У лісце да Гальперына Караткевіч пісаў: «А тут еще помог друг и догадался пустить между нами черную кошку. И была обидчивость, и была космическая, невероятная, страшная глупость» (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Арк. 4 адв.). А вось інфармацыя ў другім лісце: «Это была короткая история: кончилась тем, что нам насплетничали один на одного, было много неприятного, трагического. Ей было тем легче отвернуться от меня, что о моем отношении к ней она не знала, в лучшем случае могла догадываться» (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Арк. 8 адв.).
У вершы «Юнацтва маё», што быў змешчаны ў кнізе «Быў. Ёсць. Буду», Уладзімір Караткевіч пісаў:
«І развёў нас не леў і не востры кінжал,
Не вакзалаў далёкіх агні,
А гады пакут і няшчырых пахвал,
Даносаў і брыдкай хлусні.
І ведаў паклёп, як сэрца крануць,
І нас аддзяліў сцяной,
І паверыла ты, і змяніла вясну
На шаўкі, што знасіла даўно».
У згаданым ліставанні Уладзіміра захоўваецца недатаваная цыдулка Караткевіча да аднакурсніка, якога ён называе «сеньор» і «Мишка» (мы яшчэ вернемся да гэтага імя). Там ідзе гаворка пра нейкага Жэньку, з-за якога Караткевіч пасварыўся з адрасатам (АРКіР. Ф. 11. Воп. 2. Адз. зах. 604. Арк. 35). Але ў аповесці «У снягах драмае вясна» Жэнькай клічуць якраз сябра галоўнай гераіні, які раўнаваў Уладзіслава да Алёнкі! Больш за тое, у згаданым лісце Караткевіч піша: «Не знаю, что ты думаешь о Светлане М. – зол на неё. Писем нет и ничего нет. Больше ноги моей не будет там. <���…> Передавай ей спасибо за небольшое гостеприимство, за добрые слова и прочее. Не знаю, смог ли я за это хоть в малой степени отплатить стишками. Если нет – пришлю её блокнот. Навязываться никому не умею, да и не желаю. Не нравятся мои стихи – обойдусь, не нравится моё общество – не стану бывать. Я сам себе общество и мне в этом обществе не бывает скучно» (АРКіР. Ф. 11. Воп. 2. Адз. зах. 604. Арк. 35–35 адв.).
У аповесці «У снягах драмае вясна» супраць Уладзіслава Берасневіча (чыім прататыпам, нагадаю, з’яўляецца сам Уладзімір Караткевіч) наладжваецца паказальны працэс з традыцыйнымі для таго часу абвінавачваннямі (дзеянне адбываецца ў 1952 годзе). Нагадаю таксама, што ў аповесці галоўнаму герою супрацьстаіць кар’ерыст Маркіч, які з’яўляецца камсамольскім сакратаром курса. У творы пра героя сцвярджаецца наступнае: «I хаця Маркiч гаварыў заўсёды правiльныя словы – нейкай мяртвячынай аддавалi яны ў яго. Зусiм была адна справа, калi гэтыя словы казала газета, i зусiм другая – калi казаў Маркiч. Апранаўся ён франтавата, але меў нейкі сонны, быццам закансервіраваны яшчэ ў мінулым стагоддзі твар: халодныя, тытунёвага адцення вочы, вусны, складзеныя іжыцай, лоб вузкі, касы, з вялікімі залысінамі. І вяртлявая стройная постаць, і гарачая, мокрая далонь. Бр-р-р» .
Цікава, што ў рэальнасці прататыпам такога непрыемнага героя магла выступаць… дзяўчына! У ліставанні Караткевіча з аднакурсніцай Таняй, што захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ, ідзе гаворка пра сітуацыю, калі студэнты мусяць у нядзелю ехаць у саўгас, хоць ва ўсіх маюцца іншыя планы (напрыклад, Таня збіраецца з сяброўкай у тэатр). З гэтай нагоды узнікаюць згадкі пра асобу парторга Веранікі: «…какую пламенную речь произнесла Вероника по этому поводу» (АРКіР. Ф. 11. Воп. 2. Адз. зах. 604. Арк. 65). Аднакурсніца піша Уладзіміру: «Но Вова, ведь это очень злой, вредный человек, она готова устроить подлость в любое время. Кому бы то ни было» (АРКіР. Ф. 11. Воп. 2. Адз. зах. 604. Арк. 65 адв.). А ў іншай цыдулцы хтосьці піша Караткевічу, што да яго (яе) прыйшла «записка, в которой ты говоришь о стремлении В. властвовать над людьми» (ЦНБ. Ф. 11. Воп. 2. Адз. зах. 604. Арк. 99). Магчыма, менавіта асоба Веранікі паўплывала на распрацоўку вобраза Маркіча.
У апавяданні «Ідылія ў духу Вато», дзеянне якога адбываецца ў 1951-м, гераіня праз гады прызнаецца герою: «Я даведалася, што яны ўзвялі на цябе паклёп, што гэта яны выжылі цябе з універсітэта. <���…> Гэта была вялізная подласць: наклеіць на цябе, такога добрага да людзей, той паршывы ярлык. Але ж ты памятаеш, які быў час? І я адхіснулася ад цябе, паверыла».
У даследчыкаў пакуль адсутнічае інфармацыя пра такія падзеі. Не сустракаюцца яны і ў нешматлікіх успамінах кіеўскіх сяброў і знаёмых Караткевіча.
Магчыма, канфлікт адбыўся менавіта ў 1952-м. На карысць такой версіі сведчыць радок з вышэйзгаданай паэмы «Ліста нямае» («Пяць вялізных гадоў над зямлёю сплыло»), якая была скончана ў 1957 годзе. Акрамя таго, дзеянне аповесці «У снягах драмае вясна» якраз пачынаецца «ў канцы лютага тысяча дзевяцьсот пяцьдзясят другога года».
Читать дальше