У той самы час гласность ужо дала імпульс да крайніх, радыкальных праяваў вялікарускага нацыяналізму. Некаторыя зь іх мяжуюць зь яўным шавінізмам. «Память» , надзвычай актыўнае грамадзкае аб’яднаньне, выкарыстоўвае факт, што паступовая кампрамэтацыя афіцыйнай ідэалёгіі стварыла вакуум, які нацыяналізм можа зь лёгкасьцю запоўніць. У выніку «Память» закранула за жывое вялікарусаў, якія ўсё больш абураюцца шкодамі, нанесенымі на працягу семдзесяцёх год іх нацыянальнай спадчыне камунізмам (што «Память» прыпісвае сіянісцкім і масонскім уплывам), а таксама ўсё больш баяцца, што працяглы крызыс можа паскорыць распад іх імпэрыі.
Хаця надпіс з кветак перад савецкім памежным пунктам на чыгуначнай лініі з Хэльсынак у Ленінград і надалей абвяшчае аптымістычны лёзунг «Мы жывем у эпоху, у якой усе шляхі вядуць да камунізму» , любы варыянт будучай долі Савецкага Саюзу прадказвае адыход ад камунізму. Посьпех перестройки выклікаў істотнае размываньне практыкі камунізму. Падаўжэньне крызысу было б адзнакай, што сыстэма няздольная да перадачы ўлады больш дынамічнаму і аўтаномнаму грамадзтву на справе. Чарговы застой азначаў бы, што камунізм ня можа творча разьвівацца. Рэпрэсіўны пераварот, заснаваны на нацыяналізьме і ідэлёгіі, скампрамэтаваў бы Савецкі Саюз на міжнароднай арэне, а яго распад быў бы роўны гістарычнай паразе. Такім чынам, у няпэўнай будучыні Савецкага Саюзу крыецца грамадзка-палітычная дынаміка, несумяшчальная з прэстыжам камунізму і яго пэрспэктывамі ў глябальным маштабе.
Палітычныя і сацыяльныя зьмены ўва Ўсходняй Эўропе таксама ўзмоцняць, безумоўна, агульны крызыс камунізму. Гэтыя зьмены будуць рознымі ў розных дзяржавах, а іх рухальнай сілай будзе як нацыяналізм, так і новае пачуцьцё наднацыянальнай салідарнасьці. Гэты першы мог бы паглыбіць традыцыйныя канфлікты — напрыклад, вугорска-румынскую спрэчку аб Трансыльваніі — а імаверным вынікам гэтага другога была б замена дагэтуль яшчэ ня зьніклых рэштак камуністычнага інтэрнацыяналізму ўзрастаючай прыцягальнай сілай Эўропы, якая аб’ядноўваецца ўсё хутчэй. У меру таго, як Заходняя Эўропа будзе крочыць да больш аўтэнтычнага, арганічнага эканамічнага адзінства, і як усьлед за эканамічным аб’яднаньнем узьнікне палітычнае, гістарычнае і культурнае адзінства, прыцягальнасьць Эўропы для ўсходнеэўрапейскіх краін узрасьце яшчэ больш. Паступовае аб’яднаньне Эўропы будзе ствараць драматычны — магнэтычны — кантраст з Савецкім Саюзам, незалежна ад таго, будзе ён у стане хваляваньняў ці застою.
Такім чынам, як аб’яднальная ідэя і ўзор грамадзкага разьвіцьця камунізм ужо страціў сваё значэньне для Ўсходняй Эўропы. Ён перастаў быць інтэлектуальна прыцягальны як ідэя. Як узор ён дыскрэдытаваны нават сярод уладных элітаў. Гэтта насоўваюцца два істотныя пытаньні. Па-першае, як будзе адбывацца працэс дэмантажу існых камуністычных інстытуцыяў? Па-другое, ці прывядзе ён да ладу, роднаснага заходнім дэмакратыям, ці да нацыяналістычных дыктатураў?
Карціна, відаць, будзе вельмі неаднароднай. Амаль усе ўсходнеэўрапейскія дзяржавы будуць імкнуцца да больш цесных сувязяў з Заходняй Эўропай, прычым рэй у гэтым будуць весьці і надалей Вугоршчына і Польшча. Таксама выглядае праўдападобна, што гэтыя дзьве краіны захаваюць свой статус лідэраў у дэмантажы інстытуцыяў, накінутых Савецкім Саюзам. У абедзьвюх краінах узьнікненьне самастойнай грамадзянскай супольнасьці, якая здолее супрацьстаяць эфэктыўнаму кантролю камуністаў, будзе і надалей звужаць абсяг самадыі палітычнай улады і паскорыць аднаўленьне аўтэнтычнага палітычнага жыцьця. Таму абедзьве яны могуць дасягчы, перш як іншыя дзяржавы Ўсходняй Эўропы, прынцыповай памежнай лініі паміж абарончым, адступаючым, усё больш талерантным, аднак і надалей — у сэнсе палітычнай улады — манапалістычным камунізмам і аўтэнтычнай плюралістычнай дэмакратыяй і сапраўднай свабодай палітычнага выбару.
Пераступіць гэтую лінію будзе цяжка. Ніводны камуністычны рэжым ня здолеў мірна дагэтуль перайсьці гэтую нябачную мяжу. Вугоршчына — гэта найлепшы кандыдат да такога спакойнага пераходу. Яна невялікая і геапалітычна ня так істотная для Саветаў, а гэта, у сваю чаргу, азначае меншую імавернасьць таго, каб Масква наважылася на нейкае разбуральнае ўварваньне ў нутраное разьвіцьцё гэтай краіны. Яе палітычная эліта больш мудрая і пачуваецца троху больш бясьпечна, чымся ў Польшчы. Усё гэта магло б абумовіць паступовае ператварэньне ўзьнікаючай грамадзянскай супольнасьці ў Вугоршчыне ў палітычнае грамадзтва з выразна плюралістычнымі рысамі. У Польшчы, дарма што грамадзтва выяўляе там свае правы на палітычную свабоду з большай сілай, чымся ў Вугоршчыне, пэрспэктывы такога спакойнага пераходу такія ж імаверныя. Ужо само ўзмацненьне польскіх нацыянальных памкненьняў, а таксама аснавасяжная слабасьць камуністычнай улады дазваляе прыпушчаць, што пэўная фаза крызысу можа непарыўна суправаджаць агонію камунізму — хаця шмат што, відавочна, залежыць ад ціхай згоды Саветаў на гэты працэс.
Читать дальше