Як бачым, за найвялікшае дабро грамадзян дзяржавы Сапега ўважае вольнасьць. Бараніць адпаведна свае вольнасьці грамадзяне патрапяць толькі тады, калі сярод іх будзе пашырана веданьне права і адсюль сьвядомасьць правоў і абавязкаў. А калі якому-колечы народу — кажа Сапега — сорамна няведаць уласнага права, дык пагатовя ганебнай ёсьць рэччу няведаць свайго права грамядзянам Вялікага Князьства, каторыя маюць права пісанае ня ў чужой мове, а ў сваей уласнай. Апошнія словы Сапегі маюць для сучаснага дасьледчыка беларускае культуры і гісторыі нязвычайную вартасьць дзеля выяўленьня характару культуры Вялікага Князьства Літоўскага з гледзішча нацыянальнай яе прыналежнасьці, — тым болей, што словы гэтыя сказаны былі вуснамі найвялікшага прадстаўніка гэтае культуры. Як ведама, г. зв. «руская» мова Літоўскіх Статутаў ёсьць мовай беларускай, Літоўскія Статуты былі пісаны па-беларуску. Гэткім парадкам Сапега лічыў уласнай мовай — і пры гэтым ня толькі сваей, але і ўсяго грамадзянства Вялікага Князьства, — мову Трэцяга Статуту, значыць — беларускую. А калі ўзяць пад увагу, што аб нацыянальнай прыналежнасьці гэтак высака культурнае адзінкі, як Сапега, перадусім дэцыдавала і дэцыдуе тая мова, каторую ён сьведама, з пашанаю і любоўю называў уласнаю і правоў каторае гэтак старэнна бараніў,— дык трэба прыйсьці да вываду, што Сапега, паводле цяперашняе тэрмінолёгіі, залічаў сябе сам да беларускае нацыянальнасьці. З другога боку ведама, што Сапега — за прыкладам сваіх сучасьнікаў — называў сябе «ліцьвіном», а народ свой, які гутарыў мовай беларускай, «літоўскім». Дык з гэтага сам сабой выплывае лёгічна бясспрэчны вывад, што назовы «ліцьвін», «літоўскі» былі нічым іншым, як гістарычнымі назовамі беларускага народу.
Упарадкаваньнем пісанага права і выданьнем Статуту Сапега здабыў для сябе шчырую ўдзячнасьць сучасьнікаў, каторыя не шкадавалі яму заслужоных пахвалаў, а тагачасныя пісьменьнікі называлі яго «айцом айчызны» і літоўскім Солёнам. У 1589 г. Сапега заняў найвышэйшае ў сваей дзяржаве становішча канцлера, якое перад ім займаў Крыштоф Радзівіл.
Абгаварваючы справу ўпарадкаваньня Сапегаю пісаных законаў Вялікага Князьства, трэба ўспомніць яшчэ адзін факт, які меў месца перад выданьнем Статуту і знаходзіўся ў цеснай сувязі з арганізацыяй судоў у Вялікім Князьстве. Гэтым фактам было ўтварэньне Літоўскага Трыбуналу, які паўстаў у 1581 годзе (на 11 гадоў пазьней, чым у Кароне), дзякуючы ў вялікай меры стараньням Льва Сапегі, каторы хацеў бачыць судоўніцтва Вялікага Князьства незалежным ад Кароны. Трыбунал быў найвышэйшай апэляцыйнай інстанцыяй у справах цывільных і складаўся з дэпутатаў сьвецкіх, выбіраных праз соймікі, і духоўных, высыланых капітуламі (выключна дзеля справаў касьцельных). Сябры Трыбуналу выбіралі маршалка, які кіраваў працамі Трыбуналу. Трыбунал меў свае кнігі, у якія сьпярша земскі пісар таго павету, дзе адбывалася сэсія, а пасьля асобны трыбунальскі пісар упісваў усе акты ў мове беларускай («рускай»). Пачаткова Трыбунальскія Суды адбываліся ў чатырох местах: Вільні, Троках, Наваградку і Менску. Пазьней — ад 1588 году, за згодаю ўсіх станаў Вялікага Князьства, сэсіі Трыбуналу адбываліся толькі ў двух местах: Вільні (куды перайшлі справы, разгляданыя раней у Троках), і Менску або Наваградку (пачарзе). На сэсіі ў Вільні разглядаліся справы наступных ваяводзтваў: Віленскага, Троцкага, Полацкага і зямлі Жамойцкае. На разгляд справаў кожнага ваяводзтва празначаліся тры тыдні, і толькі справы Полацкага ваяводзтва разглядаліся ў працягу двух тыдняў. У Менску або Наваградку трыбунальская сэсія пачыналася цераз 22 тыдні пасьля Вялікадня, прычым справы кожнага ваяводзтва (менскага і наваградзкага) разглядаліся ў працягу трох тыдняў. Характэрна, што Літоўскі Трыбунал быў устаноўлены толькі для земляў этнаграфічнае Беларусі, бо зямля Жамойцкая (этнаграфічная Літва) мела свой асобны трыбунал у Росенях, аднак з яго не карысталася і ў 1588 годзе дабравольна паддала свае справы Літоўскаму трыбуналу (для земляў этнаграфічна ўкраінскіх быў устаноўлены асобны Трыбунал у Луцку). Гэткім парадкам зьнік асобны Трыбунал для Жамойцкае зямлі, каторая ад 1588 году пасылала сваіх трох дэпутатаў у Трыбунал Літоўскі. У сувязі з паўстаньнем Літоўскага Трыбуналу, Сапега ў 1616 годзе выдаў працу «А спосабе абароны трыбунальскіх правоў».
Выданьне Трэцяга Статуту і ўвядзеньне Трыбуналу былі першымі вялікімі крокамі Сапегі ў галіне ўпарадкаваньня ўнутраных адносінаў Вялікага Князьства. Наступнай галінаю ўнутранага жыцьця Вялікага Князьства, у каторай выявілася ня менш кіпучая дзейнасць Сапегі, была справа ўпарадкаваньня хаосу рэлігійных адносінаў, які паўстаў на Беларусі з хвілінаю ўвядзеньня царкоўнае вуніі 1595 году. На жаль, у гэтай галіне інгерэнцыя Сапегі ня мела вялікшых рэзультатаў, бо было шмат іншых дзейнікаў, параліжаваўшых шляхотныя імкненьні Сапегі. У дадатку Вялікі Канцлер зрабіў сам тут памылку, дапамагаючы вуніі ў часе яе тварэньня, хоць кіраваўся самымі шляхотнымі, як з пункту гледжаньня агульна-людзкага, так і інтарэсаў беларускага народу, думкамі. Памылку гэту Сапега пазьней сам зразумеў, вельмі яе жалеў, аднак паправіць яе, ня гледзячы на сваё жаданьне, ня мог. Усё-ж справа ўдзелу Сапегі ў рэлігійным жыцьці Вялікага Князьства мае для беларускае гісторыі вялізарнае значэньне, бо яна выясьняе ролю магутнае пастаці Сапегі ў ратаваньні сваей айчыны ад тае агоніі, у якой яна апынулася ў выніку бязупынна трываўшае рэлігійнае вайны між дзьвюма часткамі аднаго і таго-ж народу.
Читать дальше