Гэнрык Сенкевіч
Бартэк пераможнік
З польскае мовы пералажыў Краўцоў Макар.
Выданьне Беларускага выдавецкага таварыства.
Вільня. 1926
Друкарня Н. Левін і Сын. Вільня, Нямецкая 22.
Рыцар майго расказу называўся Бартэк Словік, але таму што ён меў звычай вытрашчаць вочы, калі з ім гаварылі, дык суседзі празывалі яго Бартэкам зіграстым. З салаўём [1] Словік — папольску — салавей.
ён меў надта няшмат супольнага, але затое за свае разумовыя здольнасьці і, ў поўным сэнсе слова, гомэрычную наіўнасьць адтрымаў прозьвішча: Дурны Бартэк. Гэтае апошняе прозьвішча было самым популярным, і напэўна яно толькі адно перайдзе ў гісторыю, хаця ў Бартэка было яшчэ і чацьвёртае — казённае. Дзеля таго, што польскія словы człowiek (чалавек) і słowik (салавей) ня робяць для нямецкага вуха ніякае розьніцы, а немцы любяць, у імя цывілізацыі, перакладаць барбарскія славянскія прозьвішчы на болей культурную мову, дык падчас ваеннае перапісі паміж Бартэкам і нямецкім афіцэрам адбылася гэткая размова:
— Як цябе завуць? — спытаўся афіцэр у Бартэка.
— Словік.
— Szloik? [2] Перакручанае польскае слова szloik — азначае człowiek — чалавек.
Ach ia. Gut.
I афіцэр напісаў "Mensch".
Бартэк паходзіў з вёскі Пагнэмбін. Вёсак з гэткім самым назовам вельмі шмат у князьстве Пазнанскім і іншых акругах ранейшае Польшчы. Гаспадарка яго складалася з зямлі, хаты, пары кароў і шэрае кабылы. Ен быў жанаты, і жонку яго звалі Магдаю. Жылося яму, як Бог даў, і толькі, калі Бог даў вайну, Бартэк быў вельмі стурбованы. Прышло паведамленьне, што трэба йсьці ў салдаты, трэба кінуць хату, зямлю і здаць усё гэта пад бабіну апеку. Жыхары Пагнэмбіна былі досіць беднымі. Бартэк звычайна зімою хадзіў на фабрыку, і заробленыя тамака грошы былі падтрыманьнем для яго гаспадаркі—а цяпер, што будзе? Хто ведае, калі скончыцца вайна з французам! Магда, прачытаўшы павестку, заклікаўшую яе мужа на вайну, пачала праклінаць немцаў:
— А каб яны загінулі! каб яны пасьлеплі... Хоць ты й дурны... а ўсё-ж такі мне цябе шкала; французы не дадуць табе пардову і адсякуць галаву.
Бартэк пачуваў, што жонка кажа праўду; французаў ён баяўся, як агню, дый да таго яму было сумна. Што яму благое зрабілі французы? нашто і для чаго яму туды йсьці, на гэту страшную чужыну, дзе няма ў яго ніводнае блізкае, спагадлівае душы. Як сядзіш у Пагнэмбіне, дык здаецца, быццам ні тое, ні сёе, а як загадаюць ісьці, тады толькі бачыш, што тут ляпей, чымся дзе нібудзь у іншым месцы, але ўжо нічога не парадзіш—гэткая доля, трэба йсьці. Бартэк абняў бабу, пасьля свайго дзесяцьгадовага сына Франка, затым плюнуў, перажагнаўся і выйшаў з хаты, а Магда за ім. Яны разьвітваліся не асабліва далі-катна. Жонка і сын плакалі. А Бартэк толькі паўтараў: "ну, будзе, будзе",—і гэтак яны выйшлі на дарогу. Толькі тут яны ўбачылі, што ўва ўсім Пагнэмбіне адбывалася тое самае што ў іх. Уся вёска высыпала на дарогу, якая была завалена прызыўнымі. Усе йдуць да найбліжэйшае чугуначнае станцыі, а бабы, дзеці, старыя і сабакі праводжваюць іх. Прызваным цяжка на сэрцы, сярод іх ёсьць ужо некалькі п‘яных, некаторыя хрыплымі галасамі сьпяваюць песьні.
Дзе-хто з немцаў—пагрэмбінскіх колёністых — сьпявае ад страху Wacht am Rhein. Увесь гэты натаўп, пярэсты і рознае масьці, сярод якога блішчаць штыхі жандароў, і крыкам і гоманам праходзіць праз вёску. Бабы трымаюцца за сваіх мужыкоў "жаўнераў" і плачуць; нейкая бабулька пагражае кудысьці ў прастор кулаком. Іншая з бабаў кляне: "хай пакарае вас Бог за нашыя сьлёзы“. Чуваць воклікі: „Франэк! Каська! Юзік! бывайце здаровы". Сабакі брэшуць. Разьлягаецца гук звана. Ксёндз чытае пацеры за паміраючых, бо гэта-ж ніводзін з тых, што йдуць цяпер на станцыю, ўжо ня вернецца. Вайна бярэ іх усіх, але ня ўсіх аддае. Плугі паіржавеюць на палёх, таму што Пагнэмбін абвясьціў вайну Францыі. Пагнэмбін ня мог памірыцца з перавагаю ўплыву Напалеёна ІІІ-га, ўзяў блізка да сэрца пытаньне аб кандыдатуры на гішпанскі пасад. Водгукі званоў праводзяць натаўп, які ўжо выйшаў з вёскі. Праходзяць каля маленькае капліцы, ўсе скідаюць шапкі і каскі. На дарозе паднімаецца залацісты пыл, таму што дзень сухі і ясны. Па абодвых бакох дарогі жыта, якое дасьпявае, шарахціць цяжкімі каласамі і, час ад часу, мягка гойдаецца пры кожным павеве летняга ветрыку. Угары чуецца песьня жаваранка.
Станцыя! Зусюль прыбываюць яшчэ болей значныя натаўпы народу. Тут ужо сабраліся прызваныя з Верхняе Кшывды, Ніжняе Кшывды, з Выўлашчынцаў, з Нядолі, і Мізэрова. Гоман, крыкі, мітусьня! На сьценах станцыі налеплены маніфэсты. Вайна тут "У імя Бога й Айчыны“. Запасныя пайдуць бараніць свае сем‘і, жанок, дзяцей, хаты й палі. Французы, як відаць, асабліва пагражаюць Пагнэмбіну, Верхняй Кшывдзе, Ніжняй Кшывдзе, Выўлашчынцам, Нядолі і Мізэрову. Гэтак, прынамсі, здаецца тым, хто чытае маніфэсты. На станцыю прыбываюць усё новыя натаўпы. У залі дым ад люлек напаўняе паветра і зацягвае маніфэсты. Усе ходзяць, клічуць, крычаць. На дэбаркадэры чуецца нямецкая каманда, кароткая, цьвёрдая, рашучая.
Читать дальше