Між святлом лясным і ценем
Ён ласіны ўбачыў статак,
Што папасваўся на ўзлессі.
«Гэй, не схіб!»— загадваў луку,
«Трапнай будзь!» — страле наказваў.
З тым наказам Гаяваты
Лук паслаў стралу, якая
I ўпілася ў сэрца лося;
Ён яго на плечы ўскінуў
I яшчэ шпарчэй пакрочыў.
У вігваме, пры ўваходзе,
Майстра стрэл, сівы ад часу,
Наканечнікі выточваў
З яшмы, з крэмню, з халцэдону.
Побач з ім дачка сядзела,
Прыгажуня Мінегага,
Што калісьці Гаявата
Называў Вадой Вясёлай,—
З трыснягу пляла цыноўкі.
Думаў бацька аб мінулым,
А дзяўчына — аб наступным.
Дні юнацтва згадваў бацька,
Калі стрэламі такімі ж
Забіваў бізонаў грозных,
Паражаў нясмелых ланяў,
Патрапляў стралой смяротнай
На ляту ў гусей крыклівых;
Згадваў ён і пра атрады
Баявыя, што калісьці
Срэлы гэтыя куплялі.
Не, цяпер часы не тыя,
Слава воінаў звялася!
Сёння воіны як бабы:
Языкі — іх тамагаўкі!
А дзяўчына ўспамінала
Юнака, які заходзіў,
Каб купіць у бацькі стрэлы;
Гэткі стройны і прыгожы,
Нетутэйшы сам, пакінуў
Ён вігвам іх неахвотна,
На яе зірнуўшы ўпотай.
Бацька мужным і адважным
Называў яго нярэдка.
Ці ён прыйдзе зноў наведаць
Вадаспады Мінегагі?
Ці ён прыйдзе зноў па стрэлы?
Уздыхала Мінегага,
Склаўшы рукі ў задуменні.
Цішыню парушыў раптам
Нечы крок — і ў той жа момант
Апынуўся на парозе
Перад імі Гаявата
З цяжкай ношаю лясною —
З мёртвым лосем за плячамі.
Строгім позіркам акінуў
Госця бацька Мінегагі,
А пазнаўшы Гаявату,
З месца ўстаў, адклаў работу,
Запрасіў яго праходзіць:
«Калі ласка, Гаявата!»
Каля ног Вады Вясёлай,
Зняўшы з плеч, паклаў лясную
Ношу госць яе жаданы;
На яго зірнула ўдзячна
Мінегага і ласкава
Гаяваце адказала:
«Калі ласка, Гаявата!»
Той вігвам, куды гасцінна
Гаявату запрасілі,
Зроблен быў са скур аленяў,
Скрозь — багі намаляваны,
А ўваход у дом прасторны
Быў такі, што Гаявата
Не згінаў сваёй высокай
Галавы з арліным пер'ем.
З месца ўстала прыгажуня
Мінегага, не даплёўшы
Трысняговую цыноўку,
Каб прынесці пачастунак,
Па ваду схадзіць да рэчкі;
Страву ў місках падавала,
А ваду — ў драўляных кубках,
Чула ўсё, што госць расказваў,
Што яму адказваў бацька,
А сама яна ні разу
Не прамовіла ні слова.
Сном здаваліся ёй словы
Гаяваты пра Накоміс,
Што была яму за няньку
У маленстве незваротным,
Пра сяброў сваіх надзейных —
Чайбайабаса, музыку,
I пра Квазінда, асілка,
Пра дастатак і пра шчасце
На зямлі Аджыбуэяў,
У яго краіне мірнай.
«Пасля доўгіх год бясконцай
Барацьбы, вайны крывавай,
Зажылі Аджыбуэі
I Дакоты ў добрым ладзе,—
Так працягваў Гаявата,
А пасля дадаў спакойна —
Каб навечна мы злучылі
Рукі поціскам сардэчным,
Сэрцы — вернасцю сяброўскай,
Ты аддай дачку мне ў жонкі —
Прыгажэйшую з прыгожых
Аж па ўсёй зямлі Дакотаў».
Майстра стрэл, сівы ад часу,
Закурыў спачатку люльку,
Горда ён на Гаявату
Праз дымок зірнуў з павагай,
На дачку сваю — з пяшчотай,
I, падумаўшы, адказваў:
«Згодзен я, калі на гэта
Згодна сэрца Мінегагі!»
Яшчэ больш прывабнай стала
I чароўнай Мінегага
У той час, як Гаяваце
З нерашучасцю дзявочай,
Сеўшы побач з ім, сказала,
Чырванеючы: «Я згодна
Стаць тваёю жонкай, муж мой!»
Так дамогся перамогі
Ён над сэрцам Мінегагі,
Адружыўся так з дачкою
Майстра стрэл з зямлі Дакотаў.
Пакідаў з Вадой Вясёлай
Ён яе вігвам бацькоўскі;
Ім глядзеў услед з парога
Майстра стрэл, сівы ад часу;
I, пабраўшыся за рукі,
Адыходзілі і чулі
За сабой яны далёкі
Шум і голас развітальны
Вадаспадаў Мінегагі:
«Будзь шчаслівай, Мінегага!»
А стары адзін застаўся;
За ранейшаю работай
Ён сядзеў, бурчаў паціху:
«Так вось дочкі пакідаюць
Нас, бацькоў, якіх любілі,
Нас, бацькоў, што іх любілі,
Нас, старых, якім патрэбны
Іх прыгляд і дапамога.
Дзе там! З'явіцца аднойчы
Прыгажун з чужога краю,
На жалейцы трысняговай
Паіграе мілагучна,
I гатова ўжо дзяўчына
З ім ісці, куды пакліча».
Быў прыемны шлях дадому,
Шлях праз пушчы векавыя,
Праз узгоркі і праз горы,
Праз лугі, даліны, рэчкі,
I здаваўся Гаяваце
Шлях кароткім, хоць павольна
Ён ішоў і прымяркоўваў
Крок да крокаў Мінегагі.
Читать дальше