За вячэрай мы не сумавалі. Генерал расказаў нам пра вельмі цікавыя асаблівасці моў каўказскіх народаў. Мовы гэтыя дзеляцца на дзве групы — арыйскія і туранскія, хоць паміж народамі абедзвюх груп існуе незвычайнае падабенства нораваў і традыцый. Мне таксама прыйшлося распавесці пра свае падарожжы. Граф Шэмет пахваліў мае вершніцкія здольнасці і сказаў, што не бачыў ніводнага святара ці прафесара, які б здолеў за адзін раз праехаць конна такі шлях, як мы сёння, і я мусіў расказаць, што, пасланы Біблейскім таварыствам даследаваць мову племені чаруа, я правёў тры з паловай гады ва Уругвайскай рэспубліцы. Там я не злазіў з каня і жыў у пампах сярод індзейцаў. I так я расказваў, пакуль не дайшоў да таго месца, калі я блукаючы тры дні па бясконцых стэпах, не маючы ні ежы, ні пітва, быў вымушаны ўзяць прыклад з гаўчаў, што былі разам са мной,— надрэзаць жылу каню і піць яго кроў.
Усе дамы закрычалі ад жаху. Генерал заўважыў, што калмыкі ў падобных пільных абставінах робяць тое самае. Граф пацікавіўся, ці спадабаўся мне гэты напой.
— З маральнага боку,— адказаў я,— гэта было агідна. Але фізічна я пачуў сябе значна лепей, і якраз дзякуючы гэтаму напою я маю шчасце сёння тут вячэраць. Шмат хто з еўрапейцаў, дый увогуле белых, хто доўга жыў з індзейцамі, прызвычайваюцца і нават прыахвочваюцца да гэтага. Мой вельмі добры сябар дон Фруктуоза Рывэра [234], прэзідэнт рэспублікі, заўсёды карыстаецца нагодай паласавацца. Я памятаю, як аднойчы, едучы ў парадным убранні на паседжанне кангрэса, ён мінаў ранча, дзе рэзалі курыцу. Ён спыніўся, саскочыў з каня і папрасіў адзін глыток крыві. А пасля ў кангрэсе ён сказаў адну са сваіх самых бліскучых прамоў.
— Ваш прэзідэнт — пачварны монстр! — закрычала панна Юлька.
— Прабачце мне, шаноўная панна,— сказаў я,— гэта вельмі прыстойны і разумны чалавек. Ён выдатна гаворыць на некалькіх індзейскіх мовах, вельмі цяжкіх з-за безлічы дзеяслоўных формаў, якія адрозніваюцца ў залежнасці ад віду дапаўнення і нават ад сацыяльных адносін паміж размоўцамі.
Я збіраўся расказаць пра даволі цікавыя падрабязнасці дзеяслова ў мове чаруа, але граф перабіў мяне і спытаўся, дзе ў каня трэба надрэзаць жылу, калі хочаш крыві.
— Барані вас Божа, дарагі прафесар,— закрычала панна Івінская са смешным спалохам на твары,— не кажыце яму. Ён такі, што перарэжа ўсю стайню, а калі скончацца коні, дык пачне есці нас саміх.
Пасмяяўшыся з гэтага досціпу, дамы пакінулі стол і пайшлі згатаваць гарбаты і кавы, пакуль мы пакурым. Праз чвэрць гадзіны генерала паклікалі ў залу. Мы ўсе хацелі пайсці за ім, але нам сказалі, што дамам пакуль хопіць аднаго мужчыны. Хутка мы пачулі з залы гучны посмех і воплескі.
— Панна Юлька зноў узялася за сваё,— сказаў граф.
Паклікалі яго самога. Зноў пачуўся смех, воплескі.
Цяпер была мая чарга. Калі я ўвайшоў у залу, на тварах прысутных адбівалася сур’ёзнасць, што не вешчавала мне нічога добрага. Я чакаў нейкага жарту.
— Пане прафесар,— сказаў мне генерал самым сухім тонам,— гэтыя дамы лічаць, што мы занадта ўшанавалі іх шампан, і дазваляюць нам застацца з імі толькі пасля невялічкага выпрабавання. Трэба з завязанымі вачыма прайсці ад сярэдзіны залы да гэтай сцяны і дакрануцда да яе пальцам. Бачыце, усё вельмі проста, трэба толькі ісці наперад. Ці вы можаце прайсці дакладна па лініі?
— Спадзяюся, пане генерал.
I панна Івінская ўраз накінула мне на вочы хустку і што было моцы зацягнула яе вузлом на патыліцы.
— Вы стаіце пасярэдзіне залы,— сказала яна.— Выцягніце руку... Вось так! Магу біцца аб заклад, што вы не дакранецеся да сцяны.
— Наперад — крокам — руш!— скамандаваў генерал.
Да сцяны было пяць-шэсць крокаў. Я пасоўваўся павольна, упэўнены, што натыкнуся на якую вяроўку ці зэдлік, наўмысна падстаўленыя, каб я спатыкнуўся. Чуўся здушаны смех, маё замяшанне расло. Нарэшце, калі ўжо я спадзяваўся дакрануцца да сцяны, палец мой уткнуўся ў нешта халоднае і ліпкае. Я скрывіўся і адскочыў пад бурлівы рогат прысутных. Сарваўшы павязку, я ўбачыў побач са мною панну Івінскую, а ў яе руках — збанок з мёдам, куды я ўлез пальцам, думаючы, што дакрануўся да сцяны. Я суцешыўся, паглядзеўшы, як тое самае выпрабаванне прайшлі абодва ад’ютанты не лепш за мяне.
Рэшту вечара панна Івінская не пераставала даваць волю свайму гарэзліваму свавольству. Яна кпіла, блазнавала, лучала свае жарты то ў аднаго, то ў другога. Я заўважыў, аднак, што найчасцей яна звярталася да графа, які, мушу прызнацца, ніколі не крыўдзіўся і, здаецца, нават меў прыемнасць з гэтых назалянняў. I наадварот, калі яна нападала на каторага з ад’ютантаў, ён хмурыў брыво, і ў вачах у яго запаляўся страшнаваты цьмяны агеньчык. «Твар іх бела-ружовы, як смоль, чорныя бровы». Здаецца, пішучы гэты верш, Міцкевіч хацеў напісаць партрэт панны Івінскай.
Читать дальше