Як узгадваў Леанід Крыгман, аднакласнік Караткевіча, «усе юнакі нашага класа былі закаханыя ў нашу настаўніцу літаратуры. Але наймацней Валодзя. Аднойчы мы з Юрыкам (Юрый Падва, іх аднакласнік. – Д. М.) залезлі на адрын, дзе Валодзя звычайна пісаў і хаваў свае творы. Мы знайшлі яго сшытак з вершамі і ўзялі яго. Там былі рамантычныя вершы, прысвечаныя Кацярыне Іванаўне. Справа амаль дайшла да бойкі, калі Валодзя даведаўся аб крадзяжу. Ён не размаўляў з намі цэлы месяц. Але потым мы зноў сталі неразлучнымі сябрамі».
Мяркую, тут можна казаць хутчэй пра юначае захапленне, чым каханне. Аднак той жа Пушкін без ваганняў уключыў у свой «Донжуанскі спіс» жонку Мікалая Карамзіна. Таму, на маю думку, імя Кацярыны Іванаўны таксама мусіць быць унесена ў спіс. Як сведчыць Л. Крыгман, Караткевіч перапісваўся са сваёй настаўніцай да канца жыцця. У аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў ЦНБ захоўваюцца тэлеграма і паштоўка ад Кацярыны Іванаўны, якія датуюцца прыкладна 1980 годам. У тэлеграме яна віншуе свайго былога вучня з выхадам чарговай кнігі і выказвае ўдзячнасць за падарунак (хутчэй за ўсё, Караткевіч адправіў ёй асобнік) (АРКіР. Ф. 11. Воп. 2. Адз. зах. 676. Арк. 1), у лісце віншуе са святам 1 Мая (АРКіР. Ф. 11. Воп. 2. Адз. зах. 676. Арк. 2). На пачатку 1990-х гадоў Кацярына Іванаўна жыла ў горадзе Мантурава Кастрамской вобласці. Далейшы яе лёс, а таксама іншыя падрабязнасці біяграфіі пакуль застаюцца невядомымі.
Дзяўчына, якую клікалі Алёнка, дзейнічае адразу ў двух празаічных творах Караткевіча. Гэта аповесць «У снягах драмае вясна» і раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі». У гэтай частцы гаворка пойдзе толькі пра Алёнку з рамана (прычыны будуць патлумачаны ў наступным раздзеле).
Згодна з сюжэтам твора, галоўны герой Андрэй Грынкевіч быў знаёмы з Алёнкай Століч яшчэ ў дзяцінстве. Потым яны вельмі доўга не бачыліся і сустрэліся ўжо маладымі людзьмі. Закахаліся і вырашылі пабрацца шлюбам. Але іх шчасце было нядоўгім, бо дзяўчына загінула ў аўтамабільнай катастрофе.
У паэме «Плошча Маякоўскага», што была ўключана ў раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі», Караткевіч пісаў:
«Любая, ты памятаеш, была вясна.
Вясна на гэтай зямлі?
Проста ў машыну ляцела сасна,
У неба ўзняўшы крылы галін».
Пэўны час я лічыў такі сюжэтны паварот твора літаратурным прыёмам, які абгрунтоўваў, чаму Грынкевіч да сустрэчы з маскоўскай выкладчыцай Ірынай Горавай жыў «як у сне» і нікога не кахаў. Тым больш жахліва было ўбачыць радок у лісце Караткевіча да Янкі Брыля ад 29 лютага 1960 года: «Ведаеце, мне ніколі не шанцавала з вялікім каханнем. Два разы прыйшло да мяне сапраўднае. І аднойчы яно загінула падчас аўтакатастрофы на шашы Мінск—Орша». У рамане трагедыя адбываецца якраз на гэтай магістралі.
А цяпер звернемся да двух лістоў Караткевіча, адрасаваных Ю. Гальперыну. На першы погляд, там змешчана супярэчлівая інфармацыя. У першым лісце (студзень 1955 года) – абставіны цяжка зразумелыя: «2 я– не любила меня (а может и да, но получилась какая-то ерунда), об этой истории Валька хорошо знает, мы с ним дружить начали из-за ссоры по этому поводу». У другім лісце (люты 1957 года) сцвярджаецца, што дзяўчына памерла. Але пры больш дакладным аналізе ўсё становіцца зразумела.
Згадка пра аршанскага сябра пісьменніка Валянціна Краўца сведчыць, што гэтая гісторыя звязана з Оршай. У свой час бард Зміцер Бартосік запісаў успаміны В. Краўца для адной з радыёперадач. Дык вось, паводле слоў вядучага, сяброў «звёў выпадак. Сам таго не ведаючы, Валянцін Кравец стаў супернікам Караткевіча ў любоўным трыкутніку. Аднойчы Валянцін праводзіў дахаты ўпадабаную дзяўчыну, у якую, як высветлілася пазней, быў закаханы і Уладзімір». Як узгадваў Кравец, «і адным цудоўным вечарам я ішоў, а з Воўкам мы былі амаль ворагамі, мы не размаўлялі, два супернікі. А калі я аказаўся кінуты, я ішоў паўз дом Валодзі Караткевіча, а домік у іх быў невялікі, драўляны домік. Там ляжала вялікае бервяно, на якім сядзеў Валодзька і чагосьці думаў. Праходзячы міма, я спытаў: “У тебя спички есть?” Ён кажа: “Есть”. Я падышоў, закурылі. Слова за слова, і пачалі мы… “Што такое «Я»”? Вядомае філасофскае пытанне. І мы прагаварылі з ім некалькі гадзінаў. Я яму паведаміў пра сваё няшчасце. Карацей, з гэтага моманту пачалася наша дружба».
Што датычыцца рознай інфармацыі ў двух лістах, дык на момант напісання першага з іх Караткевіч даўно не бачыўся з «Алёнкай». На момант другога дзяўчына загінула. Паколькі фінал гісторыі, апісанай у рамане, адпавядае рэчаіснасці, можна прызнаць верагоднымі і іншыя падзеі, што згадваюцца ў творы.
Читать дальше