Даследаванне ніколі не ажыццявілася б без працы папярэднікаў на ніве караткевічазнаўства і захавальнікаў спадчыны пісьменніка. Аўтар абапіраўся на працы доктара філалагічных навук Адама Мальдзіса і кандыдата філалагічных навук Анатоля Вераб’я. Шэраг матэрыялаў, знойдзеных у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (дырэктар Ганна Запартыка) і ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (загадчык Аляксандр Сцефановіч), апублікаваны на старонках перыёдыкі і ў кнізе ўпершыню.
Цікавасці да кнігі паспрыялі рэцэнзіі і інтэрв’ю з аўтарам, якія з’явіліся ў друкаваных ці электронных версіях айчынных газет. Мая ўдзячнасць Івану Арлову («Вечерний Брест»), Сяргею Астраўцу (Радыё “Свабода”), Расціславу Бензеруку («Літаратура і мастацтва»), Аксане Бязлепкінай («Звязда»), Марыне Весялусе («Літаратура і мастацтва»), Андрэю Дынько («Наша Ніва»), Алене Карп («Літаратура і мастацтва»), Алене Кавальчук (t-styl.info), Георгію Каржанеўскаму («Народныя навіны Віцебска»), Ганне Кісліцынай («Звязда» і bookster.by), Марыне Кузьміч («Народная газета»), Яўгеніі Масквіной («Віцебскі кур’ер»), Таццяне Мацвеевай (TUT.BY), Янку Натаўцу («Літаратура і мастацтва»), Анастасіі Панкратавай («Культура»), Людміле Рублеўскай («СБ. Беларусь сегодня»), Ганне Севярынец (velvet.by), Якубу Сушчынскаму (Беларускае Радыё Рацыя), Сяргею Трафілаву («Культура»), Галіне Шаблінскай (першы канал Беларускага радыё), Ніне Шчарбачэвіч («Звязда»), Галіне Юркевіч («Телеком-экспресс»). Інфармацыя пра кнігу таксама з’явілася на сайтах газеты «Народная воля» і кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Шчыры дзякуй кіраўніку Мінскай пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасю Пазнякову за прапанову ажыццявіць выданне першай кнігі, дырэктару выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяне Анцух – за ідэю другой кнігі, Андрэю Янушкевічу і Сяргею Макарэвічу, дырэктару і супрацоўніку выдавецтва «Янушкевіч» – за ідэю перавыдання кнігі. А родным і блізкім людзям – за натхненне і разуменне.
Уводзіны, або Навошта нам «Донжуанскі спіс»?
«Донжуанскі спіс»… Якая ў вас, шаноўны чытач, асацыяцыя з гэтым словазлучэннем? Мяркую, большасць адразу згадае асобу Аляксандра Пушкіна і доўгі спіс з 37 жаночых імёнаў, напісаных паэтам на старонцы альбома яго даўняй знаёмай Лізаветы Ушаковай. Разгадаць таямніцу асоб, якія хаваюцца за сціслымі запісамі, ужо не адно стагоддзе з пераменным поспехам імкнуцца пушкіністы ўсяго свету.
У чым бачыцца станоўчая роля такога дакумента? Ён прыцягвае ўвагу да асобы аўтара, дапамагае высветліць прататыпы герояў у празаічных і паэтычных творах. Удакладніць, хто натхняў паэта на стварэнне таго ці іншага шэдэўра. Пазнаёміць чытачоў з лёсамі жанчын, якіх кахаў пэўны творца. А таксама вызначыць храналагічныя этапы ў пісьменніцкай творчасці. Нездарма сярод мастацтвазнаўцаў ёсць традыцыя вылучаць у біяграфіі некаторых творцаў пэўныя перыяды, якія наўпрост звязаны з іх асабістым жыццём. Напрыклад, менавіта так многія даследчыкі ўспрымаюць мастацтва Пабла Пікасо. Акрамя таго, Караткевіч – рамантык, таму разглядаць яго творчасць без уплыву на яе жанчын мы не можам.
Імкненнем вырашыць усе гэтыя задачы і тлумачыцца стварэнне аўтарам гэтых радкоў даследавання пад назвай «“Донжуанскі спіс” Караткевіча». Паколькі тэма асабістага жыцця кожнага творцы з’яўляецца надзвычай далікатнай, я карыстаўся двума падыходамі. Першы, «дакументальны», заснаваны на ўспамінах і эпісталярнай спадчыне, якія не выклікаюць ні ў каго пярэчанняў.
Другі падыход можна ўмоўна назваць метадам уважлівага чытання тэксту, калі ўвага звяртаецца на біяграфіі галоўных герояў і іх падабенства ці супадзенне з жыццёвымі рэаліямі аўтара. Рызыка, вядома, тут надта вялікая: паспрабуй зразумець, што тут праўда, а што праява багатай фантазіі. Адна памылка можа скіраваць ход даследавання не ў той бок. Такім чынам, другі падыход пераўтвараецца для некаторых аматараў прыгожага пісьменства ў сапраўдную гульню, своеасаблівае разгадванне рэбусаў ці крыжаванак. Адначасова гэта сапраўднае паляванне за прататыпам галоўнага героя ці гераіні з абавязковымі для гэтага жанра элементамі: высочваннямі, засадамі і пагонямі. Каб не заблукаць на такім паляванні, аўтар гэтых радкоў імкнуўся па магчымасці супастаўляць два падыходы.
Заўважым, што «Донжуанскі спіс» Пушкіна складаўся з двух слупкоў. Паводле меркаванняў даследчыкаў, першы з іх уключаў імёны жанчын, якіх паэт кахаў моцна, другі – тых, якімі захапляўся. На маю думку, «Донжуанскі спіс» Караткевіча мусіць выглядаць наступным чынам:
Читать дальше