Раптам Таманго, які асцярожна разарваў свае ланцугі, шалёна закрычаў,— гэты крык павінны быў служыць сігналам да нападу,— рэзка рвануў за ногі матроса, што стаяў побач з ім, зваліў яго, ударыў нагою ў жывот, вырваў стрэльбу і застрэліў вахтовага. Тае самае хвіліны негры напалі на ўсіх матросаў, збяззброілі іх і адразу ж пазабівалі. Боцман, у якога былі ключы ад кайданоў, загінуў адзін з першых. I тады натоўп неграў хлынуў на палубу. Хто не змог здабыць зброю, хапаў шворан ад кабестана ці вёслы са шлюпак. 3 гэтае хвіліны лёс белага экіпажа быў вырашаны. Хоць на кармавым палубаку яшчэ змагаліся некалькі матросаў, але ім бракавала зброі і рашучасці. Леду быў яшчэ жывы і не страціў мужнасці. Заўважыўшы, што Таманго завадатар змовы, ён вырашыў, што, забіўшы яго, ён зможа лёгка справіцца з астатнімі. Ён кінуўся насустрач Таманго з шабляю ў руцэ, голасна выклікаючы яго. Таманго адразу скіраваўся да капітана. Ён трымаў стрэльбу за рулю і біўся ёю, бы доўбняю. Абодва кіраўнікі сышліся на адным з тых вузкіх праходаў, што злучаюць насавы і кармавы палубакі. Таманго ўдарыў першы. Спрытна крутнуўшыся, белы ўнікнуў удару. Прыклад стрэльбы моцна стукнуўся аб дошкі і раскалоўся, сіла ўдару была такая, што стрэльба вылецела з рук Таманго. Ён быў бяззбройны, і Леду з д’яблавай усмешкаю ўзняў шаблю, каб засекчы яго. Але Таманго быў такі самы спрытны, як пантэры ў яго на радзіме. Ён кінуўся на праціўніка і перахапіў руку, у якой той трымаў шаблю. Адзін намагаўся ўтрымаць зброю, другі імкнуўся вырваць яе. Падчас гэтае зацятае барацьбы яны абодва ўпалі, і афрыканец апынуўся знізу. Тады, не трацячы мужнасці, Таманго з усяе сілы сціснуў праціўніка і з такою лютасцю ўпіўся зубамі ў ягонае горла, што кроў заструменіла, нібы з-пад ільвіных іклаў. Шабля вывалілася са знямоглае капітанавае рукі. Таманго схапіў яе, узняўся, скрываўленымі вуснамі выкрыкнуў пераможны кліч і некалькімі ўдарамі дабіў ужо напалову мёртвага ворага.
Перамога была ўжо пэўная. Малая рэшта матросаў спрабавала вымаліць літасці ў паўстанцаў, але ўсе яны разам з перакладчыкам, які ніколі не чыніў неграм зла, былі бязлітасна забітыя. Памочнік капітана загінуў з гонарам. Ён адступіў да аднае з тых маленькіх гарматаў, што круцяцца на шворне і набіваюцца картушам. Леваю рукою ён наводзіў гарматку, а ў правай трымаў шаблю і абараняўся так зацята, што сабраў цэлы натоўп неграў. Тады ён стрэліў і праклаў у гэтым цесным тлуме шырокі шлях, завалены мёртвымі і параненымі. Яшчэ праз хвіліну яго разарвалі на шматкі.
Калі труп апошняга белага, пашкуматаны і пасечаны на кавалкі, паляцеў у мора, негры, здаволіўшыся з помсты, узнялі вочы да карабельных ветразяў; а тыя, напятыя свежым ветрам, здавалася, яшчэ падпарадкоўваліся прыгнятальнікам і, нягледзячы на перамогу, імкнулі іх у краіну рабства.
— Дык, значыць, усё марна? — думалі яны ў сумоце.— Ці захоча гэтае вялізнае боства белых везці нас на радзіму, нас, што пралілі кроў ягоных уладароў?
Нехта сказаў, што Таманго здолее прымусіць ветразі падпарадкоўвацца. Адразу ж усе закрычалі, заклікаючы Таманго.
Ён не спяшаўся ісці. Яго знайшлі ў кармавой каюце, ён стаяў, абапершыся адною рукой на скрываўленую капітанаву шаблю, а другую абыякава падаўшы Айшэ, якая цалавала яе, стоячы на каленях. Радасць перамогі не магла захінуць змрочнага неспакою, якім веяла ад усяе ягонае постаці. Больш чуйны за іншых, ён лепш разумеў усю складанасць свайго становішча.
Нарэшце ён з’явіўся на палубе, удаючы ўпэўненасць, якое не адчуваў. Скрозь глухі шум сотні галасоў, што прыспешвалі яго павярнуць бег судзіны, ён ішоў да стырна павольна, нібы каб хоць трохі аддаліць момант, які яму і іншым павінны быў паказаць мяжу ягонае ўлады.
Усе негры, нават самыя безгаловыя, даўно заўважылі, што рух карабля залежыць ад нейкага кола і скрынкі, што стаяла супраць яго, але гэты механізм быў для іх найвялікшаю таямніцай. Таманго доўга разглядаў бусоль, варушыў вуснамі, нібы чытаў знакі на ёй, пасля паднёс руку да лоба і зрабіў задуменны выгляд, як чалавек, што ў думках нешта вылічвае. Усе негры абступілі яго, разявіўшы раты, шырока расплюшчыўшы вочы, з трывогаю сочачы за кожным ягоным рухам. Нарэшце са страхам і ўпэўненасцю, што надае людзям няведанне, Таманго крутануў стырно.
Як высакародны конь, што ўздымаецца на дыбы, адчуўшы астрогі неабачлівага вершніка, цудоўны брыг «Надзея» падскочыў на хвалях ад гэтага небывалага манёўру, нібы, абураны, хацеў праваліцца ў прадонне, разам са сваім нягеглым кіроўцам. Неабходная адпаведнасць паміж накірункам ветразяў і стырном была адразу ж парушана, карабель нахіліўся так рэзка, што, здавалася, зараз абернецца. Доўгія рэі ягоныя крануліся вады. Шмат хто ўпаў, нехта зваліўся за борт. Хутка карабель зноў выпрастаўся над хвалямі, нібы збіраўся змагацца супраць згубы. Вецер задзьмуў з падвойнаю сілай, і раптам абедзве мачты абрынуліся з жахлівым шумам, зламаныя на вышыні некалькіх футаў над палубаю, акрыўшы яе драўлянымі зломкамі і цяжкім спляценнем канатаў.
Читать дальше