўшыся найбольшай хвалай,
Сказаў, што ты — якраз, як сам, такі,
Бо скарбу большага на свеце не бывала.
Той бедны верш, які не дадае
Пры апісанні слова ці другога.
Затое збольшыць вартасці свае,
Хто скажа: «Ты падобны на самога!»
Калі праўдзіва апісаць, як ёсць,
Усё, што створана самой прыродай, -
Дзівіцца будзе свет на прыгажосць,
Здзіўленнем дасць паэту ўзнагароду.
Але і небяспека ёсць ва ўсім:
Каб не перахвалілі разам з тым.
Прыціхлі з музаю мы, як нямыя,
Тым часам плойма модных песняроў,
Пабраўшы ў рукі пёры залатыя,
Да кучаравых прылягла радкоў.
Пакуль яны грымзоляць спрытна словы,
Я думы думаю свае адзін
І, як дзячок да псалмаў адмысловых,
Да гладкапісаў дадаю: «Амін!»
Пачуўшы хвалу, пасылаю кожнай:
«Але!», «Папраўдзе, так!», «Во гэта — верш!»
Хоць так пачуцці выказаць няможна,
Любоў к табе я выкажу найлепш!
Цані за пуставейнасць спевакоў,
Мяне — за думкі ціхія, без слоў.
Цікава б знаць, паэзіяй сваёй,
Што на ўсіх ветразях нясе імкненні,
Спыніў ён лёт фантазіі маёй
І пахаваў у месцы нараджэння?
Ці самы ён, каго якісьці дух
Вучыў ствараць пачварныя стварэнні.
Ці, аб'яднаныя, яны удвух
Мае пазабівалі летуценні?
О, не! Ні ён, ні ўсе дарадцы з ім
Маёй паэзіі забіць не могуць!
Ён, са сваім дарадчыкам начным,
Мяне жудой сваёй не перамогуць!
Але, як ты яго ўзнёс да нябёс,
Я страціў тое: што у сэрцы нёс.
Бывай! Цябе ніяк я не стрымаю,
Занадта ты, любоў, любіма мной.
Читать дальше