Агульна Вам закідаюць, што ў Вас няма адпаведных папоў, а хутчэй поўна сьляпых. Гэтак папы Вашыя цягнуць за сабой народ на згубу. «Аддаваць — пішаце — цэрквы на пасьмешышча і зьдзекі», — але пячатаваць і замыкаць цэрквы і зьдзекавацца над кім-колечы — гэта знача ламаць брацкую аднамыснасьць і ўзаемную згоду. Па гэтым усім, няхай мне Ваша Міласьць пакажа, каго Вы прыдбалі, каго зьядналі гэтай сваей строгасьцю, суровасьцю, гэтым пячатаваньнем і замыканьнем цэркваў? I запраўды пакажацца, што Вы страцілі нават і тых, каторыя ў Полацку ў Вас былі ў паслухмянасьці; з авечак зрабілі казлоў: сьцягнулі небясьпеку на край, а можа і згубу на ўсіх нас каталікоў. Заместа вясельля прынесла нам Ваша гэтак хвалёная вунія клапоты, несупакойнасьць, нязгоду і так нам зрабілася горкай, што мы прагнулі-б лепш быць без яе, чымся з прычыны яе цярпець непакоі, горыч і дакуку. Вось плады Вашае вуніі. Знамянітай запраўды ёсьць яна прычынай сварак і нязгоднасьці паміж людзьмі і ў краі. Бо калі-б, чаго сьцеражы Божа, айчына наша ўзбурылася (да чаго Вы гэтакую дагодную дарогу сваей суровасьцю паказываеце), ня ведаю, што-б тады з Вашай вуніяй было...
А па гэтым усім гаспадар загадвае цэрквы іхнія распячатаваць і адчыніць, аб чым я Вашай Міласьці пішу. А калі Вы па гэтым маім напамінаньні не адпячатаеце і не адчыніце цэркваў, дык я сам загадаю іх распячатаць і праваслаўным аддаць, каб яны паводле свайго набажэнства ў цэрквах свае абрады маглі-б справаваць. Жыдам і татарам не забараняецца ў гаспадарствах каралеўскіх мець свае сынагогі і мячыці, а Вы хрысьціянскія пячатаеце цэрквы! З гэтага поваду разыходзіцца ўжо ўсюды пагалоска, што яны прагнуць быць лепш у няверных туркаў у падданстве, чымся цярпець гэтакі ўціск свайго сумленьня.
Што датычыць палачанаў і іншых супраць Вас бунтаўнікоў, дык гэта магчыма, што яны гэтакімі ёсьць. Але Вы самі іх да бунту падбурылі. Былі яны Вам ува ўсім паслушныя, царкву Вашу не пакідалі, але Вы самі іх ад сябе адкінулі. I дзеля гэтага ня хочам больш, каб Ваша толькі для нас згубная вунія да канца нас зьнішчыла.— Гэта мае аб’ясьненьні, каторыя даю на Вашае пісьмо. Жадаю сабе на прышласьць быць вольным ад спораў з Вамі. Прашу толькі Найвышэйшага аб усялякую для Вас памысловасьць і адначасна аб духу лагоднасьці і любові да бліжняга, застаючыся з паважаньнем Леў Сапега».
З гэтага пісьма выяўляюцца пагляды Сапегі на рэлігійную праблему наагул і вунію 1595 г. у асаблівасьці. Выказаны яны гэтак ясна, што асобных камэнтарыяў не патрабуюць. Трэба толькі сцьвярдзіць, што паглядамі на рэлігійнае пытаньне Сапега апярэдзіў сваю эпоху на сотні гадоў і зьяўляецца прыкладам справядлівасьці і запраўднай толеранцыі. З гэтага гледзішча ён ня мае роўных сабе сярод сучасьнікаў. Дзеля ілюстрацыі тагачасных паглядаў — і пры гэтым паглядаў найвыдатнейшых людзей — на рэлігійнае пытаньне падамо пісьмо папы Урбана VIII да Жыгімонта III, пісанае з прычыны забойства Кунцэвіча. Пісьмо гэтае, як антытэза паглядам Сапегі, вельмі характэрнае.
«Устань, устань — пісаў папа Урбан, — слаўны сваімі перамогамі над туркамі, і з ненавісьцю, якую да цябе жывяць няверныя, вазьміся за ружжа дый, калі збаўленьне людаў гэтага вымагае, нішч агнём і мячом заразу схізмы. Хай сьвятая вунія паднясе галаву. Чулі мы аб існаваньні схізматыцкіх брацтваў. Хай-жа твая каралёўская павага, каторая павінна быць абаронай веры, зломіць іхнюю апорнасьць. Хвальшывых біскупаў рускіх, каторыя сеюць забурэньні, пакарай сурова паводле заслугаў. Апякуйся вуніяцкімі біскупамі, аблягчы ім доступ да двара і сойму і зраўняй іх з біскупамі лацінскімі».
Успомнім яшчэ, што ў Польшчы, навет пад канец XVIII стагодзьдзя, выдаваліся канстытуцыі, забараняўшыя некаталіком хаваць нябожчыкаў удзень і вязьці іх па галоўных вуліцах.
Але ня толькі справа вуніі і праваслаўнае царквы захапляла ўвагу Сапегі. Цікавіў яго і каталіцкі касьцёл на Беларусі, вызнаўцаў каторага ён хацеў абараніць ад полёнізацыі, якая пашыралася штораз мацней у яго асяродзьдзі. За часоў Сапегі беларуская каталіцкая люднасьць ня была польскай і крэпка трымалася сваей нацыянальнасьці, даючы адпор варожым імкненьням да яе зьнішчэньня. Гэта ясна бачыцца з наступнага факту, у якім Сапега прыймаў значны ўдзел.
У 1590 годзе памёр кракаўскі біскуп. На яго катэдру кароль хацеў назначыць віленскага біскупа кардынала Юрыя Радзівіла. Леў Сапега, даведаўшыся аб гэтым, напісаў да Радзівіла наступны ліст: «Маю ведамасьць, што, па сьмерці Кракаўскага біскупа, вакансію гэту аддаюць Яго Міласьці Кардыналу, біскупу Віленскаму. Я рад служу Яго Міласьці і ніякай рэчы ня бачу, якой-бы паводле думак Кс. Кардынала яму не жадаў. Але баюся, каб якая з гэтага поваду мутацыя да нас ня ўнеслася і каб не казалі напотым: «а вось літвін быў біскупам кракаўскім, няхай-жа будзе цяпер паляк віленскім». Але каб з гэтага факту ня было ўшчэрбку народу нашаму напотым дык тады няхай Яго Міласьць катэдры не даходзіць».
Читать дальше