Гэтая роля Сапегі ўвідочніца лепш на агульным фоне тагачасных рэлігійных адносінаў у Эўропе і Вялікім Князьстве Літоўскім, дзеля чаго і трэба ўдзяліць крыху месца дзеля намаляваньня гэтага фону.
Што рэлігійная проблема ня толькі ў сярэднявеччы, але і ў новыя вякі адыгрывала вялікую ролю ў жыцьці народаў Эўропы, а ў тым ліку і беларускага народу, — факт знаны. Аднак, калі ў сярэднявеччы рэлігія займала домінуючае палажэньне ў параўнаньні з дзяржаўнымі інтарэсамі паасобных краін і народаў, дык у новыя вякі скончылася служэньне паасобных нацыяў інтарэсам рэлігіі, і амаль ува ўсей Эўропе пачалося імкненьне да падпарадкаваньня рэлігіі інтарэсам народным або дзяржаўным. Пачаліся запраўдныя войны з універсальным каталіцкім касьцёлам, ведзеныя ў імя пагарджаных дагэтуль нацыянальных ідэалаў.
Аднак, гэтыя войны не аслаблялі значэньня рэлігіі, як магутнага дзейніка духовае культуры. Дык зусім натуральна, што ў новыя вякі — эпоху крысталізацыі паасобных нацыянальнасьцяў у сяньняшнім разуменьні гэтага слова, нацыянальнасьцяў, каторыя стаўлялі сабе азначаныя мэты і да зьдзейсьненьня іх імкнуліся перадусім, — у палітычных павадыроў гэтых нацыянальнасьцяў выяўляецца імкненьне да выкарыстаньня рэлігіі дзеля нацыянальнага ўсьведамленьня і аб'яднаньня народаў. Амаль у кожнай дзяржаве, збудаванай на прынцыпе нацыянальнае адзінасьці, пачаліся спробы нацыяналізаваньня касьцёлу. Часамі ролю нацыянальнага касьцёлу адыгравала новае веравызнаньне; часамі — тое-ж рымскае каталіцтва, ня гледзячы на свой унівэрсалізм. Апошняе мела месца, да прыкладу, у Польшчы. Даволі сягнуць да гісторыі Польшчы і прыпомніць сабе тое значэньне ў аформленьні нацыянальнага ўсьведамленьня польскага народу, якое згуляла рымскае каталіцтва, стаўшыся, пасьля барацьбы з рэфармацыяй, запраўднай польскай нацыянальнай рэлігіяй. Хопіць спыніцца над жыцьцём і дзейнасьцю выдатнага польскага ксяндза-патрыёты Пятра Скаргі, каб зразумець, як гэты прадстаўнік польскага нацыянальнага касьцёлу цесна лучыў пытаньні нацыянальныя з інтарэсамі рэлігіі. Лучэньне гэтае ішло так далёка, што — паводле Скаргі — у межах даўнае Рэчыпаспалітае кожны паляк павінен быў быць каталіком і — наадварот. I хоць Скарга не абараніў Польшчы ад пазьнейшых разьдзелаў, аднак ягоны ўплыў на выпрацоўку польскага нацыянальнага сьветапагляду быў колёсальны. А вядома, што рымска-каталіцкі касьцёл у Польшчы, як касьцёл нацыянальны, меў многа другіх прадстаўнікоў, каторыя падобна Скарзе, хоць з меншым красамоўствам і слабейшай аргумэнтацыяй, будзілі ў польскім народзе пачуцьцё ўласнае годнасьці, патрыятызму, але побач з гэтым і рэлігійны фанатызм дый нетолеранцыю да інакш веруючых. Калі-ж яшчэ ўзяць пад увагу глыбокую рэлігійнасьць польскага народу, дык ясным станецца значэньне, якое мела выкарыстаньне ўплываў рымска-каталіцкае веры ў кірунку паглыбленьня польскіх нацыянальных ідэалаў.
Умовы рэлігійнага жыцьця на Беларусі склаліся зусім інакш, чымся ў другіх народаў Эўропы, патрапіўшых стварыць свае нацыянальныя касьцёлы. На Беларусі адразу выступілі адна проці аднае дзьве магутныя рэлігійныя сілы — усходняя праваслаўная царква і заходні рымска-каталіцкі касьцёл. Найменшае іскры было даволі, каб паміж імі пачалося змаганьне не на жыцьцё, а на сьмерць. Аднак, палітычныя абставіны на Беларусі злажыліся гэтак, што гэнае іскры ня было аж да 1595 году. Да гэтага часу рэлігійнае жыцьцё беларускага народу аформілася перадусім у рэлігійнай толеранцыі, самай шырокай і шляхотнай, якая калі-колечы была ведама цывілізаваным народам. Прыпомнім сабе, што ў тыя часы, калі на Захадзе адбываліся бартламееўскія ночы і рэлігійныя войны, калі Пётр Скарга шырыў у суседняй краіне глыбокую нетолеранцыю і ненавісьць да інакш веруючых, на Беларусі шляхта і перадусім магнаты, бяз розьніцы рэлігійных перакананьняў, уласным коштам будавалі сьвятыні розных вераў і, уміраючы, адказывалі на іх карысьць маемасьці. Багаты каталік будаваў і абдорываў ня толькі касьцёлы, але і цэрквы, праваслаўны — ня толькі цэрквы, але і касьцёлы. Аб гэтым сьведчаць захаваныя ў множстве да сяньняшняга дня тэстамэнты з тых часоў. У духу гэтакай рэлігійнай толеранцыі ўзгадаваліся найвыдатнейшыя прадстаўнікі беларускага народу, у іх ліку — і Леў Сапега. I толькі гэтай атмасфэрай рэлігійнае цярпімасьці можна вытлумачыць тую нязвычайную ў разгляданую эпоху, ня маючую сабе роўнай, шляхотнасьць паглядаў на рэлігійныя проблемы Льва Сапегі. Як убачым ніжэй, думкі выказаныя Львом Сапегай у рэлігійных пытаньнях, знайшлі сваё аформленьне і здабылі права на існаваньне пасьля нязьлічоных людзкіх ахвяраў толькі ў XIX ст.
Читать дальше