На руках сваіх праз рэкі
Пераносіў ён дзяўчыну
Лёгка так, нібы пярынку,
Што ў яго над галавою;
Адхіляў рукой галіны
Дрэў густых на вузкіх сцежках,
А на ноч, шалаш зрабіўшы,
Слаў пасцель ёй з лапак тсугі
I агонь з сасновых шышак
Распаліў каля ўвахода.
Па чарзе вятры-бадзягі
Падарожнічалі з імі,
Зоры сон іх вартавалі,
Не заплюшчваючы вока,
I вавёрка, Аджыдома,
Не вылазячы з засады,
Закаханых выглядала,
I цікаўны трус, Вабаса,
Уцякаючы з іх сцежкі,
Цікаваў з нары патайнай
Кожны рух і крок суладны
Гэтай пары закаханай.
Быў прыемны шлях дадому!
Звонка птушкі шчабяталі,
Сіваграк, Авейса, гэтак
Ім спяваў аб мірным шчасці:
«Ты шчаслівы, Гаявата,
Што такую жонку маеш!»
I малінаўка спявала,
Апечы: «Шчаслівай будзеш
З гэткім мужам, Мінегага!»
З неба сонца іх вітала,
Гаварыла ім: «О дзеці!
Ведайце: святло — каханне,
Цень — нянавісць; шлях жыццёвы
Стракаціць святлом і ценем,
Будзь сардэчны, Гаявата!»
У шалаш з нябёсаў месяц
Заглядаў, шаптаў таемна:
«Тлумна днём, а ноччу — ціха,
Муж — спрадвечны ўладалюбец,
Жонка — вечная пакора,
На дваіх — адно жыццё ў іх,
Будзь цярплівай, Мінегага!»
Гэткі быў іх шлях дадому,
Так прыйшоў з Вадой Вясёлай,
З Мінегагай, Гаявата,
Так прыйшла дачка Дакотаў
У вігвам старой Накоміс
I яе дачкою стала,
Цеплынёй таго вігвама,
Ясным месяцам і зоркай,
Сонцам братняга народу.
XI. Вясельны баль Гаяваты
Гэты сказ аб тым складаю,
Як прыгожы По-Пок-Ківіс,
Йенадзізі, забаўляўся
На вяселлі Гаяваты,
Як музыка Чайбайабас
Аб любві спяваў там песні,
Як хвалько вядомы Ягу
Там свае расказваў казкі,
Нечуваныя прыгоды,
Каб гасцям было прыемна,
Каб яны не сумавалі
На вяселлі Гаяваты.
Баль наладзіла Накоміс
Для гасцей велікапышны.
Кубкі, робленыя з ліпы:
Белай, гладкай адшліфоўкі.
Лыжкі ўсе — з рагоў бізона:
Чорнай, гладкай адшліфоўкі.
Пасланцы яе разнеслі
Па дварах вярбы галінкі,
Як святочную прыкмету —
Запрашэнне на вяселле;
Пасыходзіліся госці
У сваіх уборах лепшых —
Урачыста зіхацелі
Фарбы, пер'е дарагое,
Футры, вампум і каралі.
На вясельным пачастунку
Елі госці Маскенозу,
Шчупака, асетра, Наму,
А пасля ім падавалі
Пімікан, мазгі бізона,
Горб яго і ляжку лані,
Дзікі рыс і перапечкі,
Скавароднікі з маісу.
Але ветлы Гаявата,
Прыгажуня Мінегага
I нястомная Накоміс
Самі ежы ў рот не бралі,
Прыглядалі за другімі,
Частавалі іх гасцінна.
I, калі паелі госці,
Клапатлівая Накоміс
Прынясла капшук вялікі,
Што з трывалай скуры выдры,
Тытунём набіла люлькі,
Тытунём з краін паўднёвых,
I вярбы карой чырвонай.
А тады сказала гэтак:
«Патанцуй, о По-Пок-Ківіс,
Жабрака жартоўны танец,
Пакажы сваё майстэретва,
Каб гасцям было прыемна,
Каб яны не сумавалі».
I прыгожы По-Пок-Ківіс,
Бесклапотны Йенадзізі,
Весялун, каго празвалі
У народзе Бурай-Блазнам,
У вясельны круг падаўся.
Ён не толькі трапным жартам
Забаўляць мог і выдатна
Кідаць кольцы, кідаць ядры,
Танцаваць зімой на лыжах;
Быў ён майстрам дасканалым
Гульняў самых небяспечных,
Захапляўся ён таксама
Кантазу, гульнёю ў косці;
I хоць воіны празвалі
Йенадзізі Шагадайяй,
Баязліўцам, абібокам,
Але ён не абражаўся,
Бо дзяўчатам і жанчынам
Падабаўся По-Пок-Ківіс.
А на ім — з аленя світка,
Світка з мяккай белай скуры,
Упрыгожанай густоўна
Аблямоўкай з гарнастая.
На ягоных макасінах —
Бісер, вожыка калючкі,
Лісаў хвост — на закаблуччы.
Галава яго ў султанах
Лебядзіных, веер з пер'яў
Ён трымаў адной рукою,
А другой рукою — люльку.
I, спярэшчаны чырвонай,
Жоўтай, сіняй паласою,
Твар яго ад фарб свяціўся;
Густа змазаныя маслам,
Разабраныя праборам
I заплеценыя ў косы,
У якіх, як стужкі — кветкі,
Валасы яго спадалі,—
Вось якім у круг вясельны
Выйшаў ён пад гукі песні,
Гукі флейт і барабанаў,
Каб убачылі майстэрства
Таямнічых танцаў госці.
По-Пок-Ківіс вёў свой танец
Урачыста і павольна,
То ўваходзіў, то выходзіў,
Крокам мяккім, як пантэра,
То ў святло, то ў зацень дрэваў,
А пасля пачаў, як хваля,
Разыходзіцца кругамі,
Замільгаў перад вачыма,
Праз гасцей скакаў, круціўся,
Як ваўчок, вакол вігвама,
Покуль лісце не ўзнялося,
Покуль пыл не завіхрыўся.
Читать дальше