Адзін мужык ды добра з жонкай ладзіў,
А гэта ж чорту ў горле косць,
І што ён толькі ні рабіў — не звадзіў,
І немарасць бярэ і злосць.
Чорт з хаты вон ідзе, хвастом трэ вочы;
Жаль душ яму, а навет стыд;
Не раз не еўшы быў, не спаўшы ночы,
А скутку ніц [44] Скутку ніц (польск.) — без ніякага выніку.
— сабе абрыд!
Калі глядзіць, шкулдык, шкулдык бабуся,
Якраз у тую вёску йдзець;
Чорт думае: дай бабе пакланюся, —
Яна іх пэўне развядзець?
Прад бабай чорт такім харошым стаўся,
Аж вышчырыўся бабін клык.
Чорт жаль свой расказаў і абяцаўся
Даць бабе пару чаравік,
Як толькі муж ды жонку аддубасе,
І прысягу па-свойму даў;
А баба внэт [45] Внэт (польск.) — хутка, мігам.
за дзела узялася!
(Чорт бабу, пэўне, добра знаў
Яшчэ тагды, як яблык крала Эва
У раі божым, гдзесьці там,
З таго праклятага праз Бога дрэва,
Што праз яго прапаў Адам!!)
Вот бабка зараз шусць да жонкі на сакрэты,
Давай хваліць: што добра так жывуць,
Што рэдка гдзе такой знайсці кабеты,
А лепшых дык нігдзе не чуць.
А можна бы і лепей навет жыць,
Каб жонка ведала сакрэт,
Умела як на тое варажыць, —
Яшчэ бы лепшы стаў ёй дзед!
«Ёсць у мужчын на самым гарляку
Грубейшы валасок адзін;
Як спіць, — згалі яго, дык будзе да вяку
Слухмяны для цябе, як сын!»
Тут бабе жонка надала, што мела,
І баба з Богам выйшла вон,
А жонка з радасці і полудня не ела, —
Што век жа будзе добры ён!
Мужык гарэ, а блізка ля мяжы,
А баба міма йдзе… шкулдык —
І стала! кажа: «Божа, памажы!»
Як трэба адказаў мужык.
«Што добрага чуваць, бабуся, ў людзях?» —
«Ай, чула, чула дзісь я шмат!
Ці то казаць, ці не казаць? бо страх.
Цяпер на брата ідзе брат,
А жонкі вернай, — гдзе цяпер шукаць?..
І у тваей каханак ёсць;
Змаўлялася, — як будзіш у полі спаць,
Дык брытвай табе зробе штосьць!..»
Сказаўшы гэта, марш у лес бабуся,
Як ліс, лягла за першы куст,
Ціхусенька ляжыць, хоць кашаль дуся,
Не пусце навет пары з уст!
Аж жонка з полуднем ляціць ад вёскі,
Схаваўшы брытву у кішэнь;
На вобмежку паставіла дар Боскі
І кліча мужа, як штодзень.
Ён хмурны штось і есць не надта хоча,
А потым зараз лёг заснуць.
Заснуў! а жонка ў кішані шамоча…
Дастала брытву — і чуць-чуць…
«Га! рэзаць, подлая ты душагубка?» —
Зароў, як той шалёны бык.
«Дык вот якая ты, мая галубка?..»
І дай біць жонку той мужык!..
Здзівіўся чорт, што баба так зрабіла.
Узяў яго прад бабай ляк [46] Ляк — сполах.
.
Ціжэмкі [47] Ціжэмкі — абутак з тканіны; палатняныя, парусінавыя або шаўковыя тапці.
бабіны наткнуў на вілы,
Здалёка даў, баяўся так,
Каб баба і яму жыцця не струла [48] Не струла (польск. struć ) — не атруціла.
,
Не нарабіла ў пекле штук,
Не набрахала б там, што чула,
Або што ён — яе байструк.
З тых пор, як чорт гдзе не дарадзе,
Там слухае ён бабскіх рад,
У бабскай круціцца грамадзе
І ў пекле тым трымае лад!
Як я толькі нарадзіўся —
Бацька сказаў: «Кепска будзе!»
Ну дык жа ж не памыліўся:
Здзекавалісь Бог і людзе.
А чым кепска? — бо на марцы
Я радзіўся (пост праўдзівы,
Цяжкі месяц гаспадарцы.
Як пражыў хто, — будзе жывы).
Пераеўся хлеб да крышкі,
Бульбы толькі як пасеяць,
І прыварку [49] Прыварак — мука лепшага гатунку, грачаная, гарохавая, бабовая, а найчасцей ячная для прыгатавання розных страў.
ані лыжкі,
І скаціна — хоць развеяць;
Ні саломкі, ні то сена,
Хоць бы на раз для скаціны;
А тут дроў ані палена,
А тут яшчэ нарадзіны!
Трэба ж бабе бохан хлеба
І гарэлкі ж трэба пляшку,
Яшчэ ж хрысціць хлопца трэба…
Вот і думай, як сярмяжку
Нясці жыду пад заставу [50] Пад заставу — пад заклад.
Ці прадаць каня, кароўку?
«Сеў, - казаў ён, — я на лаву,
Узяўшыся за галоўку,
І заплакаў, аж заліўся,
Так, як бацьку пахаваўшы…
Кепска зрабіў, што радзіўся,
Кепска будзе, свет пазнаўшы!»
Ці то слова йшло урокам,
Што сказаў у кепскім часе,
Ці хто кінуў такім вокам?..
Ну і доля ж удалася!
І збылося ж бацькі слова!
Вот у тыдзень вязуць гэта
Хрысціць мяне да Макрова
Кумоў двое і кабета.
У Аборках [51] Аборкі — вёска пад Маладзечнам каля Палачанаў са слынным старажытным драўляным касцёлам, рэшткі якога захаваліся дагэтуль (пабудаваны ў 1443 г., перабудаваны ў 1773 г.).
мост сарвала,
А я ж быў — чуць жывы, слабы.
Рада — ў раду, на тым стала,
Што ахрысцяць з вады бабы.
З Беразіны [52] Беразіна — рэчка ў Аборках.
жменяй вады
Кума сама зачарпнула,
Паматала сюды-туды.
Трэйчы на мяне лінула.
«Вот і хрэст увесь тут, — кажа, —
І ксёндз хрысце гэтаксама,
Толькі яшчэ чымсь памажа,
А хлопцу ўсё роўна — яма!
Хоць бы жывым хоць давезці,
Каб дарогай не сканала, —
Скажуць — кепска вязла гдзесьці
Або туга спавівала!..»
Гэтак мяне пахрысціўшы,
Вязуць назад ужо да маткі,
Вочы добра пазаліўшы,
Ледзьве уняслі да хаткі.
Закусіўшы тут як трэба,
Пакумаліся, і квіта:
Баба ўзяла бохан хлеба,
Пляшку водкі, торбу жыта;
Разышліся і паснулі.
Матка ж мяне калыхае:
«Люлі, - шэпча, — сынок, люлі…»
А як зваць? — сама не знае.
Вот назаўтра спазарання
Бяжыць матка да кумошкі
Ды пытае: як празванне
Далі сыну? Лёну трошкі
Тут прынесла пры здарэнню,
Трошкі сала, круп са жменю…
А кума ж была праворна:
Хоць што збрэша — не запнецца;
Круце сабе ў сенях жорна,
Трэба ж салгаць! Куды ж дзецца?
«Імя, — кажа, — твайму сыну
Ксёндз хацеў даць па кантычцы,
Думаў ён, можа, з гадзіну,
Узяў ксёнжку, як стаў рыцца,
Дык даў потым з каліндарка» [53] З каліндарка — з календара.
!
Матка прандзей з хаты ў сені,
Як бы цівун гнаў па карку,
Усё шэпча то імене:
«Аліндарку, Аліндарку!»
Прыляцеўшы так дадому,
За калыску узялася
І зрадзела, як святому,
Што аж слязьмі залілася.
І калыша, і галосе:
Надта імя спадабала,
Надта добрае здалося,
Што такога і не знала!
Вот і клікаць мяне сталі
Скаліндаркай, Аліндаркай…
Ну, як зналі, так і звалі.
Але вот што з гаспадаркай?
Наперш конь здох таго ж лета,
І цялушка, як лань, пала…
Матка ж, ведама, кабета,
Затужыла і запала,
Гадкоў зо тры пацягнула,
Ў марцы й ручанькі згарнула.
(А ўсё ў марцы, трэба ж гэта!
А разумная была кабета!)
З таго гора бацька бедны
Стаў маркотны, як магіла.
Было сядзіць такі бледны…
«Што ж ты гэта нарабіла?!»
Гэтак скажа і заплача.
(Хто ж пачуе, хто забача?)
Потым дай памалу сватаць;
Трэба ж, ведама, жаніцца,
Каб было каму палатаць,
Каб было у што змяніцца,
А так усё памарнела:
Куры, гусі, навет свінне.
І свіння дзяцей паела,
І карова марне гіне…
Увосень давай шукаць пары,
Ды ніводная не хоча;
Аднэй бедны, другой стары,
Трэця, чорт ве — што тароча:
«Аддай, — кажа, — Аліндарку
Куды-кольвек хоць на людзе,
Сядзь на нашу гаспадарку,
Тагды выйду, добра будзе!»
Бацька кідаўсь зо тры тыдні,
Яшчэ горай зажурыўся,
Прадаў сякі-такі злыдні [54] Злыдні — дробныя гаспадарчыя рэчы, транты.
,
Разлайдачыўся, распіўся
І умёр так пад гародам,
Устраміўшы ў плот галоўку!
Шапку найшлі аж за бродам
І у шапцы залатоўку.
А назаўтра прывёў соцкі
Асэсара, паноў трое.
Труп той зрэзалі на клёцкі…
(А у марцы ж было й тое!)
Мяне цётка, у апеку
Ўзяўшы, трошкі падрасціла
Ды якомусь чалавеку,
Як за сына, адпусціла.
Незадоўга змёрла цётка,
Я стаў круглая сіротка.
Ці гдзе днюю, ці начую,
А ўсё бяду сваю чую!
Пастухі збяруцца ў гаю,
Пяюць песні ля бярозы,
А мне чагось, сам не знаю,
Смутна, цяжка, цякуць слёзы.
Рос я гэтак за вачыма,
Ужо трэйчы спавядаўся,
Калі зімой да айчыма
Ды ураднік заблукаўся.
Я сяджу сабе на печы,
Пляту лапці, ўю аборы,
Ён паказуе праз плечы:
«Што-то сын твой, — кажа, — хворы?»
«То не сын! — айчым той кажа. —
Ўзяў сіротку; дзякуй Богу,
Добры ўдаўся: позна ляжа,
Рана ўстане і адлогу
Не запусце… спагадлівы;
Маю сына, хоць не родны.
Ажаню, як буду жывы,
Будзе Богу й людзям годны!»
«А лет сколькі?» — той пытае.
«Дваццаць, — кажа, — мусіць, мае?»
«А зваць як?» — «Да Каліндарка!..»
Ратнік піша усё шпарка.
Як радзіўся, гдзе хрысціўся?..
Пісаў, пісаў дый паехаў!
Бацька яго угасцілі,
Далі торбачку гарэхаў…
После таго, так не далей,
Як у тыдзень і асэсар
Шусць у хату (і з мадаляй).
«А гдзе, — кажа, — той пасэсар,
Твой Ліндарка, ці як звецца,
Што хаваецца з някруцтва,
Пляцець лапцікі на печцы?..
Ашуканства, баламуцтва!..»