Аднак, трэба сцьвярдзіць, што рэлігійная толеранцыя на Беларусі, побач з узгадаваньнем шляхотнасьці паглядаў у рэлігійных пытаньнях, мела і свой ад'емны бок: яна выклікала хаос у рэлігійных адносінах. Кожная рэлігійная навінка мела тутака права на жыцьцё. Прыхільнікі кожнае рэлігіі закладалі ўласныя друкарні, выдавалі ня толькі неабходныя багаслоўскія кнігі, але і полемічныя творы. Гэтакае зьявішча спрычынілася паволі да выялавеньня беларускай дзяржаўнай думкі, бо скіравала яе на шлях абстракцыйна-тэорэтычных разважаньняў аб лепшасьці догматаў паасобных рэлігіяў, а аддаляла ад найбольш істотных інтарэсаў беларускага народу. Ня было мовы аб тым, каб якая-колечы з існаваўшых на Беларусі рэлігіяў, а перадусім праваслаўе або каталіцтва, сталася запраўднай нацыянальнай царквой так, як гэта было на Захадзе і ў Польшчы, бо ніводная з іх не пачувалася да абавязку прыняць на сябе адказнасьць за ўзгадаваньне народу ў нацыянальным духу.
Пры гэткіх умовах рэлігійнага жыцьця, панаваўшых на Захадзе і на Беларусі, абаснаванымі былі імкненьні да стварэньня нацыянальнага беларускага касьцёлу. I вось найвыдатнейшыя прадстаўнікі народу шукалі спосабу стварэньня гэткага касьцёлу, маючы на ўвазе ягоны магутны ўплыў на нацыянальнае ўсьведамленьне народу. Мікалай Радзівіл Чорны, пашыраючы рэфармацыю ў Вялікім Князьстве, рабіў гэта з тэй мэтай, каб зрабіць кальвінізм нацыянальнай рэлігіяй і адгарадзіцца гэткім чынам і ад каталіцкае Польшчы, і ад праваслаўнае Масквы. Спробы яго, аднак, скончыліся няўдала, бо ён, прымушаны сілай абставінаў апірацца ў сваёй дзейнасьці на рэфарматараў-палякоў, спрычыніўся толькі да полёнізацыі беларускіх земляў: польскія рэфарматары, друкуючы сваю рэлігійную літэратуру, рабілі гэта ў польскай мове. Гэтакай-жа спробай заснаваньня нацыянальнага касьцёлу на Беларусі была і рэлігійная вунія 1595 г. у вачох Льва Сапегі і іншых беларускіх мужоў, якія ёй дапамагалі. Нейкая агульная сынтэза існаваўшых на Беларусі рымска-каталіцкае і праваслаўнае веры, а ў далейшым — заходняе і ўсходняе культуры, была неабходнай дзеля таго, каб ня даць перамогі адной з іх і гэтым самым недапусьціць да ўтраты Беларусяй сваей нацыянальнасьці на карысьць Масквы ці Польшчы. Дзеля гэтага ідэя вуніі знайшла спогад у Льва Сапегі, які, нядаўна зьмяніўшы кальвінства на каталіцтва, аказаў ён на Берасьцейскім сынодзе 1595 г. сваё падтрыманьне. Аднак, адзначаючыся можа лішне вялікім рэлігійным індыфэрэнтызмам, а хутчэй — будучы перадусім глыбокім толерантам, недапушчаўшым навет думкі аб перасьледаваньні аднае рэлігіі другой, Леў Сапега не ўсьведамляў сабе тых сродкаў, якімі вунія будзе пашырацца сярод народу, і тых сумных вынікаў, да якіх яна ў рэзультаце давяла. Гэта ясна бачыцца з яго пісьма да полацкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча з 22 сакавіка 1622 г. (тэкст яго падамо ніжэй), у якім Сапега, выказаўшы сваё ўжо нэгатыўнае адношаньне да вуніі, хоць і не выракаючыся факту дапамаганьня ёй, сцьвярджае з горыччу, што ён ніколі ня думаў, «каб вунія пашыралася гэткімі гвалтоўнымі і згубнымі для народу спосабамі». Гэтая глыбокая горыч Льва Сапегі для нас тым больш зразумелая, што, як ужо сказана, пачаткова ўглядаўся ён на вунію, як на беларускі нацыянальны касьцёл, ускладаў на яе вялікія надзеі і аказаў ён сваю дапамогу, кіруючыся ў гэтым не абстракцыйнымі рэлігійнымі мэтамі, не карысьцю рымска-каталіцкага касьцёлу, як кароль Жыгімонт і езуіты, а тым больш не інтарэсамі Польшчы, як Пётр Скарга, польскія езуіты і наагул палякі, дапамагаўшыя вуніі, — а выключна толькі любоўю да ўласнага народу і краю, пазбаўленага такое важнае ўласнае крыніцы духовае культуры, якой была нацыянальная рэлігія з гледзішча яе ўплываў на будову нацыянальнага сьветапагляду. Рэлігійная вунія 1595 г. не апраўдала ўскладаных на яе Львом Сапегай надзеяў, бо, з аднаго боку, зьнішчыўшы рэлігійную толеренцыю, якая панавала на Беларусі, вунія ня сталася беларускім нацыянальным касьцёлам, а з другога — вунія, дзякуючы ўзьнятай ёй унутранай рэлігійнай вайне ў лоне беларускага народу, давяла яго да такога духовага заняпаду, што ён пачаў выбірацца з гэтага заняпаду — і то напоўсьвядома — толькі ў пачатках XIX стагодзьдзя.
З трох найвыдатнейшых дзеячоў вуніі (Кунцэвіч, Іпаці Пацей і Вэльямін Рутскі) мы спынімся над мэтадамі і дзейнасьцю Язафата Кунцэвіча, бо між ім і Львом Сапегам паўстала колізія і змаганьне.
Язафат Кунцэвіч выступае на арэну рэлігійнага змаганьня за вунію ўжо ў 1600 г., калі, толькі-што высьвячаны на ксяндза, ён бліснуў сваімі казаньнямі, прыдбаўшымі яму імя «душахвата» ў праваслаўных. Вядучы нязвычайна суровае жыцьцё, спрыяўшае разьвіцьцю рэлігійнага фанатызму, Кунцэвіч ужо ў гэтым часе адзначаўся сваей нетолеранцыяй у адносінах да праваслаўных. I калі навет у 1614 г. ён заняў становішча архімандрыты манастыра сьв. Тройцы ў Вільні, дык, хаця адміністрацыя манастыра, яшчэ беднага, але меўшага ўжо шмат манахаў, адбірала ў яго шмат часу і чыніла нямала клопатаў. Кунцэвіч ні на хвіліну ня спыняецца ў зьдзейсьняньні свае галоўнае мэты — наварачаваньня праваслаўных на вунію ў Вільні і паза Вільняй, часта з небясьпекаю для ўласнага жыцьця. Дзякуючы бязупыннай працы Кунцэвіча над пашырэньнем вуніі, хутка пачалі выяўляцца плады яе. Ваявода полацкі кн. Міхал Друцкі-Сакалінскі і ваявода наваградзкі Тодар Скумін-Тышкевіч пакідаюць праваслаўе і пераходзяць на вунію. Яшчэ раней, дзякуючы Кунцэвічу, навярнуліся да вуніі Мялешкі і Трызны. Характэрна, што Тышкевіч — яшчэ за Рагозы — быў, пад уплывам Кн. Канстантына Астрожскага, праціўнікам вуніі і казаў: «як жа я маю вучыцца цэрамоніяў лацінскіх, калі па лаціне ня ўмею?» Здабыцьцё шляхты для вуніі фактычна азначала і здабыцьцё сялянства, каторае рэдка мела ўласнае перакананьне і пераважна ішло за панамі. З надыходам 1617 г. амаль уся Вільня была вуніяцкай. Такжа і на правінцыі было ня мала асяродкаў яе. У гэтым жа часе Кунцэвіч быў назначаны коад'ютарам арцыбіскупа полацкага з правам наступства. Насяленьне Беларусі прыняло даволі спакойна вестку аб номінацыі Кунцэвіча. Ня было тутака яшчэ ані агітатараў, ані брацтваў (за выняткам Магілёва) — галоўных вогнішчаў бунту супраць вуніі. Насяленьне Полаччыны яшчэ ня было вуніяцкім, аднак спраціву вуніі спачатку не рабіла і даволі пакорна прыняло Кунцэвіча, а навет прыгатовіла яму ўрачыстае спатканьне ў самым Полацку, галоўнай — побач з Віцебскам і Мсьціслаўлем — сядзібе арцыбіскупаў. У гэтым прыняцьці ня толькі люднасьць вясковая і мяшчане, а навет шляхта брала ўчасьце. Перад брамай места быў збудаваны алтар, пры якім Кунцэвіч адправіў малітвы і потым з урачыстай працэсіяй скіраваўся ў старадаўнюю полацкую катэдру сьв. Зофіі, каб там прыняць абяцаньне паслухмянасьці ад прысутнага пры інтронізацыі духавенства. Аднак, гэты трыумфальны ўезд Кунцэвіча ў Полацак не адбыўся бяз пэўных дыссонансаў, каторыя былі першай перасьцярогай для новага ўладыкі перад яго пазьнейшымі гвалтамі і нетолеранцыяй — з боку люднасьці, агулам добра яго прыняўшае.
Читать дальше