«Ў сяло, — сказаў Суддзя, — хай сотнік скача жвава!
Паклікаць дабравольцаў, бо чуць свет — аблава!
Хто з пікай вырушыць ахвотна, без адказу,
Таму спісаць пяць дзён і дзве шарваркі зразу!»
А Падкаморы крыкнуў: «Зараз жа на Сівай
Скакаць ка мне у двор і, захапіўшы жыва
Дзве п’яўкі, слаўныя заядласцю й навукай —
Сабака Спраўнікам завецца, Страпчай — сука [23] Парода англійскіх сабак малых і дужых, празваных п’яўкамі, прыдатная да палявання на буйнага звера, асабліва на мядзведзя. Спраўнік, або капітан спраўнік — начальнік земскай паліцыі. Страпчы — пасада накшталт дзяржаўнага пракурора. Гэта чыноўнікі, якія, маючы часта нагоду перавышаць сваю ўладу, знаходзяцца ў вялікай пагардзе ў грамадзян.
, —
У мяхі ўвапхнуць, у морды затычкі заправіць
І конна, для паспешнасці, сюды даставіць!»
«Гэй, Ванька! — закрычаў Асэсар рускай мовай, —
Цясак бруском звядзі! Каб мне было гатова
Усё! Цясак — Сангушкі князя падарунак,
Паняўў Правер і ў пасе кожную з ладунак!»
«Рыхтуйце стрэльбы!» — ўсе крычалі ўсхвалявана
Асэсар волава шукаў. «Куль трэба алавяных! —
Крычаў. — Я форму ў торбе маю!» «Да плябана, —
Сказаў Суддзя, — паслаць ганца, каб заўтра рана
Прыбыў імшу адправіць у лясной капліцы —
Святому Губерту за ўдачу памаліцца».
Пасля загадаў тых усе пазамаўкалі,
Задумаліся, быццам між сабой шукалі
Кагосьці. І міжволі ўсіх прысутных вочы
Твар Войскага старога цягне, адзіночыць.
Відаць, правадыром яго ўсе выбіралі
І моўчкі булаву яму перадавалі.
Падняўся Войскі, зразумеў сваё заданне
I, стукнуўшы рукою ў стол, сярод маўчання
Дастаў з-за пазухі ланцуг, які на вушку
Трымаў грубы гадзіннік з добрую ігрушку.
«Паўпятае, — прамовіў,— заўтра ля капліцы
Сабрацца ўсім ганцам, ды толькі не пазніцца»
Тут рушыў з-за стала, за ім без затрымання
Пайшоў ляснік. Ішлі абдумаць паляванне.
Вось так і камандзіры пры чаканні бою,
Калі байцы адпачываюць, чысцяць зброю
Ці спяць на шынялях, ці сядуць сілкавацца, —
Цішком вядуць нарады доўгія ў палатцы.
Абед спыніўся, дзень прайшоў у неспакоі, —
У клопатах пра коней, пра сабак, аб зброі.
А ў час вячэры госці вельмі мала елі
І на’т ахвоты спрэчкі прадаўжаць не мелі
За ганчакоў. Мір заключыўшы ў тым разгары,
Асэсар з Рэентам ідуць пад рукі ў пары —
Шукаюць волава. Другія пасля працы
Пайшлі спаць рана, каб на досвітку падняцца.
Кніга чацвертая. Дыпламатыка і ловы
Змест: З’ява ў папільётках будзіць Тадэвуша. Запозненае асэнсаванне памылкі. Карчма. Эмісар. Спрытнае ўжыванне табакеркі звяртае дыскусію на патрэбную дарогу. Матачнік. Мядзведзь. Тадэвуш і Граф у небяспецы. Тры выстралы. Спрэчка Сагалясоўкі з Сангушкоўкай, вырашаная на карысць Гарэшкаўскай аднастволкі. Бігас. Аповесць Войскага пра паядынак Давэйкі з Дамэйкам перарвана цкаваннем зайца. Канец аповесці пра Давэйку і Дамэйку.
Равеснікі князёў літоўскіх слаўных, дрэвы
Панараў, Свіцязі, пушч цёмных, Кушалева!
Вы ж ценем прыкрывалі каралёў галовы:
Вітэна грознага, вялікага Міндовы
І Гедыміна ў час, як на хрыбце Панараў
Ля вогнішча на скуры медзвядзя ён марыў,
Заслуханы у песні мудрага Ліздэйкі,
І ўсплёскамі Вяллі, і пошумам Вялейкі
Закалыханы, сніў ваўка ў жалезнай зброі [24] Паводле падання, вялікі князь Гедымін сасніў на Панарскай гары жалезнага ваўка і з парады песняра Ліздэйкі заснаваў горад Вільню.
.
А потым, згодна з воляю багоў святою,
Ён горад Вільню ўзнёс, што між лясоў-суседзяў
Сядзіць, як воўк між зубраў, дзікаў і мядзведзяў.
А з горада таго, як з рымскае ваўчыцы,
Паходзяць Ольгерд, Кейстут і Альгердавічы —
Праслаўленыя звераловы і героі,
Што звера ўмелі гнаць, былі майстрамі бою.
Сон паляўнічага адкрыў нам тайны неба,
Што для Літвы заўжды лясоў, жалеза трэба.
Лясы! Апошні прыязджаў да вас на ловы
Кароль, што Вітаўтаў насіў каўпак сталёвы [25] Жыгімонт Аўгуст быў уведзены на сталіцу Вялікага Княства Літоўскага старым звычаем — падперазаў меч і каранаваўся каўпаком. Вельмі любіў паляванне.
,
Кароль апошні з Ягелонаў ваяўнічы,
Манарх апошні, што быў добрым паляўнічым
Маёй радзімы дрэвы! Неба мо адкрые
Яшчэ мне к вам дарогу. О, сябры старыя,
Ці вас тады застану? Помню, як раслі вы,
А я вакол вас поўзаў у свой час шчаслівы.
Ці той Баўбліс расце, старэча дуплаваты [26] У Росенскім павеце ў маёнтку Пашкевіча, земскага пісара, рос дуб, вядомы пад імем Баўбліса, які ў часы паганства ўшаноўваўся, як святыня. У жарале гэтага выгнілага волата Пашкевіч абсталяваў кабінет літоўскай старыны.
,
Ў якога жарале, не меншым добрай хаты,
Дванаццаць чалавек за стол сядала ўкола?
Ці ёсць Міндоўгаў гай ля фарнага касцёла? [27] Недалёка ад фарнага наваградскага касцёла раслі старыя ліпы якіх шмат высеклі каля 1812 г.
А там на Украіне на ўзбярэжжы Росі
Ля дома Галавінскіх, ці яшчэ ўсё ўзносіць
Старая ліпа крону, пад якой, бывала,
Сто юнакоў і сто паненак танцавала?
Читать дальше