Толькі бразгаюць кайданы
Дзікім бразгатаньнем,
Звон пакуты, звон паганы
Аддае стагнаньнем.
Будзіць звон той боль у сэрцы,
Смутак наганяе.
Цяжка, цяжка ў паняверцы!
Ой, доля ліхая!
Сьвеціць сонца, жарам пыша,
Ў небе — ні хмурынкі.
Лёгкі ветрык сад калыша,
Гойдае галінкі
Ды жартліва задзімае —
Накурыць, напыліць,
Пух угору падымае,
Красачку пахіліць.
Прабяжыць і ціха стане…
Зьвякаюць кайданы.
Ў гурт сышліся катаржане,
Від іх змардаваны.
Вось на лаўку яны селі,
Галовы спусьцілі,
Думкі моцна іх здалелі,
Сэрца засмуцілі.
Не згадаць іх дум маўклівых,
Дзе яны іх носяць —
Мо гуляюць там, на нівах,
А мо волі просяць.
Катаржане — хлебаробы,
Дзеці вёсак, поля:
Таго бойка з-за худобы
Прывяла ў няволю,
Той з суседам пасварыўся,
Ў таго зяць паганы,
А той, з братам як дзяліўся,
Зарабіў кайданы,
Той за нораў свой сярдзіты
Ці за лішак жару…
Гэта — цёмны люд, забіты,
Беднаты ахвяра.
Што за думкі — не згадаю:
Цьмяна іх гаворка.
Адно толькі добра знаю:
Горка людзям, горка!
Нудна Сьцёпку за рашоткай,
Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
Сьцёпкавы дадому.
Дома жонка, дома дзеткі…
Бог сьвяты іх знае,
Як жывецца небаракам
Там, у родным краі!
Ходзіць Сьцёпка з вугла ў вугал
Ды зірне ў аконца:
За рашоткай відно неба,
Хмарак валаконцы.
Эй, хмурынкі! Плывяце вы
У старонку тую,
Дзе пакінуў я сямейку,
Хатачку старую!
Ох, паплыў бы я, здаецца,
Хмаркі, разам з вамі,
Каб на вёску сваю глянуць
Нуднымі вачамі.
Там, далёка, за дамамі,
Разьляглося поле,
Лес, узгоркі і курганы…
Эх, прастор там, воля!
Дзесь у полі дым сінее —
Бульбу люд капае.
Сьцёпка ж бедны так марнее,
Долю праклінае…
Ляжа Сьцёпка спаць на нары,
I праз цэлу ночку
Сны аб роднай вёсцы сьняцца,
Аб сваім куточку!..
Нудна Сьцёпку за рашоткай,
Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
Сьцёпкавы дадому.
Рана Сьцёпка абудзіўся
I ляжыць — ня сьпіцца:
Сон яму такі прысьніўся —
Толькі падзівіцца!
Быццам жыта сеяць выйшлі
Ў поле пры дарозе, —
Сьцёпку нават зышло з мысьлі,
Што ён у астрозе, —
Поле сонцам скрозь заліта,—
Шырыня, раўніна!
Глеба тлуста, сакавіта —
Чарназём ды гліна.
Не дакінеш проста вокам
Да суседскіх межаў,
А на лузе іх шырокім
Што ні стог, то вежа!
I суседзі тут у полі
Ходзяць з карабкамі,
Сеюць жыта на прывольлі,
Рэжуць дол плугамі,
Робяць гоні і разоркі…
Ветрык ціха вее.
Трохі воддаль на прыгорку
Вёска іх чарнее.
З-за сялянскіх хат адметна,
Між гумён, адрынак,
Пазірае так прыветна
I Сьцёпкаў будынак…
Углыбіўся Сьцёпка ў мары,
Думцы ўвесь аддаўся,
Пра астрог забыў, пра нары,
Дзе ўсю ноч валяўся.
Тут ён целам, там — душою,
Там, у родным полі,
Дзе хадзіў ён за сахою,
Дзе пазнаў нядолю.
Ды забыта ўсё ліхое,
Ўсё, што дух смуціла,
Засталося дарагое,
Што так сэрцу міла.
Але зараз расьсьвітала,
Нудны дзень вярнуўся.
Сон і мары — ўсё прапала,
Як астрог ачнуўся.
— Напішы мне, калі ласка,
Пісямко дахаты!
Піша з дому мне Параска,
Што сын здан ў салдаты…
Охо-хо! — Пракоп ўздыхае,
Джургае чупрыну,
А ў руках пісьмо трымае
I канверцік сіні.
Просіць шчыра грамацея,
Нават шапку скінуў.
Сам Пракоп пісаць ня ўмее —
Дзе? Ў бядоце гінуў!
Гадаваўся на мякіне,
Жыў з худобай змалку,
Смак жыцьця пазнаў на сьпіне,
Высах сам у палку.
А нарэшце вось папаўся
Ў сьпісак арыштанцкі.
А за што? Нібы зьбіраўся
Падпаліць лес панскі!
— Што ж табе пісаць, старэнькі?
— А пішы, нябога!
Жонка, сын мой даражэнькі!
Шлю паклон з астрога.
Сэрца мне баліць, і вас я
З думак не спускаю.
Кожны Божы дзень і час я
Дом успамінаю.
Читать дальше