* * *
Калі я пайду далінай
смяротнага ценю...
Псальм 22:4
Са мной паміраціме
Цень мой жывы.
І цень мой
Нябожчыкам стане таксама.
Зачыніцца глуха нябесная брама,
Не ўбачу ў даліне
Ні хмар, ні травы.
Паселіцца вечная ноч уваччу.
Сваё адхвалююся,
Адлетуценю.
У змрочнай даліне
Смяротнага ценю
Я з ценем сваім развітацца хачу.
Бо цень быў
Напарнікам мне і віжом,
Сачыў, віжаваў,
Дзе б ні жыў пры святле я.
У зябкай даліне
І цень мой скалее,
Не выпырхне ні вераб’ём,
Ні стрыжом.
На сцежцы стаптанай
І на ярыне
Кунежна слядам
І нястрымна трымценню.
І покуль жывы, давяраюся ценю,
Бо ценіцца цень
І дрыжыць за мяне.
* * *
Яліны – пад жытло буслам...
Псальм 103:17
Яліны –
Зялёныя скініі,
Прыстанак прысталых крокаў.
Нябёсы на стрэхі ім скінулі
Буслоў,
Як акраўкі аблокаў.
Сціхa адхінаюцца клёкатам
І цішаю клямчацца дзверы.
Зямным і нябесным клопатам
Буслы
У ялін у даверы.
І позірку ўроіцца смелае:
Прыняўшы дасвецця палоны,
Стаіць,
Ад чакання здранцвелая,
Яліна,
Як бусел зялёны...
* * *
З улоння дзянніцы падобнае
да расы Тваё нараджэнне.
Псальм 109:3
І за расу, і за слязу нічога
Чысцейшага няма.
Раса сама
Нагорнецца на вока Пана Бога,
Не разбурыўшы воблік абраза.
І на зямлі, далёкая ад бруду,
Раса зайздросціць
Зерню на сяўбе.
Падлеглая паўторанаму цуду,
Расінка
Сонца носіць у сабе.
Раса й краса
З нічога не ўзнікае.
Лёс крочыць пеша.
Воз сябе вязе.
І радасць,
Як рачулка гаваркая,
Смяецца і ў расінцы,
І ў слязе.
Вераадступніка чакае згуба.
Самапрысуд –
Як брытва ў два лязы.
Пяшчоціцца ў расінцы
Сонцу люба,
І ўтульна роспачы
На дне слязы.
* * *
Пастаў над імі бязбожнага,
і д’ябал хай стане праваруч яго.
Псальм 108:6
Над тымі,
Што назваліся людзямі
І рохкаюць галодна ля карыта,
Пастаў бязбожнага,
Няхай яны
Плывуць ракою забыцця ладдзямі,
Няхай спяшаюцца парнакапыта
Падставіць хілы хіб пад бізуны.
І праваруч ад самаўладца-хама
Самога д’ябла ў чорным ахінале
Пастаў,
Няхай пасведчыць чарадзе
І светласць хама
І сваю таксама.
Каб дзякуй і за кратамі казалі
Бязбожніку,
Што ў шчасце іх вядзе.
А тое шчасце –
Мешанка густая
І рэдкая.
А тое шчасце ў спрыце,
У звадах за харчы перамагчы,
Абы не хутка ўбачыць
Дно ў карыце.
А дасць мароз,
Як адарваць лычы?
* * *
Пройдзе над ім вецер, і няма яго,
і мейсца ягонае ўжо не пазнае яго.
Псальм 102:16
Век чалавечы –
Як снег на галінцы,
Дзень чалавечы –
Як помах крыла.
Толькі за зёлкай
Паспеў нахіліцца –
Выпрастаць спіну
Труна памагла.
Кожнаму хочацца
Ліха аб’ехаць.
Лёс залагодзіць,
Чым нельга і льга.
Раніца хмар наахапчыць
На вехаць.
Пачырванее за вечар смуга.
Дол прыхарошыцца
Травамі гожа.
Сподзеў і страх –
Чалавеку свае.
Вецер дыхне – і няма,
І яго ўжо
Мейсца ягонае не пазнае.
* * *
А тыя, што нас паланілі,
песняў ад нас патрабавалі,
а нашыя прыгнятальнікі –
весялосці…
Псальм 136-3
Заваёўнікам трэба песняў
Ад нас,
Прыгнятальнікам – весялосці.
Толькі песня, яна –
Не вясельны кутас,
Каб дрыжэць у застольнае млосці.
Песня вольная
Вольную мае душу,
Не пяецца ў няволі ніколі.
Прастагнаць заваёўнікам
Можа імшу,
Зачасаць на магіле ім колле.
Весялосць захлынецца ад смеху,
Калі
Прыгнятальнік навек захлынецца.
І ўздыхнецца з палёгкаю
Роднай зямлі –
Аж ад радасці дол скаланецца.
* * *
Як бацька даруе сынам,
так даруе Госпад тым,
хто баіцца Яго.
Псальм 102:13
Светлая боязь душу ахінае.
Строме зайздросціць адхон.
Падае ніцма
Радасць зямная.
Марнасцю робіцца плён.
Страх
Перад Імем Тваім неназваным
Існай дарогай вядзе.
Грэх,
Што хацеў бы назваціся панам,
Чэзне, як дым на вадзе.
А ці ў палацы,
А ці ў палатцы
Кайна хілю галаву.
Госпад!
Дазволь мне Цябе баяцца.
Покуль баюся – жыву.
* * *
Не сплю і сяджу,
як адзінокая птушка на даху.
Псальм 101:8
Адзінокая птушка на даху –
Дах вартуе,
Ці дах яе
І трымае, й бароніць
Ад страху.
Птушка прыцемкаў
Сумна пяе.
Читать дальше