«Няхай кантракт народны! Кіеўскі ці Мінскі, —
Сказаў стары Мацей, — няхай урад бабінскі!
Пан Бухман, Бог нам царскую ўдружыў уладу
Ці чорт, не дойдзем зараз з вамі мы да ладу.
Вось лепей, як цара пазбыцца, дайце раду».
«Вось загваздка, — сказаў Крапіцель, — каб так скокнуць
Крапілам да прастола і цара раз „кокнуць“,
То ўжо ні Кіеўскім ён не вярнуўся б трактам,
Ні Мінскім, і ніякім Бухманскім кантрактам,
І ўваскрасіць яго ўжо сілы б не хапіла
Ні ў чорта, ні ў папоў. Дык хай жыве Крапіла!
Гаворыш ты, пан Бухман, гладка, безумоўна,
Ды гэта ўсё шум-друм. Крапіць трэ’, пан шаноўны!»
«Во, во! — ускрыкнуў задаволены Брытэўка,
К Хрысціцелю ад Мацька скачучы, як цэўка,
У кросны закіданая — той самай сцежкай, —
Адно ты, Мацек, з Розгай, ты, Мацей, з даўбешкай,
Адно згадзіцеся, дальбог наробім сечкі
З маскалёў. Брытва пад каманду йдзе Рузэчкі!»
«Каманда, — зноў сказаў Хрысціцель, — на парадзе
Патрэбная, а ў нашай Ковенскай брыгадзе
Была кароткая: палохай, сам не бойся,
Бі, не давайся, наступай, сячы прыстройся:
Шах-мах!» «Во, во! — зноў Брытва піснуў,— во, як міла!
Нашто тут акты нам складаць, псаваць чарніла?
Канфедэрацыі нам трэ’? За гэта спрэчка?
Дык вось — маршалак! Наш Мацей з жазлом Рузэчкай!»
«Няхай жыве Мацей!» — крычаў Хрысціцель,
А шляхта крыкнула: «Няхай жыве Крапіцель!»
Ды па кутах пачуўся шум нездавальнення,
Відаць, што ў радзе пачалося раздваенне.
Тут Бухман крыкнуў: «Згоды я не пахваляю
Ніяк!» А хтосьці закрычаў: «Не дазваляю!»
Другія ім падтакваюць. У той час груба
Басіць пачаў прыбыўшы толькі што Скалуба:
«Што ж вы, паны Дабрынскія? У чым тут справа?
Ці вы не ўздумалі нас вылучыць з-пад права?
Калі наказ нам далі сённяшняга ранку,
А прыязджаў у наш засценак сам Мапанку,
Рубайла Ключнік, то казалі, што ўсю гэту
Нараду склікалі для цэлага павету,
Што справа не адных Дабрынскіх закранае.
Прагаварыўся ж Робак, бо ён болей знае,
Чым кажа, але, зводзячы канцы з канцамі,
Мы — тут, суседзяў павядоміўшы ганцамі.
Вы не адны, паны Дабрынскія, нарэшце,
З другіх засценкаў многа — чалавек мо дзвесце,
Дык радзьма ўсе. Калі маршалка выбіраем,
Дык галасуйма. Ўсе аднакі голас маем!
І роўнасць хай жыве!»
I тут два Тараевічы,
Чатыры Стыпулкоўскіх і тры Міцкевічы
Ускрыкнулі: «Няхай жыве!» А за Скалубам
Крычаць пачаў зноў Бухман: «Згода будзе згубай!»
Крапіцель надрываўся: «Выберам і самі!
Няхай жыве маршалак — Мацек над Мацькамі!»
Дабрынскія крычалі: «Мацька запрашаем!»
А ўсе прыезджыя крычаць: «Не дазваляем!»
І гэтак раздзяліўся збор на дзве паловы,
Крычыць усхвалявана натаўп шматгаловы:
«Не дазваляем!» тут і «Просім!» там візгліва.
Адзін стары Мацей сядзеў яіпчэ маўкліва,
І ён адзін не рухаўся, не хваляваўся.
Хрысціцель перад ім на доўбні успіраўся
І галавой паверх яе круціў, нібыта
Вялікім гарбузом, на доўгі кій узбітым,
Папераменна ўперад, то назад ківаўся:
«Крапіць! Крапіць!» — крычаў і ажно надрываўся
Тым часам Брьггва штораз падбягаў рухавы
То да Хрысціцеля, то да Мацея лавы,
А Конаўка змірыць усіх шукаў нагоды:
Хадзіў між групамі і заклікаў да згоды.
У памяшканні ўсё «Крапіць!», «Галіць!» гудзела.
Мацей маўчаў, ды ўжо, відаць, яму дадзела.
І вось паверх галоў у зборышчы кіпучым
Пад бэльку шугануў слуп светлы і бліскучы.
Быў гэта меч, узняты моцнай даланёю,
Двухсечны, ў пядзь шырокі, ў сажань даўжынёю,
Відаць, яшчэ тэўтонскі з нюранбергскай сталі.
Заціхлі ўсе, на зброю моўчкі пазіралі.
Хто ўзняў яе, не ўбачыш, ды згадалі зразу:
«Сцізорык! — закрычалі, быццам бы з наказу. —
Няхай жыве Сцізорык!» «Хай жыве Мапанку!
Рубайла! Шчэрбец!» — нёсся крык без перастанку.
Гервазы (ён быў гэта) ўміг натоўп расціснуў,
К сярэдзіне пралез, Сцізорыкам зноў бліснуў
I, вастрыё схіліўшы ўніз, сказаў: «Мой пане,
Сцізорык Розачцы прыносіць прывітанне!
Браты Дабрынскія! Прыбыў я не спрачацца,
А расказаць, чаму прымусіў вас сабрацца,
А што і як рабіць, рашайце ўжо вы самі.
Вядома ўсім, што чуткі носяцца між намі,
Што справы важныя рашаюцца на свеце.
І Робак штось казаў, і самі мы не дзеці».
«Мы знаем!» — крыкнулі. «Дык мудрай жа галоўцы, —
Казаў,— даволі нават два-тры слоўцы.
Няпраўда?» «Праўда!» — мовілі. «Калі французскі
Адтуль надходзіць кесар, згэтуль жа цар рускі,
Тады вайна няўхільная паміж царамі.
Дык, калі так, тады падумайце ж вы самі,
Ці ж нам цішком сядзець? Вялікага вялікі
Хай б’е, малы малога — вось і ўсе тут крыкі.
Згары і знізу: гэты гэтага, той тога.
Як сеч пачнём, тады ачысціцца дарога
І шчасце ў Рэч Пасполітую завітае,
Няпраўда?» «Праўда! — крыкнулі.-Як з нот чытае!»
«Крапіць! — Хрысціцель крыкнуў. — Справа залатая!»
«А я галіць гатоў!» — тут Брытвачка азваўся.
«Змірыцца толькі трэба, — Конаўка ўмяшаўся, —
Адносна выбару маршалка-ваяводы».
Тут Бухман перабіў: «Дурны шукае згоды!
Дыскусіі для справаў не прыносяць шкоды.
Прашу маўчаць! На гэтым справа скарыстае!
Па-новаму яе пан Ключнік асвятляе!»
«А як жа, — мовіў Ключнік, — не патрэбны крыкі.
Аб важньгх справах думае няхай вялікі.
Читать дальше