І помстай адзываліся нябёсы
За руйнаваны беларускі дом —
Палалі танкі на шашы між сосен,
З-пад ног чужынца вырываўся дол.
Даруй, матуля! Некалі было
Цябе згадаць бязвусаму салдату:
Радзіму б засланіць сваім крылом!..
Падлічваць Перамога будзе страты...
Сівелі азёры з бяды і адчаю,
Чарнелі ад гора крывавага дня...
...Віецца з журбой непазбыўнаю чайка:
У небе згарэла яе чаяня...
ЗВЫЧАЙНАСЦЬ ПАД МІРНЫМ НЕБАМ
Гарэзяць на падворку дзеці.
Курыць туманам нізкім пожня.
Усё звычайна ў гэтым свеце:
І першы ўсхліп, і ўздых апошні —
Як дым над комінам вясковым,
Як тонкі месяца акрайчык.
Спакон вякоў было такое:
Смяюцца людзі, людзі плачуць.
Ступае на каціных лапках
Ноч зорна-жнівеньскае масці.
Чаму ж ад кволай думкі зябка—
Што згэтуль знічкай мне прапасці?
Усё звычайна ў гэтым свеце,
І першы ўсхліп, і ўздых апошні—
Былі каб толькі вечна дзеці,
І дым над комінам, і пожня!
Ды як набыць бясстрашной сілы
Без горычы, без наракання
Сысці ў нябыт, а што любіла —
Пакіыуць тут усё дазвання,
Калі й надзеінка не свеціць,
Што ўпэўніцца зноў будзе можна:
Усё звычайна ў гэтым свеце—
І першы ўсхліп, і ўздых апошні?..
Ты з якога стагоддзя прабіўся, струмень?
Так утульна з табой у гушчэзным арэшніку.
Што аддаў ты зямлі, каб прыдбаць узамен
Гэту сілу і гэту крышталёвасць
бязгрэшную?
Што ты хочаш паведаць, такі гаваркі,
Моршчыш лоб, нібы сілішся ўспомніць
штось важнае,
Што?
...Раптоўна нямею, уражаная:
Крутануў вір каменне. Лёгка.
Быццам вякі.
Гляджу на куст шыпшынавы з тугою:
Не ўбераглі яе калючкі цвету.
Дзеля чаго ж яны тады на голлі?
Маўчыць маё дасведчанае лета.
Ажно да ўзлесся з сонечнай палянай
Усеўладарна падступіла жыта.
Нямала і ў мяне галін зламана
Чужым і ўласным хапатлівым бытам...
Спакой — не здзьмуць апоўдню
й парушыны
З ліста, ён і не сіліцца дарэмна.
Я знаю: быць шыпшынаю шыпшыне,
Пакуль зямлі трымаецца карэннем.
І ўсё ж на куст гляджу, гляджу
з тугою—
Не ўбераглі яго калючкі цвету.
Дзеля чаго яны тады на голлі?
Маўчыць маё дасведчанае лета.
Як рана васількі завасільковелі,
Ці гэта я спазняюся? Няўжо
Мінулася вясна? Адна аскоміна
Перапарэлых, выгарклых дажджоў...
Спазняюся. Ва ўсім... І рассыпаюцца,
І выпадаюць звёны спакваля,
Як поры года з пачуццёвай памяці,
Памкненняў, дружбы звёны...
А ў палях
Красуе жыта! Як і трэба ў чэрвені.
Не знае глеба ленасці душы.
Каля дарогі ў каласоў гушчэвіне,
Як вокліч лета, васілёк дрыжыць.
Не пытаю, яліна, чаму
З боку поўдня пышней тваё голле:
Неаднойчы і нада мной
Сцюжа люта скуголіла.
І зусім не пытаю, чаму
Ты ніколі у поле не выйшла:
Без сябрыны побач і я
Не выжыла б.
Цік-такае гадзіннік.
Беспаваротна падаюць секунды
І несціхана ўсё глыбей, глыбей
Дзень нашай першай стрэчы
Засыпаюць.
Гара секунд —
Напластаванне друзу
Быцця майго зямнога...
Ды часам
Дзень сустрэчы першай нашай
Устрапянецца, павядзе крыламі,
Дзівосны, несмяротны, быццам Фенікс,
Устане з тлену часу
І ўзіраецца
Дапытліва, трывожна, недаўменна:
Што сталася нядобрае са светам?
Што ў ім увогуле не так, як трэба?
Чаму
Цяпер забараняць я мушу
Уласнай песні, каб яна не смела
Гучаць найлепшай нотай —
Тваім імем?
У зялёным плашчы наросхрыст
Па гаях вецер чэрвеньскі ходзіць.
Толькі блізкіх збліжае ростань.
Толькі з блізкімі час у згодзе.
Ох, які ты вымаклы, вецер!
Травы ў пояс табе, разутаму...
То дажджынка з ліста, ці з сэрца
Ападае пяшчотны смутак?
Не сніся мне. Навошта снішся мне?
Усё між намі выяснена, вырашана,
І пра ўгавор наш помню я і ў сне.
Не сніся мне.
А стрэч не пазбягай. Не бойся стрэч.
Цябе маёй пяшчотай не абражу я.
Рук не ўскладу на шалі тваіх плеч.
Не бойся стрэч.
Насупраць сядзем. Ты ўсміхніся мне.
І я ў адказ — спакойна і нязмушана.
Пра угавор наш помню я і ў сне...
Не сніся мне.
Читать дальше