«Нічога! —
Падтакнуў Конаўка. — Я помню тую пору,
Як ён быў гол, а зараз нос дзярэ ўжо ўгору
І дзьмецца: пху, пху, пху! Паклікаў на вяселле,
Паю, а ён не п’е. „Я не магу, — мне меле, —
Так многа піць, як вы, без меры і граніцы“.
Вось далікацік з марымонцкае мучыцы!
Не піў, мы ў горла ліць, ён зазлаваўся дужа.
Чакай, я з Конаўкі налью табе, мой дружа!»
«О ёсць, — сказаў Хрысціцель, — і ў мяне прычына
Яго крапіць. Мой сын разумны быў хлапчына,
А зараз, па віне Суддзі, мой небарака
Так адурэў, што ўсе яго зваць сталі Сакам.
Казаў яму: „Чаго ты прэшся ў Сапліцова?
Калі заловяць, лазня будзе там гатова!“
А ён ізноў — да Зосі цераз луг, каноплі.
Злавіў яго, давай драць вушы, сыпаць кроплі;
Ён плача і крычыць: „Як, тата, ты б не біўся,
Туды ісці я мушу“. Тут я разгубіўся:
„Ды што з табой?“ „Я, — кажа, — ў Зосю улюбіўся!“
Ён хоча глянуць на яе! Вось небарака!
Кажу Суддзі: „Аддай, пан, Зосю нам за Сака!“
Ён кажа: „Замалая, пачакай тры годы,
І як сама захоча!“ Лотра! Жджэ нагоды
Аддаць другому. Вось як скокну на вяселле
Ды крапяну сваім Крапілам па пасцелі!..»
«I гэты лотра, — ўскрыкнуў Ключнік, — тут пануе
І вось паноў даўнейшых грабіць і руйнуе!
Ці ж так Гарэшкаў памяць і імя ўжо згіне?
А дзе ж удзячнасць? Мо няма яе ў Дабрыне!
Браты! Вы ж з царскай сілай думалі змагацца,
А тут Сапліцы раптам пачалі баяцца!
Страх вам турмы? Браты! Ды я ж стаю пры праве!
Я вас не клічу на разбой! У гэтай справе
Ужо выйграў Граф, дэкрэтаў мае ён нямала,
Адно іх выканаць! Заўсёды так бывала —
Дэкрэты трыбуналаў шляхта спаганяла,
А перш за ўсіх Дабрынскія, дык вось і стала
Расці ў вас слава. Бо, Дабрынскія, вы ж самі
Ў наездзе Мыскім ваявалі з маскалямі.
Прывёў іх генерал расейскі Вайніловіч
І лотра, друг яго, Воўк з вёскі Лугамовіч,
Вы ж помніце, як Воўка мы ў палон узялі
І як на бэльцы ў пуні вешаць ужо сталі
За тое, што сялян душыў, Маскве прадаўся.
Жывым тады праз літасць мужыкоў застаўся
(З маім Сцізорыкам аднак не размінецца).
Наездаў гэтулькі ўжо мне не давядзецца
Адбыць, з якіх выходзілі мы са здабычай
І славай, як шляхоцкі патрабуе звычай!
Ды што пра тое ўспамінаць! Пан Граф дэкрэты
Ўсё вырабляе, судзіцца за замак гэты,
А з вас ніхто не спачувае адзіноце
Яго і, з ласкі ворага, яго згрызоце.
Няма ў яго сяброў, апроч мяне, нікога
І вернага майго Сцізорыка старога!»
«Ну і Крапіла, — тут Хрысціцель адазваўся, —
Дзе ты, там я — плясь, плясь! Адзін ты не застаўся,
Што два, то два. Дальбог, ты маеш меч, Гервазы,
А я Крапіла. Будзем чысціць ад заразы
Вакол: шах-шах, плясь-плясь! Яны няхай гамоняць».
«Браты ж мо Бартка, — ўткнуўся Брытва, — не прагоняць;
Што вы намыліце, то Брытва зголіць чыста».
«Я з вамі,— Конаўка прамовіў урачыста. —
Калі яны ніяк не выберуць маршалка,
Нашто мне галасы ці галкі? Во дзе галка
(Тут выняў з кішані са звонам куляў жменю).
Вось галкі! Ўсе аддам Сапліцаў пакаленню!»
«I мы, — Скалуба крыкнуў,— пойдзем разам з вамі!»
«I мы ўсе! — шляхта крыкнула. — мы з братамі!
Рубайла хай жыве! Гайда граміць Сапліцу!»
І ўсіх пераканаў Гервазы ў мове гладкі,
Бо кожны меў з Суддзём якіясь непаладкі,
Як часта у суседстве: то за шкоду ў полі,
То за парубку, то за межы, а найболей
Іх зайздрасць, што Суддзя багаты, падбівала.
Так пачуццё нянавісці ўсіх аб’яднала.
Вакол Гервазага падняўся гоман бурны,
Ўзняліся шаблі, палкі…
Мацек моўчкі хмурны
Падняўся з лавы і, зрабіўшы два-тры крокі
К сярэдзіне святліцы, рукі ўзяў у бокі.
Тут, глянуўшы вакол з дакорам і сурова,
Паволі вымаўляць пачаў за словам слова,
З прыпынкамі, з прыціскам: «Дурні вы, дурніцы!
Дык дурні ж вы! Мука камусьці, вам — кастрыца!
Пакуль вялася аб радзіме тут нарада
І аб агульных справах, дык вам, дурні,— звада,
Што нельга ні падумаць, ні дагаварыцца.
Замест парадку, ладу, дурні, вы — сварыцца!..
А хай за дробязь помсты здарыцца нагода
Вам, дурні, дык адразу лад у вас і згода!
Вон з хаты! Бо я, Мацек, вас… да міліёнаў
І тысяч тысячаў фур, бочак і фургонаў
Чарцей!!!..»
Заціхлі ўсе, як ляснутыя громам.
Ды раптам гоман, крык падняўся дзесь за домам:
«Ура! пан Граф!» Ён ўз’язджаў на двор Мацееў
Узброены і збройных дзесяць з ім жакеяў.
Пад Графам добры конь, і выгляд Графа панскі:
На ім плашч колеру гарэха, італьянскі,
Шырокі, без рукаў, як быццам пакрывала,
Што цераз плечы стройна долу ападала.
Пяро на капялюшыку тырчэла ззаду.
Крутнуўся Граф і шпагай прывітаў нараду.
Читать дальше