Вот назаўтра рана-рана
Нам адзежка наша дана;
Паскідалі мы сярмягі,
Салдат узяў дзве бумагі,
Нас звязалі — і ў дарогу!..
Я падумаў: «Дзякуй Богу!
Хоць нас слоначка сагрэе!
Вецерчык на нас павее!
Можа, дожджык срыбны змоча!
Можа, пташка засвяргоча?..»
Аж заплакаў я, зрадзеўшы!
От, здаецца б, і не еўшы
Быў бы сыты на свабодзе,
Як той кролік у гародзе.
Тут, здаецца, і сканаў бы,
За свабоду жыццё б даў бы!
Скаўроначкі Бога хваляць,
А пастушкі агонь паляць,
А і слоначка прыгрэла,
Аж мне ў душы паяснела.
Да палудня ішлі гэтак,
Пры дарозе шмат і кветак:
То пралескі, то сасонка,
Выгравае Божа слонка!
Так пад вечар ў мейсцы сталі,
У халоднай начавалі, —
Было позна. Заўтра зрання,
Якраз у дзень Звеставання [61] Звеставанне — веснавое свята 25 сакавіка (н. ст.).
,
Клічуць мяне да дапросу
(Задаваць-то ужо чосу!).
Той судзебнік маладзенькі,
Такі быстры, хоць маленькі,
Ўсё пытаецца ды піша
І нагой усё калыша.
Як спытаўся мяне, хто я?
Я і спомніў сабе тое,
Як вучыў там той з астрога:
«Знаць не знаю я нічога!»
І старога тут клікнулі,
Папыталіся, раскулі
І дадому павярнулі.
А мне кажа: «Ты, брадзяжка,
Сакрыў званне, будзе цяжка:
Сорак розаг, потым роты!
Скажы лепей — адкуль, хто ты?»
А ўсё піша, піша, піша
І нагой усё калыша.
Пісаў, пісаў, даў другому
І сам пайшоў кудысь з дому.
Мяне зноў жа да астрогу,
Толькі цяпер, дзякуй Богу,
Адзінокі я застаўся.
Айчым плакаў, як жагнаўся.
«Помні, - кажа, — мяне, сыну,
А я хіба што сам згіну,
А цябе вярну да вёскі,
Хіба б ужо гнеў быў Боскі
Або б Праўда гдзесьці змёрла!
Вырву цябе ім із горла:
Бог паможа, проці сілы
Праўда выйдзе, як з магілы!»
Сказаў гэта, пакланіўся
Ды ізноў слязьмі заліўся.
І мне стала ў вачах цьмяна,
Зашчымела ў сэрцы рана,
Як бы штосьці адарвала,
Сам не знаю, што мне стала?
Калі гляну, ачунеўшы, —
Я ў шпіталі, захварэўшы…
Галава мая абрыта,
Твар вадой ці чым абліты,
А піць хочацца… здаецца,
Рэчку б выпіў, каб пры рэчцэ!
Так я праляжаў тры тыдні,
Прадаў усе свае злыдні;
Надта есці стаў памногу
І паправіўсь, дзякуй Богу!
Я ж тут ляжу, і ні рэчы,
Што там стары гаспадара.
А ён торбу ўзяў на плечы,
Па начальству просьбы жара!
Трэйчы Вільню, сем раз Ліду
Ён адведаў. Трэба ж ведаць, —
Прысягнуў, покі я выйду,
Навет дома не абедаць!
Раздабыў усе паперы,
Запісаў мяне у сказку…
Што і бацька б, можа, шчэры
Не зрабіў такую ласку.
Так увосень, ў замарозкі
Прывялі мяне да вёскі,
Пазбіралі шмат суседаў!..
Кожны гаварыў, што ведаў:
Як я тут, калі радзіўся,
Як і бацька мой жаніўся…
Паказалі усё чыста,
І што імя мне Каліста,
Што завуць мяне Ліндарка,
Так, на смех, што чыста гол,
Як ліндар, што на фальварку:
Весь маёнтак — ён ды вол.
Асэсар быў ужо новы,
Чалавечак так, нічога,
Якісь ціхі, нездаровы
І цярплівы… хваліць Бога!
Пасля таго праз паўгоду
Ў марцы ж мяне на свабоду,
Дзякуй Богу, адпусцілі
У той дзень, як і хрысцілі.
Паперы прыйшлі у турму з акружнога,
Што зараз зачнецца суд после Каляд.
Сядзела ж там нашага брата і многа,
Было і нявінных памежы нас шмат!
Быў пан, што у банку краў грошы чужыя,
Быў пісар, што выдаў паперы благія…
Я сам тут сядзеў, а за што? каб спыталі,
Дык я б не сказаў, і яны бы не зналі.
А пісана так: «Што страбіў жывы знак».
Калок на капцы (быў гнілы, як бурак)
Пры полі маім мне стырчаў так, як скула, —
Наехаў кабылай, і слуп той звярнула.
Каб жа люльку паліць было чым, не красаўшы,
Агонь разлажыў, той калок пашчапаўшы.
Прыехаў дадому, пасеяўшы грэчку,
Закінуў кабыле, забраўся на печку.
Назаўтра, праспаўшыся добра уранку,
Завець мяне сотнік, стукнуўшы па ганку:
Ураднік склікае народ аж на поле,
Пісаць там штось трэба яму ў пратаколе.
Пайшоўшы, гляджу я — аж ён штось пытае:
«Чыя то граніца і грэчка от тая?
Хто слуп асмяліўся спаліць самапраўна?
Калі то было? ці даўно, ці нядаўна?..»
Ураднік жа піша, а я дык смяюся,
Кажу: «Ох, я надта цябе ды баюся!»
Пытаю: «Ці брат твой, ці бацька гніляк,
Што ўзяўся пісаць пратакол шчыра так?
Ці, можа, той кол толькі ёсць твой зямляк?
А можа, вялікі якісь быў чынал,
Ці спраўнік, ці большы яшчэ ганарал?
Прыблуда! схавайся, адкуль ты прыйшоў,
У нас ужо досыць такіх прыбышоў,
І кожны згніе, бо як кол тут убіўся,
А зрублены пень там згніе, гдзе радзіўся.
Кабыла мая дык усіх вас паверне,
Не то што чапаць, але толькі як п…!»
А людзі рагочуць, зышоўшыся з хат,
Бо кожны ўтапіць быў урадніка рад.
А ён дыкі тое, што я кажу, піша,
Другі раз спытае, чаго не паслыша.
Мяне ж яшчэ болей ды смеласць бярэ.
А дзядзька мой блізка за гоні арэ;
Я ж, біч яго ўзяўшы, ды ззаду зайшоў,
Урадніку трэйчы як дам меж вушоў!
Аж ён закрычаў: «Калавур, тут разбой!» —
І зноў запісаў, ўзяў паперы з сабой,
Як сеў на каня, даў, аж пыл закурэў!
Народ жа са смеху увесь аж памлеў.
Смяёмся сабе, а таго неўдагад, —
Ураднік — начальнік, не то што наш брат.
За тыдзень жа сотнік павесткі прыпёр,
Каб мы усе заўтра з'явілісь у двор.
Тут пан прыляцеў, аж на тройцы з званком,
Распытываць будзе пад строгі закон.
Тут некуды дзецца, назаўтра, чуць свет,
Мужчын з два дзесяткі, дванасця кабет
Ідзём да двара, за малым не дзве мілі,
Ідзём, а чаго? Каб мы зналі, хоць снілі!
Адзін кажа, выйшаў то, пэўне, указ,
Каб скінуць падаткі якія із нас;
Другі, жэ зямлі дададуць ці аброк
Даруюць за прошлы ці гэты хоць рок.
Лгуць бабы, што біскупа вернуць ізноў
Ці, можа, біць розгамі будуць паноў
За тое, што немцам усё прадалі
І надта пашмат што даўгоў завялі:
У банках усе аж па вушы сядзяць,
Кідаюць двары, на Парыжу глядзяць;
Усе пушчы змялі у жыдоўскі кішэнь
І жывуць так без заўтра, абы з дня на дзень.
Ніхто не згадаў, чаго клічуць у двор,
Ніхто не паняў, што то сотнік прыпёр!
Читать дальше