— Ты, мабыць, дрэнна пачула.
— Не, не! Ён паўтарыў яе словы; як і ты, ён аж падскочыў і сказаў: «Дзіця?» Яна доўга маўчала, а потым кажа: «Што ж цяпер будзе?» А потым...
— Што потым?
— Потым ты кашлянула, і мне прыйшлося ўцякаць.
Малодшая зусім разгублена глядзіць перад сабою.
— Дзіця! Гэтага не можа быць. Дзе ж у яе дзіця?
— Не ведаю. Вось гэтага я і не магу зразумець.
— Можа, дзе-небудзь дома... там, адкуль яна прыйшла да нас. Мама, канечне, не дазволіла ёй узяць яго з сабою з-за нас. І таму яна такая засмучаная.
— Ты што? Яна ж тады нават не ведала Ота.
Яны зноў змаўкаюць, доўга думаюць, але не знаходзяць адгадкі. І гэта мучыць іх.
Першай пачынае гаварыць малодшая:
— Дзіця — гэтага не можа быць! Адкуль у яе дзіця? Яна ж не замужам, а толькі ў замужніх бываюць дзеці, гэта я ведаю добра.
— Можа, яна была замужам?
— Глупства. Не за Ота ж.
— Але адкуль жа...
Яны разгублена пазіраюць адна на адну.
— Бедная фрэйлен, — засмучана гаворыць адна.
Зноў і зноў з іх вуснаў злятаюць гэтыя словы — уздых шчырага спачування. І тут жа зноў успыхвае цікаўнасць.
— Хто ў яе — дзяўчынка ці хлопчык?
— А хто яго ведае.
— Што ты думаеш — калі я ў яе папытаюся... вельмі, вельмі асцярожна?..
— Ты з глузду з'ехала!
— Чаму? Яна ж такая добрая да нас.
— Ці ж можна так? Нам пра такія рэчы не гавораць. Ад нас усё ўтойваюць. Калі мы ўваходзім у пакой, яны заўсёды адразу спыняюць размову і пачынаюць гаварыць усякае глупства з намі, быццам мы маленькія, а мне ж ужо трынаццаць гадоў. Навошта тады пытацца ў іх? Нам усё роўна скажуць няпраўду.
— А мне гэтак хочацца ведаць!
— А мне, думаеш, не хочацца?
— Ведаеш... што мне зусім не зразумела, — што Ота як бы нічога не ведаў. Кожны ведае, што ў яго ёсць дзіця, гэтак жа, як і кожны ведае, што ў яго ёсць бацькі.
— Ён прыкідваецца, нягоднік, ён увесь час прыкідваецца.
— Але ж не ў такой справе. Толькі... толькі... калі ён хоча нас падмануць...
Уваходзіць фрэйлен. Яны адразу змаўкаюць і робяць выгляд, што вучаць урокі. Але тайком касавурацца ў яе бок. Вочы ў яе як быццам чырвоныя, голас стаў ніжэйшы і дрыжыць. Дзяўчынкі прыціхлі і глядзяць раптам на яе пачціва і са страхам. «У яе ёсць дзіця, таму яна такая засмучаная», — не пакідае іх думка. І пакрысе яе смутак ахоплівае і іх саміх.
Назаўтра за абедам яны даведваюцца нечаканую навіну: Ота пакідае іх дом. Ён заявіў дзядзьку, што ў яго хутка экзамены і яму трэба старанна да іх рыхтавацца, а тут яму вельмі перашкаджаюць. Ён нойме сабе дзе-небудзь пакойчык на адзін-два месяцы, пакуль не скончацца экзамены.
Абедзвюх дзяўчынак ахоплівае страшэннае хваляванне. Яны ўгадваюць тайную сувяць гэтай навіны з учарашняй размовай, сваім абвостраным інстынктам адчуваюць нейкае ашуканства, баязлівыя ўцёкі. Калі Ота развітваецца з імі, яны груба паварочваюцца да яго спінаю. Але тайком сочаць за ім, калі ён падыходзіць развітвацца з фрэйлен. У яе дрыжаць губы, але яна маўчыць і спакойна падае яму руку.
За апошнія дні дзяўчынак быццам падмянілі. Яны не гуляюць, не смяюцца, вочы страцілі вясёлы, бесклапотны бляск. Імі валодаюць непакой і разгубленасць, пануры недавер да тых, хто іх акружае. Яны болей не вераць таму, што ім гавораць, у кожным слове падазраюць хлусню ці нейкі намер. Цэлымі днямі яны прыглядваюцца і цікуюць, сочаць за кожным рухам, ловяць кожны жэст, кожную інтанацыю. Як цені, сноўдаюцца яны за ўсімі, падслухоўваюць пад дзвярамі, спрабуюць даведацца што-небудзь. Горача імкнуцца яны зняць са сваіх незадаволеных плячэй цёмную сетку гэтых таямніц або кінуць хоць адзін позірк праз яе ячэйку на свет рэчаіснасці. Дзіцячая вера — гэтая вясёлая бесклапотная слепата — пакінула іх. Акрамя таго, яны прадчуваюць, што гэта яшчэ не ўсё, што трэба чакаць развязкі, і баяцца прапусціць яе. З таго часу, як дзеці ведаюць, што іх акружае мана, яны сталі прыдзірлівыя і падазроныя, самі пачалі хітраваць і прыкідвацца. У прысутнасці бацькоў яны надзяваюць на сябе маску дзіцячай прастаты, каб потым праявіць нечаканую актыўнасць. Яны незвычайна ўзбуджаныя, імі валодае нервовы непакой; вочы, якія раней свяціліся мяккім роўным бляскам, цяпер гараць ліхаманкавым агнём, а іх позірк стаў болей глыбокі. Яны такія бездапаможныя ў сваім пастаянным высочванні і падпільноўванні, што ўсё болей і болей прывязваюцца адна да аднае. Часам у іх раптоўна ўзнікае патрэба ласкі, яны падпарадкоўваюцца ёй і раптам парывіста абдымаюцца або, прыгнечаныя сваім няведаннем, пачынаюць плакаць. Без усякай, здаецца, прычыны ў іх жыцці нечакана настаў пералом.
Читать дальше