Ён павярнуўся да мяне: «Вы мой сын. Пойдзеце са мной? Я не маю права прымусіць вас, але, калі хочаце, хадземце разам».
Я моўчкі паціснуў яму руку, і мы пайшлі. Я ледзь не вар'яцеў.
Праз два дні пан дэ Бурнэваль забіў на дуэлі пана дэ Курсіля. Мае браты, баючыся, каб не выбухнуў скандал, трымалі язык за зубамі. Я аддаў ім палову матчыных грошай, і яны ўзялі іх.
Я абраў прозвішча свайго сапраўднага бацькі і выракся ад законнага, але не майго імя.
Пан дэ Бурнэваль памёр праз пяць гадоў. Я і цяпер плачу па ім.
Ён устаў, прайшоўся і стаў супроць мяне: «Вось так! Я сцвярджаю, што матчына завяшчанне — самы прыгожы, высакародны і вялікі ўчынак, на які здольная жанчына. Вы згодныя?»
Я падаў яму абедзве рукі: «Цалкам, сябра».
Пераклад : Сяргей Мурашка
Гісторыю гэту пачуў я ад старога маркіза д'Арвіля, калі на дзень св. Гюбэра — заступніка ўсіх паляўнічых — мы сабраліся на вячэру ў барона дэ Равэля.
Цэлы дзень мы палявалі аленя, і толькі маркіз застаўся ў замку, бо ніколі не паляваў.
Вячэра зацягнулася, і ўсе гаварылі пра спосабы знішчэння жывёл. Нават жанчыны захапіліся крывавымі і часта няскладнымі апавяданнямі мужчын, а тыя гучна гаманілі, размахвалі рукамі, каб паказаць, як паляўнічы ловіць і б'е звера.
Пан д'Арвіль быў добры апавядальнік, хіба што гаварыў трошкі напышліва, але ж і вельмі цікава. Адчувалася, што ён няраз расказваў гэту гісторыю, бо гаварыў хутка, трапна і дасціпна.
— Панове, ні я, ні мой бацька, ні дзед, ні прадзед ніколі не палявалі, хоць прадзед і быў сынам чалавека, які паляваў больш за вас усіх. Ён памёр у 1764 годзе, і я раскажу, як гэта здарылася.
Яго звалі Жан, у яго былі жонка і сын, які мне стаў прапрадзедам, і разам з малодшым братам Франсуа д'Арвілем яны жылі ў нашым лясным замку ў Латарынгіі.
Праз паляванне Франсуа д'Арвіль так і не ажаніўся.
Круглы год браты няспынна, нястомна, без адпачынку палявалі. Яны любілі і разумелі толькі паляванне, гаварылі і жылі толькі полем.
Дзікая, неўтаймаваная прага забрала іх душы, спапяляла іх, не пакінуўшы месца іншым пачуццям.
Яны забаранілі трывожыць іх на паляванні, што б там ні рабілася на свеце. Прапрадзед мой нарадзіўся, калі яго бацька гнаўся за лісам, але Жан д'Арвіль не спыніў каня, а толькі крыкнуў: «А каб цябе! Гэты нягоднік мог бы дачакацца канца ловаў!»
Брат Франсуа быў яшчэ больш апантаны. Устаўшы з ложка, ён ішоў аглядаць сабак і коней, страляў птушак над замкам перад выправай на якога буйнога звера.
У наваколлі іх звалі пан Маркіз і Паніч, і гэта было натуральна, бо тагачаснае, спадчыннае дваранства адрознівалася ад сённяшняй выпадковай знаці, якая ў тытулах імкнецца замацаваць сыходную іерархію. Тады разумелі, што ад нараджэння сын маркізаў з'яўляецца такім самым графам, а дзіця віконта баронам, як генералава немаўля — палкоўнікам. А ў наш час пустыя славалюбцы ганарацца гэткай прыдумкай.
Вернемся, аднак, да продкаў.
Казалі, што былі яны вельмі высокія, кашчавыя, калматыя, утрапёныя і мужныя. А малодшы брат, на галаву вышэйшы за старэйшага, паводле легенды, якой ён хваліўся, меў такі моцны голас, што ў лесе трымцеў кожны лісток, калі ён крычаў.
Вось, мусіць, цікава было паглядзець, калі абодва волаты ў шпорах, абжаргаўшы коней, ехалі паляваць.
І вось, у зіму 1764 года, затрашчалі сіберныя маразы, і ваўкі залютавалі.
Яны нават нападалі на запозненых сялян, бегалі па вуліцах, вылі ад золку да золку і спусташалі хлявы.
А неўзабаве пайшлі чуткі. Людзі расказвалі пра вялізнага ваўка светла-шэрай, амаль белай масці, які з'еў двое дзяцей, адгрыз руку ў жанчыны, перарэзаў усіх вартавых сабак у наваколлі, без страху пераскокваў цераз платы і гойсаў па дварах. Усе бажыліся, што ад яго дыхання трапяталі агеньчыкі ліхтароў. І жах пасяліўся ў вёсках. Ніхто больш не адважваўся ў прыцемках ступіць за парог сваёй хаты, бо, здавалася, з цемры штомомант мог выслізнуць грозны цень.
Браты д'Арвіль вырашылі знайсці і забіць ваўка. Яны склікалі ўсю мясцовую знаць на вялікае паляванне.
Ды ўсё было марна. Дарма аб'язджалі яны лясы, прадзіраліся праз зараснікі — воўк знік. Часам яны забівалі шэрага, але не таго. А на другую ноч, быццам з помсты, воўк кідаўся на падарожнага ці рэзаў карову і заўсёды далёка ад мясціны, дзе яго шукалі.
Нарэшце, аднае ночы, ён дапаў да замкавага свінарніка і зарэзаў двух самых вялікіх япрукоў.
Абодва браты запаліліся гневам, палічылі, што гэтым дзёрзкім нападам пачвара здзекуецца з іх і кідае выклік. Яны ўзялі моцных, звычных да ловаў на буйнога драпежнага звера ганчакоў і, шалеючы ад лютасці, кінуліся ў пагоню.
Читать дальше