Хутка ўсё было гатова да адплыцця, але карыстацца можна было толькі шлюпкаю і адным чаўном. Гэта было замала, каб змясціць каля васьмідзесяці неграў, што яшчэ засталіся жывыя. Трэба было пакінуць усіх параненых і хворых. Большасць няшчасных прасіла, каб іх забілі да таго, як ад’язджаць.
Абедзве судзіны, з вялікімі цяжкасцямі спушчаныя на ваду і нагружаныя звыш усялякае меры, адышлі ад карабля ў неспакойнае мора, якое ў любую хвіліну гатова было паглынуць іх. Першы адплыў човен. Таманго і Айшэ селі ў шлюпку; цяжэйшая і больш нагружаная, яна значна адставала ад чоўна. Яшчэ чутны былі крыкі няшчасных, што засталіся на караблі, калі даволі моцная хваля збоку набегла на шлюпку і заліла яе вадою. Менш чым за хвіліну яна затанула. На чоўне заўважылі няшчасце і пачалі веславаць з падвойнаю сілай, баючыся, што трэба будзе падабраць пацярпелых. Амаль усе, хто быў у шлюпцы, утапіліся. Адно чалавек дзесяць здолелі даплысці да карабля. Сярод іх былі Таманго і Айшэ. Калі сонца зайшло, яны ўбачылі, што човен знік за небакраем; але што з ім сталася далей — невядома.
Нашто мне стамляць чытача брыдкім апісаннем галодных пакутаў? Дваццаць чалавек, што засталіся на цеснай прасторы, то гайданыя збушаваным морам, то паленыя пякельным сонцам, штодня спрачаюцца за жалю вартыя рэшткі едзіва. Кожны кавалак сухара даецца праз бойку; і слабы памірае не таму, што моцны забівае яго, але таму, што ён пакідае яго паміраць. Праз некалькі дзён на брыгу «Надзея» з жывых засталіся адно Таманго і Айшэ.
***
Аднае начы мора хвалявалася, рэзка дзьмуў вецер, а цемра была такая густая, што з кармы нельга было разгледзець носа карабля. Айшэ ляжала на матрацы ў капітанскай каюце, а Таманго сядзеў у яе ў нагах. Абое доўга маўчалі.
— Таманго,— нарэшце вымавіла Айшэ.— Усе твае пакуты цераз мяне...
— Я не пакутую,— хутка адказаў ён і кінуў ёй на матрац кавалак сухара, што ў яго заставаўся.
— Пакінь яго сабе,— сказала яна, асцярожна адсоўваючы сухар.— Я не галодная. Дый нашто есці? Хіба мой час не падышоў?
Таманго моўчкі ўстаў, хістаючыся, выйшаў на палубу і сеў ля зламанае мачты. Звесіўшы галаву на грудзі, ён насвістваў свой радавы спеў. Раптам праз шум ветру і хваляў данёсся крык, і паказалася нейкае святло. Зноў пачуўся крык, і нейкі вялізны чорны карабель праплыў зусім побач, так блізка, што рэі ягоныя прайшлі над галавою ў Таманго. Ён убачыў толькі дзве постаці, асветленыя ліхтаром, што вісеў на мачце. Гэтыя людзі зноў закрычалі, і тут іхні карабель, падхоплены парывам ветру, знік у цемры. Напэўна, вахтавыя заўважылі пацярпелы карабель, але шторм не дазволіў ім падысці бліжэй. Праз хвіліну Таманго ўбачыў сполах стрэлу і ўчуў гарматны выбух, пасля полымя вырвалася з другое гарматы, але стрэлу не было чуваць. Больш Таманго нічога не бачыў. Назаўтра ніводзін ветразь не паказаўся на даляглядзе. Таманго зноў лёг на свой матрац і заплюшчыў вочы. Гэтае ночы памерла яго жонка Айшэ.
***
Мінула невядома колькі часу, і з англійскага фрэгата «Бэлона» заўважылі нейкі карабель з паламанымі мачтамі; каманда, здавалася, пакінула яго. Падплыўшы да карабля на шлюпцы, матросы знайшлі там мёртвую негрыцянку і негра, такога схуднелага і ссохлага, што нагадваў мумію. Ён быў непрытомны, але жыццё яшчэ не адышло ад яго. Карабельны лекар заняўся ім, даглядаў яго, і, калі «Бэлона» прыйшла ў Кінгстан, Таманго быў ужо здаровы. Яго пачалі распытваць, і ён распавёў свае прыгоды. Плантатары з вострава хацелі павесіць яго як негра-бунтаўшчыка, але губернатар, чалавек гуманны, палічыў, што яго можна апраўдаць, бо, урэшце, ён толькі выкарыстаў сваё законнае права на абарону; а апроч таго, забітыя ім былі ўсяго толькі нейкія французы. Да яго ставіліся як да негра, узятага з канфіскаванага нявольніцкага карабля. Яму далі волю, то бок яго прымусілі працаваць на ўрад, але яго кармілі і плацілі яму шэсць су на дзень. Гэта быў вельмі прыгожы дзяцюк. Камандзір 75-га палка ўбачыў яго, забраў да сябе і зрабіў літаўршчыкам у палкавым аркестры. Ён трохі навучыўся гаварыць па-англійску, але быў не надта гаваркі. Затое ён без меры піў ром і цукровую гарэлку. Памёр ён у шпіталі ад запалення лёгкіх.
Федэрыга [14] Гэтая легенда папулярная ў Неапалітанскім каралеўстве. У ёй, як і шмат у якіх іншых паданнях гэтага краю, можна заўважыць дзіўную сумесь грэчаскай міфалогіі з хрысціянскімі вераваннямі; можна думаць, што яе склалі пад канец Сярэднявечча (аўт.).
Пераклад: Алесь Істомін
Читать дальше