Падраўшы абразы сьвятых.
Сьляпы шчанюк разгублена заходзіцца –
На нашых тварах ўзрошчаны ашчэр.
Адмовіўшыся ўдзел браць у распродажы,
Крывёю людзкасьць з рукава цячэ.
Цяжар тугі мілосных згадак
У ямы выграбныя скінулі,
Каб безаглядней у мястох забраных
Гарбы цярпліўцам правіць карабінамі.
Бясьпечнае і сытае мінулае,
Дзе стоена зьменнага дня ждалí,
Роты штурмовыя сьвінцовымі віхурамі,
Межаў замкí ўзламаўшы,
Спляжылі.
З рамёнаў футры!
З крамаў золата!
З паліцаў памяці тамы! –
Усё,
Што вечным звалі задаволена, –
У попел,
у нябыт,
у пыл!!!
ПРА НОЧ
Ноч. Туліць бліжэй плечы
Свае да ясачак-лятарняў
І скрыдлы матылём калечыць,
Долу сьцякаючы ў сьвітаньне.
Гарачы воск не апякае пальцаў.
Раблюся сам бязвольны ды мяккі,
Кладуся кроплямі на пляцыку цьвінтарным
У словах, што нітуюцца ў радкі.
ЭПІЗОДЫ
1.
Было тлумачыў хросны,
Мох ботамі мнучы,
Што на балоце хвоя
Ня пусьціць карані –
Патрэбны грунт трывалы ёй.
А ў жоўкнулым скрозь жніўні –
Ці сорамам? Ці барваю? –
Ўзгаралі журавіны...
Пазьней размову я згадаў –
Як спляжаны хваробаю,
П’ючы настой з тых ягадаў,
Вусны апёк іх горыччу.
2.
Празь незамольнасьць крыўдаў
Прыходзіла мне ў сны,
Каб дакараць маўкліва
Стамлёнымі вачмі.
Мітрэнгаю дні засьціла,
Забраўшы супакой, –
Так зьвер, які прынадзіцца,
У пастцы б’ецца ўкроў.
І валіцца зьнясілены
Да радасьці лаўцоў,
Ды доўга потым трызьніцца
Гушчарнае лагво...
3.
На аркуш месяц зроніцца
Ледзь бачна, з-за пляча,
Як празьвініць апоўначы
Чыясьці немата.
Стоіў каго вусьцішны
Бязмоўем чорны флёр?
Падасцца раптам: з слухаўкі
Змрок грагне: “Nevermore!”
Аднак ані ня ўзрушыць
І стук прадвесьця ў шыбы –
Я сам кожную ў кубку
Штораз тапіў мажлівасьць.
4.
Шчасьліва! Хай ня страцяцца
У нератах дарогаў
Ні ліпы ля палацаў,
Ні лёхі Налібокаў.
Зноў абжытыя котлішчы
Храніўцамі-бусламі
Ня вымыюць пяшчотныя,
Але чужыя хвалі.
І штормаў басавішчы
Бязьмежнасьцю свабоды
Крынічных не зацішаць
Табе нашых мэлёдый.
* * *
Учора ўзялі горад «N». Адным ударам
Уратавалі разламаны фронт.
Разьюшаны прайшоў тыламі
Асобны наш штурмовы батальён.
Свавольнік сакавік ня здолеў здужаць
Гразёю ў растаропіцы дарог,
Бо цьмяным бляскам кулямётных стужак
Яго зьвязовы ад памылкі засьцярог.
Кароткі сон на доле капанеру
Пра Коляды ў сям’і, пра хітрыкі дзяўчат
Змуліць суздром нясьвежы падкаўнерык,
Калі шчаціньнем казытнеш прыклад.
Змоўчаў, наструніўся ляшчыньнік ніцы.
Мяркуе, пэўна, ранак прычакаць,
Пакуль уцекачы па страчаных пазіцыях
Пачнуць заўзята з гаўбіцаў хвастаць.
Салодлівым хаўтурным водарам
Кадзіць вакол наша апошняя вясна,
Галовы ўхмеліла пунсовым броварам,
І куфлі выпітыя мала не да дна.
Здалёк чуваць пагрозьлівы зьвяг тракаў.
Зьшчальнікі, падрыхтаваць напалм!
Ты ж роўналетку ў штыхавой контаратацы
Чэрап рыдлёўкаю раскроіш напалам.
Буйнакалібравы з высоткі пляжыць
Стральцоў квэбэцкіх, высякае пад карэнь.
Аддана спраўджвайма жаўнерскі абавязак! –
Суцэльным пеклам ім падасца гэны «N»!..
Да ночы батальён аціхне.
А ледзь загоіцца па-над мундзерамі дзірван,
Ня цельцамі праіржавелых гільзаў –
Сьмерць эдэльвэйсамі магілы ўкрые нам.
* * *
Піла з крыніцы. Чэрпала далонямі
Срэбра жывільнае крывіцкіх берагоў.
Паўдзень схіліўся над смуглявымі рамёнамі,
Дадаючы ў глыткі аблокаў малако.
Ручай у-голас бомавы “сакрэтнічаў”–
Хваліўся, маўляў, будзе й ён ракой.
Вярба ён штосьці шапацела ветліва,
А яна думала, канешне, пра сваё.
Сябры, прыхільнікі, калегі, праца...
Ад несканчальнай гэнай мітусьні
Сюды вярнулася, нібы паспавядацца,
Крануцца вуснамі праўдзівай чысьціні.
Піла і не магла напіцца.
Прысеўшы, нетаропка, пакрысе,
Натомленаю лётам галубіцай,
Інакш ад кожнага, хто піў яе.
ПРАВОДЗІНЫ
Што пачуеш? Безгалась якая.
Спруцянела зьмізарнелае гальлё,
Дзе на ўзьлеску сонца праваджаю
Без спагады, без гістэрыкі, бяз сьлёз.
Адгасае бледае ў празрыстасьць
Выпелесканую ймжою ўшчэнт,
Скрозь бярэзьніку тачоныя абрысы
Ленна цэдзіць на быльнёг прамень.
Наўпатрап прастае долам цені,
Бы кратуе на зямлі спакой і сны,
І нябачных скрыдлаў шамаценьне
Читать дальше