1. «Нонка»;
2. Кацярына;
3. «Алёнка»;
4. Святлана;
5. Раіса;
6. Ніна;
7. Навэла;
8. Натэла;
9. Валянціна;
10. Л.;
11. Н. Д.;
12. Нэла (?)
13. Галіна;
14. Г. (?)
15. Валянціна.
Двукоссе азначае, што дакладнае імя і прозвішча дзяўчыны невядомае, таму ўжываецца імя гераіні, праз вобраз якой яна выведзена ў творах. Калі пасля імя або першай літары імя стаіць пытальнік, мы пакуль не можам дакладна сказаць, якімі былі адносіны Караткевіча да гэтых асоб.
На маю думку, «Нонку», «Алёнку», Святлану, Ніну і другую з Валянцін трэба аднесці да першага слупка (асобы, якіх Караткевіч моцна кахаў); Кацярыну, Раісу і першую з Валянцін – да другога слупка (асобы, якія падабаліся Караткевічу). Што датычыцца Навэлы, Натэлы, Л., Н. Д., Нэлы, Галіны і Г., пытанне пакуль застаецца адкрытым.
Хоць, калі кіравацца храналогіяй, паслядоўнасць «Донжуанскага спіса» павінна быць наступнай: «Алёнка» – «Нонка» – Кацярына – Святлана – «Алёнка» – Святлана – Раіса – Ніна – Навэла – Натэла – першая Валянціна – Н. Д. – Галіна – другая Валянціна (час узаемаадносін з Л. пакуль невядомы, адносіны з Нэлай і Г. пакуль застаюцца пад пытаннем).
Зразумела, той-сёй з чытачоў можа абвінаваціць аўтара гэтых радкоў у празмерным інтарэсе да асабістага жыцця пісьменніка. Шэраг аргументаў на карысць такога даследавання былі агучаны вышэй. Дадам, што ўся кніга засноўваецца менавіта на дакументальных, архіўных матэрыялах, тут няма нейкіх мастацкіх фантазій. Акрамя таго, шэраг матэрыялаў, што былі выкарыстаны пры даследаванні, ужо надрукаваны. Перапіска паміж Я. Брылём і У. Караткевічам выходзіла ў зборніку «Шляхам гадоў»; фрагменты ліставання з Ю. Гальперыным друкаваліся ў «Нёмане» яшчэ ў 1990-я гады; успаміны ўкраінскага пісьменніка М. Амельчанкі пра Навэлу і Натэлу, гераінь «Донжуанскага спіса», з’явіліся ў часопісе «Полымя»; у тым жа выданні можна знайсці ўспаміны Валянціны Паповай (Чакалавай). Калі з’явіцца Збор твораў У. Караткевіча ў 25 тамах, што выходзіць з 2012 года, туды будзе ўключана ўсё яго ліставанне з Гальперыным. То бок, значная колькасць фактаў не з’яўляюцца таямніцай і знаходзяцца ці неўзабаве будуць знаходзіцца ў адкрытым доступе.
Спадзяюся, што кніга выкліча цікавасць як у чытачоў, так і ў прафесійных даследчыкаў Караткевіча, дапаможа разгадаць белыя плямы ў яго біяграфіі. А таксама падштурхне да стварэння паўнавартаснага жыццяпісу нашага класіка, які пакуль адсутнічае.
А цяпер запрашаю чытачоў у падарожжа па «Донжуанскім спісе».
Асобы дзяўчат, якіх кахаў Караткевіч у гады юнацтва і маладосці (у спісе яны хаваюцца пад нумарамі 1, 3 і 4), нам дапамогуць расшыфраваць два лісты пісьменніка да сябра Юрыя Гальперына, адпраўленыя ў студзені 1955 года і лютым 1957-га. У іх Караткевіч згадвае тры гісторыі кахання. У лісце ад 27 студзеня 1955 года ён пісаў: «Скоро там Стась и Валька (сябры пісьменніка па Оршы. – Д. М.) поженятся? Повезло им. А я вот никак не могу отыскать такую девушку, чтоб решиться потерять свободу. Были три. Из них одна уехала, 2-я – не любила меня (а может и да, но получилась какая-то ерунда), об этой истории Валька хорошо знает, мы с ним дружить начали из-за ссоры по этому поводу; 3-я – э да ладно, чего толковать. Пока что жениться не на ком» (БДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 11. Арк. 6 адв.). Больш падрабязная інфармацыя змешчана ў лісце ад 5 лютага 1957 года : «Я дважды любил взаимно – одна уехала, другая – умерла, и я не знал обеих так, как желал. А в других случаях те, кто любили меня, были мне безразличны, а те, которых любил я, наверное, не любили меня. И была одна в Киеве». Паспрабуем разабрацца ў асобах, пра якіх вядзецца гаворка.
Дзяўчына з такім імем (Нонка Юніцкая) з’яўляецца галоўнай гераіняй аповесці У. Караткевіча «Лісце каштанаў». Сябры і знаёмыя, якія добра ведалі пісьменніка, адзінагалосна сцвярджалі пра аўтабіяграфічны характар твора. Даследчык Анатоль Верабей пісаў у сваёй працы «Абуджаная памяць», што аповесць была адным з «самых аўтабіяграфічных твораў» Караткевіча. Васіль Быкаў адзначаў у прадмове да караткевічаўскага двухтомніка: «Гэта адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка, напісаны на матэрыяле першых пасляваенных гадоў, праведзеных ім у Кіеве. Дакладна і лёгка выпісаныя вобразы юнакоў і дзяўчат вялікага горада з яго нялёгкім пасляваенным бытам грунтуюцца на пэўных прататыпах, і нават трагічны фінал аповесці ўзяты з жыцця, пабудаваны на аснове канкрэтнага факта». На карысць гэтага сведчаць шэраг супадзенняў паміж біяграфіямі аўтара і героя. Напрыклад, у аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» Караткевіч пісаў: «А потым пачалася вайна. Бамбёжкі. Эшалоны. Пачуццё бездапаможнасці падлетка… Бунтаваў супраць гэтага пачуцця. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Затрымлівалі, вядома. А з інтэрната таму, што здарылася звычайная на вайне рэч: доўгі час не ведаў, дзе бацькі і ці жывыя яны наогул, а калі жывыя, то дзе, за лініяй фронту або паспелі эвакуіравацца.
Читать дальше