Мы ж гэтак лапочым, а ён усё піша,
Пытаецца толькі, а сам — як не слыша;
А потым чытае: «Такія-то людзі
Урадніка білі, цягалі за грудзі;
Прызналіся самі, і як, і чым білі,
І зналі самі, што закон праступілі
Супроці начальства, законнай уласці
І змовілісь вёскай урадніка ўкласці!»
Зачыншчык жа я, — або я той калок
Спаліў, а другіх я у бунт увалок;
Дык мяне у астрог той жа час запярці
І судзіць найстражэй па вялікай стацці!
Чытае ён гэтак, а мне дык здаецца:
Ён з нашага брата і з праўды смяецца;
Бо ў законе ўсе роўны — і пан, і мужык [62] Бо ў законе ўсе роўны — і пан, і мужык — судовая рэформа 1864 года абвясціла роўнасць усіх саслоўяў.
,
А што ж то ураднік за велькі індык?
Як ён каго трэсне, дык гэта нічога,
Яго ж не даткні, так як Юр'я святога [63] Святы Юр'я (Георгій) — вялікапакутнік, празваны таксама грэкамі «вялікім святым»; за гарачую прыхільнасць ідэям хрысціянства быў абезгалоўлены; дзень смерці 23 красавіка — рэлігійнае свята.
!
То так думаў я, ажно выйшла не тое;
Ураднік на службе, то дзела другое;
Тагды сцеражы ты яго, як той скулы,
Бо ён — то не ён, а то ёсць артыкулы,
Раздзелы, стацці і ўсе зводы закона!
Мужык жа, наш брат, той усюды — варона.
Здалося ж мне так, што ці дурню, ці шэльме,
Ці хітры ён будзе, багаты хоць вельме,
Мундзір хоць надзене, жупан хоць бы новы,
А дурнем жа будзе дурны, безгаловы;
А шэльму жа нюхам пачуе сабака,
І ўсюды для шэльмы чэсць будзе яднака.
І прыказка ж кажа, што Бог — не цяля,
З усёй грамады пазнае круцяля!
Законы ж, а думачкі нашага брата,
Як ноч, а то дзень; гэта будні, то свята.
Вот гэтых законаў паняць я не мог,
За гэта ж цяпер я папаўся ў астрог.
Цяпер ужо тут дык мне вочы працёрлі,
Пазнаў, як у бацькаву хату запёрлі…
Ото ж і завуць і мяне на той суд,
Вучыць шанаваць і начальства, і кнут,
І слуп, што гніець, стаячы ля дарог,
Бо начал, кнут і слуп то даў Бог!
Раз у дзень задушны [64] Дзень задушны — дзень памяці памерлых, 1 лістапада.
, якраз апаўночы,
Іду я дадому… а цёмна і ўюга —
Не каб заліўшы саўсім ужо вочы,
Але так, у меру падвыпіўшы туга;
Іду і мяркую: ці то цяпер шчасце,
Як паноў не стала, ці то была доля?
І лічу на пальцах: паншчызны дванасце,
А гадоў да трыццаць, як настала воля…
Там быў аконам, камісар і цівун,
Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны.
І кожны меў права узяць за бізун,
І кожны меў права да нашай спіны…
А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці не болей настала паноў,
Не надта свабодна у гэтай свабодзе.
І давай я лічыць паноў новых зноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
З'езд міравы, прысутства і сход…
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў не стала на весь гэты шчот.
А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!..
Іду… калі, шусць, як маланкай спаліць,
Стаіць, так якраз, што умёр, аканом.
Прыгледжуся — ён, тыкі ён і стаіць,
І стрыжаны ж вус, і стаіць з бізуном…
Схудаўшыся толькі: скура ды косць.
А белы весь чыста, белы, як снег,
Толькі на сэрцы плямачкі ёсць
І плямкі на пальцах — мусіць, то грэх?..
«Браціку, — кажа, — браце Мацей!
Ратуй маю грэшную душу
З чысца [65] Чысцец — паводле каталіцызму, месца часовай кары за дробныя грахі па смерці чалавека, куды ён трапляе пасля апошняга «Божага суда» і дзе адбывае пакуты; адпакутаваўшы (з дапамогаю родных і блізкіх, якія ў гэты час моляцца за душу нябожчыка), ён трапляе на неба.
, з рук подлых чарцей,
Альбо навекі загінуць я мушу!
Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся,
Усе грахі выбыў, усіх жа адрокся,
Толькі на сэрцы вот грэх, як смала,
Прыліп да мяне і не змыты;
То за жонку тваю: саграшыў, як жыла,
За цябе, што нявінне быў біты.
Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,
Аж да чысцу таго, аж на дне,
І выбач ты мяне, што як быў малады,
Твая жонка-краса спадабалася мне.
І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,
Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!»
Я заплакаў з жалю, але думаю: досць
Нацярпеўся і ён, балазе што жывы,
Гэтак ссох ад агню — толькі скура ды косць.
Пайду ў чысцец я той, пагляджу на дзівы!
І дзівы ж, браце мой, у тым чысцу, але!
Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,
І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,
Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос,
Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар,
Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.
І каго ж тут няма? — тут і пан, і жабрак,
Ганарал і салдат, аканом і мужык.
А што баб і дзявок — сказаць так —
Ўтрое больш, як мужчын ёсць на лік.
Хто за што, а як баб — дык найбольш за язык.
Языкі ж даўжыні — так, як добры ручнік.
Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць,
І ніяк дабяла прапаліць не магуць.
Надта шмат маладых, што дурылі мужоў;
Чараўніц, а і зводняў старых,
Тут я шмат і знаёмых найшоў,
Але так не чапаў ужо іх.
З мужыкоў тут не надта каб шмат,
А ўсё больш дык багатых паноў.
На зямлі адцярпеўшы, наш брат
На той свет, як па масле, пайшоў.
А панам дык і трудна цярпець
Без прывычкі, дык стогнуць, аж страх!
Глянеш, пан, як, здаецца, мядзведзь,
А чорт дышлам запрог і трах-тарарах,
Бічам б'е, ражном пора у тыл,
Морду круце набок і за кудлы трасе;
Стук і крык, аж віхор круце пыл,
Так пан чортавы воз той нясе.
Там паны і муруюць й аруць,
Вымятаюць і свінні пасуць,
А смалу дык, як мёд, там жаруць,
А камення, як горы, нясуць, —
Усё ў пекле каб дно як зрабіць,
А ўсё толку няма іх работы нігдзе:
Тут яны робяць усё, абы збыць,
І там ім гэтак работа ідзе.
Я ж то думаў, што ксяндзоў тут няма.
Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць:
Чорт яго аблажыў грашыма,
Запаліў у грашах тых, і ксёндз так гарыць.
А другі дык вісіць, але як? —
Дык і стыдна мне вам гаварыць,
А са стыду чырвоны, як рак,
Вочы жмура, як кот, і гарыць.
А тут баба яго так кляне
Ды так лае з астатніх жа слоў,
Што, каб гэтак хто лаяў мяне,
Я б яго з свету даўно перавёў.
Станавы, старшына і тый тут.
Тым дык чорт усё грошы збярэ,
Скруце цвёрды круцель або жмут
Ды ў горла запрэ і даўбешкай пярэ;
Каласірам [66] Каласір — газа.
ці чым там паліў,
І жмут той у горле агнём запаліў…
Але ж і ёсць там народу, аж цьма!
І роду ўсякага, і стану, і веку,
Хто не жыў на зямлі, таго тут няма;
Няхай Бог сцеражэ там быць чалавеку!
Ледзь я прайшоў аж у тую кануру,
Гдзе аконам Бізуньскі цярпіць.
Чорт і яго запрагае у фуру.
Спацеўшы бедны, а енча: «Дай піць!»
Я брызнуў крапідлам на твар,
Ён аж зрадзеў, як дзіця,
Як хапіўся рукой за той каламар [67] Каламар — чарніліца; тут у сэнсе конаўка або іншая пасудзіна.
,
Што ўзяў я з вадой яму для піцця,
Дык высахла зараз вада аж да дна;
Ён стаў такі светлы, як гэты дымок,
Стаў нікнуць, засталася пара адна,
І знік так, як нікне на слоньцы аблок.
Не помню, як выйшаў я з чысцу таго,
Праснуўся у хаце на печы аж днём.
Усе кругом плачуць, не ведаць чаго,
А пале мяне дык так, як агнём!
Трашчыць галава, баляць усе косці,
І надта вады зажадалася піць.
Напіўся і зноў паў я у млосці!..
От давялося ж у чысцы мне быць.