А Ісаевічы, Падгайскія, Бяргелі,
Бірбашы, Вільбікі ды Котвічы глядзелі
На здзек, які няслі Дабрынскія ў няволі,
І астывалі з гневаў даўнішніх міжволі.
Бо шляхта ў нас, хоць звады, бойкі вельмі любіць,
Ды помстай супраціўнікаў сваіх не губіць,
Дык да Мацея падаліся ўсе на раду.
А той парасстаўляў іх за вазамі ззаду,
Сказаў чакаць.
Ксёндз злез, падаўся ў бок пакояў.
Там ледзь яго пазналі — ў гэткім быў настроі
І новай форме. Сумны у любую пору,
Панурысты, ўзняў сёння галаву угору
І з мінай яснаю і рук шырокім махам,
Перш чым загаварыў, смяяўся: «Ха-ха, ха-ха!
Вітаю, ха-ха-ха! вітаю! вось прыгожа,
Панове афіцэры! Хто ўдзень толькі можа
Хадзіць на ўлоў, а вы і ўночы! А звярыну
Я бачыў. Скубці шляхту! драць з яе лупіну!
Кілзайце брыкуноў, вучыце іх парадку!
Віншую, пан Маёр, што ты схапіў Графятка.
О, гэта тлусцячок, багач, з арыстакратаў,
Не выпускай яго без сотняў трох дукатаў,
А ўзяўшы, дай хоць грош манастыру ў падмогу,
Бо й за тваё збаўленне я малюся Богу!
На сан мой! мне не абыякі вашы душы!
І штабс-афіцароў хапае смерць за вушы!
Праўдзіва Бака піша — ў смерці многа працы:
Бярэ ў палацы і ў палотны б’е ахвотна,
І па сукне не раз шчаўкне, ды і ў мундзіры,
Так, як у каптуры, ахвотна робіць дзіры.
Матуля-смерць, казаў наш Бака, як цыбуля,
Слязою блісне, калі сцісне, і у люлі
Дзіця бярэ, і малайчыну ў часе гуляў!
Ах, ах! жывём, а заўтра, можа, загніёмся.
Ўсяго ў нас, пан Маёр, што пад’ямо, нап’ёмся!
Як, пан Суддзя, ці не пара падмацавацца?
Сядаю сам і ўсіх прашу не адмаўляцца.
Як, пан Маёр, пан Капітан? Закажам зразы?
Як думаеце? Мо і пуншыку з паўвазы?»
«Чаму ж, — абодва мовілі,— мы рады чэсці
І выпіць за Суддзю здароўе і паесці!»
Дзівіліся ўсе хатнія з ксяндза Рабака:
Чаму зрабіўся раптам ён такім гулякам?
Суддзя даў кухару патрэбныя наказы:
Уміг бутэлькі ўнеслі, вазу, цукар, зразы.
Плут з Рыкавым так спрытна пачалі ўвіхацца,
Піць часта і старанна ежай мацавацца,
Што ў паўгадзіны з’елі дваццаць і тры зразы
І пуншу выхілілі не малой паўвазы.
Дык Плут вясёлы, сыты разваліўся, потым
Дастаў тытун і люльку, прыкурыў банкнотам
I, вусны чыста выцершы канцом сурвэты,
Звярнуў на дам свой твар, напіткам разагрэты;
«Люблю я дам, — сказаў,— ды гэта ж не сакрэты!
Клянуся чэсцю, мне пасля падмацавання
Закускай лешпаю бывае размаўлянне
З такімі прыгажунямі, як вы тут, пані!
Вось што, паграйма ў карты! ў вэльба-цвэльба? ў віста?
Або хадзем мазурку! Га! Чарцякаў трыста!
Ды ў егерскім палку я ж першы з мазурыстаў».
Пры гэтым штораз бліжай к дамам нагінаўся
І з дымам кампліменты ім пускаць стараўся.
«У танцы! — крыкнуў Робак. — Дык не трацьма часу!
І я, хоць ксёндз, падпіўшы, падхіляю расу
І йду мазурку. Але ведаеш, Маёрку?
Мы тутка п’ём, а егры мерзнуць на падворку,
Гуляць, то ўсім гуляць! Суддзя, дай ім сівухі,
Маёр дазволіць еграм выпіць весялухі!»
«Прасіў бы, — Плут сказаў,— ды тут не мус, а проста…»
«Дай бочку, — ксёндз шапнуў Суддзі,— на… дзевяноста».
І так, калі ў двары піло, гуляла панства,
У войску каля дому пачалося п’янства.
Маўкліва Рыкаў толькі чаркай забаўляўся,
А вось Маёр і піў, і к дамам прыхіляўся,
І ўсё да танцаў узрастала ў ім натхненне.
(Пакінуў люльку, стаў чапляцца к Талімэне,
Цягнуў гуляць, але ўцякла, тады да Зосі
Пайшоў з хістаннем, кланяецца — ў танец просіць.
«Гэй, Рыкаў, люльку кінь, смактаць яе ўжо годзе,
Ты ж балалаечнік праслаўлены ў народзе.
Гітару бачыш вунь? Ідзі вазьмі гітару,
Мазурку грай! У першую пайду я пару».
Дык Капітан, гітару ўзяўшы, круціць, строіць,
А Плут зноў Талімэну просьбай непакоіць.
«Маёра слова! Мне не быць расіянінам,
Калі я лгу! Няхай я буду сукінсынам,
Калі я лгу! Спытай, пацвердзяць афіцэры
Усе, як ёсць, калі не хочаш даць мне веры,
Што ў арміі другой, у корпусе дзевятым
Дывіз’і першай, у палку пяцідзесятым
Егерскім, Плута лічаць першым мазурыстам.
Хадзі, паненка! Што ты гэтак наравіста!
Бо я па-афіцэрску пакараю злюку…»
Тут скокнуў і, схапіўшы Талімэны рукі,
Шырокім пацалункам у плячо ёй пляснуў.
І тут яму Тадэвуш ёмка ў шчоку ляснуў.
Цалунак з аплявухай так адначасова
Азваліся ў пакоі, як за словам слова.
Маёр стаў слупам, пабялеў і на знявагу
Ускрыкнуў: «Бунт! Бунтар!» — і, выхапіўшы шпагу,
Хацеў прабіць, ды ксёндз к Тадэвушу падскочыў,
Даў пісталет. «Смалі! — ускрыкнуў,— проста ў вочы!»
Схапіў, прыцеліўся Тадэвуш, пальнуў скора,
Ды толькі асмаліў і аглушыў маёра.
З гітарай скокнуў Рыкаў. «Бунт! — крычыць, — як можна!»
Бяжыць к Тадэвушу; тут Войскі бестрывожна
Махнуў рукой наводля, нож аж толькі свіснуў
Паміж галоў і перш ударыў, чым узбліснуў,
Трапляе ў дно гітары, б’е яго на чвэрці.
Схінуўся трохі Рыкаў і ўцёк так ад смерці.
Тады трывожна крыкнуў: «Егры! бунт! Ей Богу!»
I, шпагу вырваўшы, прасоўваўся к парогу.
А тут з другога боку, як паўстала спрэчка,
Праз вокны шляхта рвецца, камандзір — Рузэчка
Вось Плут у сенях, Рыкаў з ім, крычаць трывогу,
І тры салдаты ім спяшаюцца ў падмогу.
Уміг праз дзверы ўлазяць тры штыкі, мушкеты,
А ззаду чорныя прыгнутыя кашкеты.
Мацей, падняўшы Розгу, стаў за вушакамі,
Сачыў цішком, як быццам кот за пацукамі,
Аж рубануў; усе мо збіў бы тры галовы,
Але стары не згледзеў, ці ўжо быў нярвовы,
Бо перш, чым шыі выткнулі, цяў па кашкетах,
Збіў іх, а Розга зазваніла па мушкетах —
Дык егры адступаюць, Мацек вон іх гоніць
На двор.
Читать дальше