Пачуўшы ў голасе Хрысціцеля трывогу,
Гервазы апусціў Сцізорык свой узняты
Ля галавы Хрысціцеля, на рукі тых салдатаў.
Адскочылі, падаўшы разам страшны голас,
Але адна рука, заблытаная ў волас,
Крывёй сцякаючы, матлялася, вісела.
Так орлік, кіпцюры ўсадзіўшы зайцу ў цела,
Другою лапай на бягу ствол дрэва зловіць,
А заяц, скокнуўшы, арла перапаловіць,
І ў лесе застаецца частка з лапай правай,
А звер ляціць у поле з леваю крывавай.
Крапіцель вольны, дык вачыма вокал водзіць,
Шукае з крыкам зброю, але не знаходзіць,
Тым часам кулаком таўчэ, ідучы ў кроку
Гервазым, ля яго трымаючыся боку.
Ды раптам бачыць сына Сака недалёка.
Той праваю рукой дзяржыць штурмак, а левай
Валочыць за сабой даўгое ў сажань дрэва
З той крамянёвай, гузаватай булавою [50] Літоўская булава робіцца гэткім чынам: наглядаюць малады дуб і насякаюць яго ад нізу да верху сякерай так, каб, разрэзаўшы кару і мяздру, злёгку параніць дрэва. У гэтыя насекі утыкаюць вострыя каменні, якія з часам урастаюць у дрэва і ўтвараюць цвёрдыя гузы. У старажытныя часы булавы з’яўляліся галоўнай зброяй літоўскай пяхоты; ужываюцца яшчэ часамі дагэтуль і завуцца «насекамі».
(Хрысціцель толькі можа ўзняць такую зброю).
Крапіцель, згледзеўшы здалёк сваё Крапіла,
Падбег, схапіў, пацалаваў, настолькі міла
Было яно яму; крутнуў — паветра ўзвыла.
Што потым вытвараў ён і ў якім памеры,
Дарма пяяць, не будзе, знаю, музе веры,
Так як не верылі і ў Вільні той жанчыне,
Што, стоячы на Вострай Брамы лукавіне,
Убачыла, як Дэеў, генерал пяхоты,
Ішоў з палком казакаў, адчыняў вароты
І як тут мешчанін, што зваўся Чарнабацкі,
Збіў Дэева і знішчыў цэлы полк казацкі [51] Пасля паўстання Ясінскага, калі літоўскія войскі адступалі пад Варшаву, маскалі набліжаліся да пакінутай Вільні. Генерал Дэеў на чале штаба ўязджаў праз Вострую браму. Вуліцы былі пустыя, жыхары пазамыкаліся ў дамах. Адзін мешчанін, заўважыўшы гармату, пакінутую ў завулку і набітую карцеччу, накіраваў яе на браму і выстраліў. Гэты адзін стрэл выратаваў тады Вільню: генерал Дэеў з некалькімі афіцэрамі загінуў, а рэшта, баючыся засады, адступіла ад горада. Не ведаю дакладна прозвішча таго мешчаніна.
.
Даволі, што было так, як прадбачыў Рыкаў:
Хістацца сталі егры, вось чутно ўжо з крыкаў.
Аж дваццаць тры валяюцца на смерць забітых,
Больш трыццаці ўжо мучацца ад ран адкрытых,
Шмат іх пабегла ў сад, за рэчку, ў хмель ад здзекаў,
І колькі ў дом убегла пад жанчын апеку.
Дык шляхта з перамогі ўся у захапленні —
Той цягне ўжо трафей, там бочку ўжо абселі —
Абставін бою, як відаць, не разумелі.
Адзін ксёндз Робак справу знаў (яму каноны
Не дазваляюць біцца), ды, жыццём наўчоны,
Ён радзіў, як лепш біць, і пляц абходзіў бою,
Каманду падаваў і вокам, і рукою
І зараз заклікаў, каб у адно злучацца,
На Рыкава ударыць, з рэштай расквітацца.
А Рыкаву праз пасланца паведамляе,
Што той жыццё, хто кіне зброю, захавае.
Калі ж прадоўжыць далей капітан змаганне,
То ўміг атрад акружаць, высекуць да-звання.
А Рыкаў не намерваўся прасіць пардону.
Сабраўшы ля сябе палову батальёна:
«За зброю!» — крыкнуў. Па загаду каітана
Ўміг зброя хруснула, даўно панабівана.
Ён крыкнуў: «Цэль!» Ствалы заззялі шнурам цэлым.
Скамандаваў: «Агонь чаргой!» — б’е стрэл за стрэлам.
Страляе той, той набівае, той наводзіць,
Свіст куль, затвораў трэск з канца ў канец праходзіць,
Шарэнга выгінаецца, як звер паўзучы,
Які махае спрытна сотняй ног бліскучых.
Хоць кожны з еграў быў ад спірту моцна п’яны,
Цаляць не мог ніхто, ды ўсё ж наносяць раны,
А той-сёй і заб’е. Праз момант двух Мацеяў
Падбілі, і адзін забіты з Баўтрамеяў.
А шляхта б’е ў адказ ім з некалькіх рушніцаў,
На шаблі з еграмі жадаючы счапіцца,
Старэйшыя спыняюць, кулі ж свішчуць густа,
Трапляюць, гоняць. На двары ўміг будзе пуста,
Па шыбах дому звоняць часта, б’юць па рамах.
Тадэвуш, што павінен быў сядзець пры дамах
З загаду дзядзькі, чуючы, што справы горай
Пайшлі, дык выбег, з ім пабег і Падкаморы,
Якому шаблю ўжо Тамаш прынёс нарэшце.
Спяшаецца, камандуе, як бой правесці.
Бяжыць, падняўшы шаблю, шляхта — побач, радам,
А егры сыпанулі ў іх куль цэлым градам.
Паў Вільбік, Ісаевіч, Брытва злёг ад раны.
Тады напад той бесталковы быў стрыманы
Мацеем з Робакам. Дык шляхта халадзее,
Здае назад. Такая маскалям падзея
Узнімае дух, і Рыкаў меціць адным махам
Ачысціць двор і апынуцца ўміг пад дахам.
Читать дальше